Гранитный ангел в Белыничах из рук могилевчанина Александра Минькова

«Яна аберагае наш свет»

Храм Маці Божай Бялыніцкай цяпер ахоўвае новая асвечаная кампазіцыя ў бронзе і граніце скульптара з Магілёва Аляксандра Мінькова

«З’яўленне іконы» — так называецца кампазіцыя з анёлам і апякункай тутэйшых мясцін Маці Божай Бялыніцкай. Акурат ля храма, аднайменнага з самай паважанай у гэтых краях святой, яна і размясцілася. На пастамент умацавана ў жніўні, але ўрачыста адкрыта будзе менавіта заўтра — на Дні беларускага пісьменства. З сям’ёй на імпрэзу прыедзе аўтар — магілёўскі скульптар Аляксандр МІНЬКОЎ. Для чытачоў «СГ» ён адказвае на некалькі пытанняў.


— Крылы анёла нібыта выразаны ў форме выцінанкі. Гэтая справа простая на паперы, але не на граніце. Адкуль узнікла задумка кампазіцыі, у цэнтры якой бронзавая ікона?

— Рэлігійны змест вядома адкуль павёўся, калі падчас белых начэй з’явілася ззянне ад іконы Маці Божай Бялыніцкай. Таму яе і ўвекавечылі ў бронзе і граніце. Ікона важыць 75 кілаграмаў, уся канструкцыя — каля дзвюх з паловай тон. У цэлым вельмі сімвалічна ўспрымаецца: анёл трымае ў сваіх руках гэты магутны абраз. Чаму выцінанка? Да Новага года, Каляд для ўпрыгожвання шыб звычайна выра­заюць сняжынкі і анёлаў, якія і сталі для мяне стылізаваным правобразам. Складанасць увасаблення заключалася хіба ў тым, што выразаць прыйшлося з каменю, а не з паперы. Наогул, бронза і граніт у спалучэнні заўсёды глядзяцца вельмі выгадна. На працу спатрэбіўся месяц.


— Наколькі ведаю, падобных кампазіцый нідзе няма. Вядома, што паспець прыйшлося ў сціслы тэрмін, ідэю ініцыявалі самі. Заўтра работу ацэняць тысячы чалавек, а пакуль спытаю: ці падабаецца яна вам самому?

— Цалкам задаволены. Да таго ж прыемна бачыць рэалізаваны праект, які нядаўна быў хіба што ў думках і на эскізах. Сілы патрачаны з плёнам. Думаю, народ падзеліць са мной радасць. Няхай апякунка зямлі бялыніцкай у гранітных анёльскіх крылах вечна аберагае наш свет!

— Якімі працамі яшчэ ганарыцеся?

— Гэта мой першы сур’ёзны аб’ект. Чакаю заўтрашняга дня, ўжо падрыхтаваў святочную прамову. Да гэтага майстраваў помнік ахвярам псіхіятрычнай бальніцы ў Магілёве, якіх забілі нацысты падчас Вялікай Айчыннай вайны. Штогод, акрамя асноўнай працы, праяўляю сябе ў творчасці. Гэта дазваляе рухацца наперад, не дае расслабляцца і сумаваць.

Фото БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter