Яна абавязкова вернецца

Давялося выпадкова стаць сведкам такой сцэны ў адной з арганізацый Верхнядзвінска. Заглядвае ў кабінет да супрацоўнікаў паштальён з даволі аб’ёмнай сумкай карэспандэнцыі, аддае газеты і прапануе працягнуць, хто не паспеў, падпіску на другі квартал. А яшчэ аформіць на новыя выданні, у тым ліку на «Сельскую газету». 


Адзін малады чалавек на гэты конт запярэчыў:

— Гэта ж газета для вёскі! Пра што нам, гараджанам, у ёй чытаць?

— Ну не скажыце, — мягка не пагадзілася паштальён. — Яна якраз падымае самыя розныя тэмы, якія хвалююць не толькі сяльчан, але і гараджан. Вось вы дзе думаеце адпачываць сёлета?

— Хацеў махнуць да мора ў Егіпет, але куды цяпер?..

— Не так усё і кепска. Вось, напрыклад, тая ж «Сельская газета» за 24 сакавіка ў спецыяльным тэматычным укладышы «Сядзіба» ў артыкуле «Мора замяняе Нарач і Ельня» расказвае, што адпачынак можна цудоўна правесці і ў нашай краіне. Толькі летась на Нарачы пабывала 100 тысяч чалавек.

Знаёмімся. Ірына Харытановіч. Сама родам з Верхнядзвінска. Жыццёвы шлях пачынала на педагагічнай ніве, выхавальніцай у дзіцячым садку Наваполацка, але пасля, калі спатрэбіўся догляд за хворай маці, вярнулася ў Верхнядзвінск. Уладкавалася на работу ў цех электрасувязі, дзе адпрацавала два дзесяцігоддзі. І вось пяць гадоў як паштальён участка паштовай сувязі Верхнядзвінск Полацкага рэгіянальнанага вузла паштовай сувязі.

Адной з галоўных сваіх задач лічыць падпіску на перыядычныя выданні: 

— Людзі «ўляглі« ў інтэрнэт. Асабліва моладзь. Але тлумачу ім: там далёка не ўсё можна знайсці, што ў газетах надрукавана. Ды і няма глыбіні ў артыкулах.

Ёсць у Ірыны Харытановіч і няштатныя памочнікі ў падпісцы. Так, тая ж Люцыя Грэсько з аддзела раслінаводства ўпраўлення райвыканкама — даўні сябра «СГ». Між іншым і сама Ірына выпісвае газету, прачытвае яе, а з найбольш цікавымі артыкуламі знаёміць лю­дзей свайго абходу, у якім звыш дзясятка вуліц райцэнтра, некалькі прадпрыемстваў і арганізацый.

— Вы прыйдзеце да таго маладога чалавека, каб падпісаўся на «Сельскую газету»? — цікаўлюся на развітанне.

— Абавязкова! — закідвае на плячо сумку паштальёна Ірына Харытановіч.

saulich@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter