В Пересеке открыли барельеф всемирно известному фотографу Яну Булгаку

Ян Булгак вярнуўся ў Пярэсеку

Абсаджаная старымі дрэвамі алея на ўскрайку прысталічнай вёскі Пярэсека вядзе да ціхай сядзібы. Тут стагоддзе таму ўладарыла сям’я Яна Булгака. Залатой восенню, калі дол усцілаў пярэсты дыван лістоты, малады гаспадар любіў гуляць. А калі яго жонцы Хрысціне ў 1905 годзе падарылі прымітыўны фотаапарат, гэтую алею Ян увекавечыў у сваіх першых здымках. 

Ажывіўся гасцямі гэты чароўны куточак у мінулы выхадны дзень. «Крупіцкія музыкі» пералівамі народных мелодый сустракалі гасцей, што прыехалі з розных куткоў Беларусі на адкрыццё мемарыяльнай дошкі першаму беларускаму гісторыку фатаграфіі Яну Булгаку. Спевамі вітаў прысутных тэатр фальклора «Беларуская хатка». Вядучыя імпрэзы дырэктар Чурылавіцкага сельскага Дома культуры Алена Гадалава і балетмайстар Мікалай Котаў узгадалі пра творчы шлях выбітнага беларуса.


ЗНАЧНУЮ частку фотаздымкаў Ян Булгак прысвяціў Навагрудчыне, дзе прайшлі яго дзяцінства, і гораду Вільні. Па запрашэнні гарадскіх улад ён працаваў у сталіцы прафесійным фатографам. Менавіта там праявіліся яго фенаменальныя здольнасці. 

Творчасць нашага земляка — частка супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы. Ён удзельнічаў у 174 міжнародных фотавыставах. У 1910 годзе ўпершыню прыняў удзел на сусветнай выставе ў Бруселі. Перапісваўся з парыжскім фотаклубам і вядомым французскім фатографам Канстанцінам Пуё. А ў 1911-м свае фотаздымкі дэманстраваў жыхарам Мінска. На фотаконкурсе ў Антверпене яго мастацкія фотапартрэты журы адзна­чыла ганаровым дыпломам. 

За фотаздымак «Радасць жыцця», на якім адлюстраваны заценены пакой з пранікаючымі ў яго промнямі сонца, атрымаў узнагароду ў Міжнародным фотасалоне ў Варшаве ў 1937 годзе. 

Акрамя заняткаў фатаграфіяй, Ян Булгак даследаваў беларускі фальклор, краязнаўства, творчасць мастака Фердынанда Рушыца. Старшыня Рэспубліканскага аддзялення грамадскага аб’яднання «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў» дацэнт БДУ Ірына Багдановіч пераклала з польскай мовы на беларускую ўрывак з паэмы «Мая зямля» Яна Булгака і зачытала яго.

Доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч зазначыў, што беларуская зямля — донар сусветнай культуры. Нашы геніяльныя творцы Адам Міцкевіч, Напалеон Орда, Станіслаў Манюшка, Ігнацій Дамейка ўвайшлі ў сусветную гісторыю. Ян Булгак у сваёй асобе яднае беларусаў, палякаў і літоўцаў. Хочацца спадзявацца, будзе зняты фільм пра яго і напісана кніга. 

Старшыня Міханавіцкага сельвыканкама Святлана ДАВАЛЬЦОВА і прадпрымальнік Франц ЖЫЛКА садзяць дубок на сядзібе Яна Булгака.

Старшыня Фонда культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкi выказаў спадзяванне, што на сядзібе Яна Булгака ў мінскай вёсцы Пярэсецы з часам прыме наведвальнікаў музей таленавітага творцы. Сродкі на аднаўленне мемарыяльнага падворка і ўсталяванне валуна з барэльефам слыннага беларуса выдзеліў сталічны прадпрымальнік Франц Жылка. На сваёй малой радзіме ў смаргонскім аграгарадку Жодзішкі ён аднавіў помнік гісторыка-культурнай спадчыны ХVIII стагоддзя — вадзяны млын. Стварыў у ім Музей хлеба і сялянскага побыту. Да гэтага ўнікальнага аб’екта пракладзены турыстычны маршрут.

Франц Балеслававіч збірае інфармацыю аб вадзяных млынах Беларусі. Ен перакананы, што без памяці былога няма будучага. Барэльеф Яна Булгака вырабляў і ўсталёўваў у валун скульптар Валерый Калясінскі. 

На ўрачыстасці выступалі старшыня Міханавіцкага сельсавета Святлана Давальцова, старшыня згуртавання нашчадкаў беларускай шляхты і дваранства Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі, краязнаўца, перакладчык Таццяна Кляшчонак.

Са словамі ўдзячнасці выступіла жыхарка вёскі Пярэсека Ірына Шабан. Продкі яе жылі побач з сядзібай Яна Булгака, які пасля вучобы ў Кракаўскім універсітэце на пачатку мінулага стагоддзя тут настаўнічаў. Так склаўся лёс, што пахаваны ён у сярэдзіне мінулага стагоддзя на варшаўскім цвінтары. Барэльефам вярнуўся слынны беларус у ціхі куточак, дзе ад яго дома засталіся падмуркі. 

Побач з велічным каменнем, у які ўсталяваны барэльеф, старшыня сельвыканкама Святлана Давальцова і мецэнат Франц Жылка пасадзілі чырвоны дубок. Вясною сюды вернуцца буслы, гняздо іх на высокім слупе падворка. На адноўленую сядзібу слыннага творцы Яна Булгака праляжа турыстычны маршрут.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара.

Мінскі раён.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter