Фокстрот и танго на праздниках, лаванда в огороде и коллекция одежды предков – чем живут люди в жизнерадостных деревнях Ямы, Шляпы, Утки, Любки на Вилейщине

Ямы, Шляпы, Уткi ды Любкi

Апошнім часам мне шанцуе на цікавыя падарожжы па Міншчыне. Ёсць у Вілейскім раёне ў накірунку да возера Нарач цэлы букет вёсак з незвычайнымі назвамі: Уткі, Ямы, Шляпы… Лёс іх з-за аддаленасці і балоцістай мясцовасці склаўся так, што яны сёння амаль нежылыя. Разам з Валянцінай Навасёлак, старшынёй Іжскага сельсавета, мы праехаліся па гэтых маляўнічых мясцінах, з цяжкiм пачуццём пазіраючы на зачыненыя хаты. Нічога дзіўнага: з’ехалі людзі на працу ў гарады, пераважна ў Маладзечна і Вілейку, а старыя пасыходзiлi з гэтага свету… У Ямах, дарэчы, усяго адзін чалавек жыве, але і гарадскія калі-нікалі да спакою і цішыні прыязджаюць. Але Валянціна Уладзіміраўна інтрыгуе мяне паездкай у суседнія Любкі. 

Палюбоўна і з весялосцю

— Чулі пра «Любкі-фэст»? Напрыканцы лета жыхары зрабілі выставу з сямейнымі фотаздымкамі і атрыбутамі сялянскага побыту. Моладзь з году ў год ладзіць вечарынкі з танцамі, вершамі, спевамі… У любецкіх, як мы іх называем, ёсць нават сваё поле духмянай лаванды. Пабачыце, як там цікава, — запрасiла Валянціна Навасёлак. 

Трэці год жыхары вёскі праводзяць свята на свежым паветры і запрашаюць да сябе гасцей.

Указальнікаў на Любкі няма, акрамя дарожнай шыльды з суседнiх Каралеўцаў, — Любкі-2. Але варта было б паставіць некалькі знакаў у розных напрамках, бо 43 двары для вёскі — гэта па цяперашнiм часе нямала, а пастаянных жыхароў тут каля двух-трох дзясяткаў. Летам колькасць любецкіх павялічваецца. А падчас свята вёску наведваюць каля сотні чалавек.

Ідзём да хаты Мікалая і Валянціны Кабак, дзе нас чакаюць тры іх унучкі: Ірына, Таццяна і Вольга. Малодшая праяўляе свой дзейны характар падчас прыездаў у Любкі, папулярызуе беларускую культуру ў сацсетках.

Рудавалосая прыгажуня запрашае ў бабуліну хату. Адразу відаць, дзяўчына шануе спадчыну сваіх прадзедаў: у хаце прыгажосць, чысціня, вышываныя ручнікі і пакрывалы на ложках. Вольга кіруе этнаграфічным клубам «Кола» на базе ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна», які збірае аматараў народнай культуры. Дзякуючы актыўнасці Вольгі і яе сясцёр можна да Любак рабіць турпаездкі, каб даведацца, чым жылі сяляне да пачатку эпохi ўрбанізацыі. Тым больш што па дарозе ў маляўнічую вёску можна звярнуць да капліцы Мікалая Цудатворца ў Каралеўцах і Іжскай царквы Святога Іосіфа, а таксама да месца бітвы паўстан-цаў 1863 года пад кіраўніцтвам Густава Чаховіча ва ўрочышча 

Біты Лог. Так што Любкі дакладна маюць агратурыстычны патэнцыял. Дзяўчына ўспамінае, як праводзіла тут дзяцінства: 

— Пасля смерці майго дзеда Мікалая Кабака яго жонку, маю бабулю Валянціну Кабак забрала да сябе мая маці Анастасія Трубач. Мы з бабуляй прыязджалі ў Любкі толькі на пабыўку — максімум на некалькі тыдняў. Ха-дзілі на танцы ў суседнія вёскi, а хацелася, каб у Любках былі свае танцы… Заўсёды са слязьмі на вачах пакідала гэтыя мясціны, недабыўшы, недагуляўшы. 

Дзякуючы Вользе танцы ў Любках усё ж такі з’явіліся. Яна дадае:

— У Любках трэці год ладзім пляцоўку для беларускіх танцаў і песень, якія мы напявалі з бабулямі: «Ай, у полі тры дубы», «Каліна-маліна», «Чаго ў лузе звяла» і іншых. На «Любкі-фэст» з’язджаецца моладзь, сем’і з дзеткамі, прыходзяць пагутарыць старыя…

Вольга дэманструе шынель пачатку XX стагоддзя з сядзібы МІХАЛЮКА — жыхара Любак

У артыстаў, дарэчы, ёсць для танцаў мабільны драўляны танцпол гурта народных танцораў Беларусі, які пабываў у розных кутках краіны. 

— Вольга разам са сваёй сям’ёй, бацькамі Іванам і Анастасіяй Трубач, валанцёрамі падрыхтавала свята вёскі на сур’ёзным узроўні, — заўважае Валянціна Навасёлак. — Да нас завіталі сталічныя гарманісты, вілейскія дудары з цымбалістамі, кларнетыст з Магілёва, скрыпачкі з Маладзечна і Ракава, капэла з Гродна. Да ночы тут спявалі, танцавалі, вершы чыталі. Музыкі гралі не шкадуючы сіл. Было так хораша!

Вёска са сваёй картай

Разгарнула каляровую карту вёскі. Склалі яе Палюшаныя — такую мянушку насілі дзяды Вольгі — дзякуючы падтрымцы старажылаў. Налічылі аж 76 хат з рэальнымі адрасамі і тымі, якія ўжо не існуюць, а ў спісах жыхароў пераважаюць тры прозвішчы: Кабак, Кунавіч і Шайко. Работа па аднаўленні карты сядзіб Любак уражвае, бо насупраць кожнага нумара хаты напісаны не толькі імёны гаспадароў, але і іх вясковыя мянушкі: Стэпка, Камендант, Базарыкі, Дзядзюшкі, Зайцава хата… Рыхтуецца да друку і другая карта — ваколіц Любак з веламаршрутамі, але яна пакуль у распрацоўцы.

Ажылі ў памяці сучаснікаў постаці продкаў, ды так ярка, што многія госці не маглі стрымаць слёз

Дзяўчына праводзіць нас да падворка свайго прадзеда Міхала Кабака, дзе размешчаны канюшня, пуня з сенам, дрывотня, паветка. Вольга прадэманстравала ўборы дзеда і бабулі, якія тыя апраналі на святы. Заслугоўвае ўвагі сплецены з лазы вялізны кошык мінулага стагоддзя — падарунак жыхара Любак Сяргея Плёскі, у якім вяскоўцы захоўвалі сала, каўбасы, сыры. 

Вольга кажа, што ў Любках да гэтага часу толькі адна бабуля трымае коз ды дзве сям’і — кароў. Але пажылым падтрымліваць вялікую гаспадарку ўжо не хапае сіл. Усе неабходныя прадукты можна зараз купіць у аўтакраме мясцовага райспажыўтаварыства. 

Ідзём глядзець агарод Палюшаных. Прастора дазваляе эксперыментаваць: Вольга высадзіла невялікую плантацыю лаванды і ў гэтым годзе дасадзіла яшчэ 40 кустоў. 

— А што можна з яе рабіць? — пытаю ў дзяўчыны. 

— Шмат чаго: мыла, сашэ, лікёры, букеты, масла. Але ўраджай трэба цярпліва чакаць. Толькі праз тры гады можна выкарыстоўваць лавандавыя кветкі і сцёблы, — тлумачыць яна.

Генадзь АРЛОВІЧ правёў да старога дуба, які памятае не адно пакаленне любецкіх

Любкі — ад дзеяслова «любіць»

Вёска Ямы атрымала назву з-за таго, што знаходзiлася ў нiзiне, Шляпы — верагодна, дзякуючы прозвiшчам першых жыхароў, заснавальнiкi Утак таксама выбралi для паселiшча балоцiстыя мясцiны, дзе гняздзiлiся балотныя птушкi. А вось мая першая версія пра прыгожую назву вёскі Любкi не пацвердзілася. Меркавала, што жыла тут калісьці прыгажуня па імені Любоў, да якой сваталiся ўсе мясцовыя хлопцы. Але Генадзь Іванавіч Арловіч, які тут нарадзіўся, упэўнены ў тым, што назва, хутчэй, пайшла ад панскага загаду, і расказаў наступную легенду: 

— Мой прадзед Ілья Аляксеевіч Кабак казаў, што калісьці ў аднаго пана парабак правініўся, «спраходзіў», як тады казалі. І вырашыў той адправіць яго ў рэкруты. А хлопец кажа пану: «Ты быў такі добры да мяне, паночку, давай абдымемся і пацалуемся на развітанне». Той нахіліўся, а парабак — цап яго за нос. Раззлаваўся пан і замест таго, каб у рэкруты яго аддаць, прывёз у гэтыя дзюны — мясцовасць тут вельмі пясчаная — і загадаў: «Любуй месца, якое хочаш, выбірай і жыві...» Так зладзiлася першая любецкая хата, а потым і іншыя людзi сюды прыехалі, аселі…

Любецкія заўсёды былі вясёлымі і гасціннымі людзьмі. На суседнім падвор’і Ермалая Кабака часцяком збіралася моладзь, бо некалі Кабакі першыя займелі электрагенератар, які працаваў на газе. Віктар Ермалаевіч Кабак спецыяльна вынес захаваную да гэтых дзён цяжкую рэліквію, каб нам паказаць.

Толькі адна бабуля ў вёсцы яшчэ трымае коз.

Па ўсёй сцяне хаты Кабака арганізавана выстава 50 фотаздымкаў з сямейных архіваў любецкіх. Кожны на хвілінку дакрануўся да сваіх каранёў. Цяпер выстава экспануецца ў іжскім Доме культуры.

Наступным летам Любкі будуць таксама збіраць сваіх жыхароў. Гэта стала слаўнай традыцыяй. Святочны праект — узор таго, як трэба шанаваць сваю малую радзіму, любіць яе ўсім сэрцам. І пакуль чуваць біццё ўлюбёных у гэтыя ваколіцы сэрцаў, шум народнага танца і шчырыя спевы, Любкам жыць…

shimuk@sb.by

Фота аўтара і з архiва Вольгi ТРУБАЧ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter