Ялiзава: усё пачынаецца з кахання

РАМАНТЫЧНАЯ гісторыя кахання заможнага памешчыка Незабытоўскага  і княгіні Елізаветы Велікапольскай на пачатку мінулага стагоддзя паса- дзейнічала з’яўленню на крутым беразе ракі Бярэзіны драўлянага цуда-палаца, а пазней і лесапільнага завода, які ў гонар фаварыткі атрымаў назву “Ялізава”. Выраблялі на ім нарыхтоўкі для паркету, фанеру, брускі для абшыўкі чыгуначных вагонаў, сасновыя дошкі і адпраўлялі ў заходнееўрапейскія краіны.



У прыбярэжных вёсках з чыстага пяску бярэзінскіх плёсаў здаўна выпальвалі шкло. Купцы Мерліс і Гольдберг побач з лесапільняй адкрылі гуту, на якой выраблялі бутэлькі, аконнае і лампавае шкло. Побач забудоўваўся рабочы пасёлак, у якім у першы год савецкай улады звыш ста дзяцей прыняла працоўная школа. Адкрыліся фельчарскі пункт і дзіцячы садзік. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю ў 1931 годзе чыгункі Магілёў—Асіповічы пасажырскія цягнікі спыняліся на мясцовай станцыі Свіслач. Пачала дзейнічаць электрастанцыя. Пашыралася вытворчасць на шклозаводзе, які атрымаў назву “Кастрычнік”. Звыш тысячы рабочых займаліся выпускам лампавага шкла, бутэлек, слоікаў, стаканаў, графінаў і іншых вырабаў.

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ворагі зруйнавалі пасёлак і завод. У баях за вызваленне Ялізава ад гітлераўцаў  загінула больш за паўтары сотні савецкіх воінаў, двое з якіх — Мікалай Рамашка і Сяргей Пяцелін — пасмяротна атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

Наладчык шклянога абсталявання Дзмітрый КАШКО.

З першых мірных дзён аднавілі вытворчасць. Сем’і рабочых перасяляліся з зямлянак у новыя дамы. Паспяхова развівалася вытворчая зона. Пасёлак, якому каля трох тысяч жыхароў, упрыгожвае левабярэжжа Бярэзіны. Гонар Ялізава — алімпійскія чэмпіёны па веславанні на каноэ-двойцы Аляксандр і Андрэй Багдановічы. Старэйшы з братоў Аляксандр прадстаўляе Асіповіцкі раён у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. 

Сучаснае жыццё цяжка ўявіць без шкла. З старажытных часоў людзі навучыліся вырабляць яго. Археолагі знаходзяць на раскопках гарадзішчаў шкляныя ўпрыгажэнні, фрагменты рознага посуду. Паселішчы з назвай Гута сведчаць пра рамяство далёкіх продкаў. Патрэбы рэспублікі ў шклопрадукцыі забяспечвалі некалькі прадпрыемстваў. Сярод іх і шклозавод у асіповіцкім пасёлку Ялізава, да якога вядуць розныя шляхі.

Кандыдат у майстры спорту вучаніца 7-га класа Аляксандра МАЖУГА.

З БАРЫСАВА і Бабруйска па рацэ курсіравалі цеплаходы. Праз чыгуначную станцыю Свіслач праходзяць пасажырскія цягнікі. Ёсць і аўтобусны маршрут з Асіповіч. У жывапісным кутку на крутым беразе ракі красуецца пасёлак, куды прывяла мяне чарговая вандроўка. Ад вадзіцеля легкавіка Вадзіма Альфяровіча па дарозе да Ялізава даведаўся, што ён працаваў на шклозаводзе, але з-за нізкіх заробкаў звольніўся. З жонкаю Інай выхоўваюць дваіх дзетак. Жывуць у аднапакаёвай бабулінай хатцы. Працаваў Вадзім у сталіцы, але з-за таго, што жонцы цяжка з дзецьмі, вярнуўся дамоў. На легкавіку возіць ветэрынарнага ўрача філіяла ААТ “Белшына” Ганну Лаўрушку. Былыя завадчане даглядаюць жывёлу на сучасным малочна-таварным комплексе, што за мястэчкам Свіслач. Папоўнілі яны і атрад механізатараў не толькі гэтай, але і іншых суседніх гаспадарак. 

Паўтары тысячы чалавек працавала на шклозаводзе, калі ён быў дзяржаўным. Два дзесяцігоддзі таму стаў сумесным закрытым акцыянерным таварыствам, у якім 65 працэнтаў акцый належаць аўстрыйскай кампаніі і 35 — Дзяржкаммаёмасці Беларусі. За гэты перыяд скарочана больш як тысяча рабочых. Людзі падаліся на расійскія будоўлі, хто ўладкаваўся ў Асіповічах, Бабруйску. Прадпрымальныя завялі свой бізнес. Мікалай Сінкевіч стварыў сетку магазінаў па продажы будаўнічых матэрыялаў, адкрыў станцыю тэхабслугоўвання аўтамабіляў. Аказваў фінансавую падтрымку дзіцячаму садку і сярэдняй школе. Цяпер яго справу працягвае сын Сяргей, які займеў сям’ю, збудаваў дом. 

Першая настаўніца алімпійскіх чэмпіёнаў Галіна АРАБЕЙ

АКРАМЯ працы, знайшлі дадатковую справу мясцовы сувязіст Мікалай Паўлаў і яго жонка. Пачыналі з развядзення трусоў. Амаль трыста галоў даглядалі, а потым заняліся развядзеннем нутрый. Таксама амаль тры сотні звяркоў было. З-за высокіх падаткаў адмовіліся ад гэтага занятку. Завялі буйную рагатую жывёлу. Амаль цэнтнер малака штодзённа надойваюць ад дзевяці кароў і прадаюць суседзям. Сын Андрэй дапамагае бацькам.

Зазірнулі з Мікалаем Анатольевічам на ферму. Па дарозе ён расказаў, як з маленькім сынам зайшоў у магазін і той папрасіў купіць цукерак, але грошай не было. 

Алімпійскія чэмпіёны 2008 года ў Пекіне па веславанні на каноэ-двойцы Андрэй і Аляксандр БАГДАНОВІЧЫ

— Аж праняло ад думкі, што здаровы, займаюся спортам, не п’ю, не куру, працую і не магу сыну купіць цукерак, — узгадваў Мікалай Паўлаў. — Падумаў, што няправільна жыву, і вырашыў завесці гаспадарку. Жонка ідэю не прыняла. Склаў два сваіх месячных заробкі і дзве бацькавыя пенсіі і купіў цялушачку, а потым і расцеленую карову. Яна не падпускала да сябе. Лажылася на зямлю, калі падыходзіў з даёнкай. Даводзілася лёжачы даіць. Паступова ўсё наладзілася. Малако ў першую чаргу даём сем’ям, дзе малыя дзеці. 

— А як доіце дзевяць кароў?

— Толькі ўручную. Дапамагае жонка. Яна гандлюе ў магазіне. І сын знаходзіць час, каб памагчы. Ён працуе грузчыкам. Малако імкнёмся аддаваць цёплым, пакуль яно больш карыснае. Пасля ахалоджвання адбываецца ферментацыя. Сырадой лечыць ад гніласных бактэрый.

Васіль АНАІЧ, Юрый БУРАК і брыгадзір чыгуначнікаў Мікалай БУШКОЎна рамонце пад’яздных пуцей да шклозавода

— Для ўтрымання такога гурту трэба шмат сена. Дзе назапашваеце?

— Наймаю мужыкоў, і ў пойме рэк Бярэзіны і Свіслачы косім травы. Раней купляў у гаспадарках, але там яно монакультурнае. У лугавым вялікі набор траў.

Ад гаспадарчай дзейнасці мацуецца сямейны бюджэт Паўлавых, і людзям карысць. Дзве каровы зімуе і ў Юрыя Няхая, які вярнуўся з расійскіх заробкаў. Купіў трактар, пабудаваў прасторны хлеў і плануе пашырыць гаспадарку. Вакол Ялізава шмат угоддзяў, дзе можна выпасаць жывёлу і кармы нарыхтоўваць.


Адміністрацыйны корпус шклозавода, 1960год

СТАРШЫНЯ Ялізаўскага сельсавета Аляксандр Ждановіч падтрымлівае ініцыятыўных гаспадароў. Першы год ён узначальвае мясцовую ўладу. Не хапала дзяржаўных сродкаў на завяршэнне газіфікацыі і пракладку цэнтральнага водаправода. Звярнуўся да людзей, і сабралі грошы. Чарговы клопат Аляксандра Віктаравіча — будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады. Спадзяецца на фінансавую падтрымку спонсараў, і ў першую чаргу шклозавода, які па аб’ёме вытворчасці самы буйны ў рэспубліцы. Але аб’яўлены банкрутам. За гэтым стаяць не толькі лічбы запазычанасці перад дзяржавай, ад дзейнасці градаўтваральнага прадпрыемства залежыць лёс пасёлка. Выканаўчы дырэктар Вадзім Сенкевіч і яго намеснік Вячаслаў Рыбак кіруюць калектывам.

З дыспетчарам Юрыем Ненадоўскім зазірнулі ў святая святых, дзе сучасныя апараты вараць шкло. У агромністым высокім будынку з аўтаматаў вылятаюць агнявыя слоікі і праз спецыяльныя камеры адпраўляюцца на канвеер для кантролю і ўпакоўкі. Тэмпературны рэжым і хімічны састаў адлюстроўваюцца на камп’ютарах. Майстар цэха выпрацоўкі шклотары Ігар Кухараў каардынуе тэхналагічны працэс. Наладчык шклянога абсталявання Дзмітрый Кашко лоўка выхоплівае палаючую шклянку і праз спецыяльныя акуляры аглядае. Настолькі дакладна адрэгулявана дзейнасць аўтамата, што браку амаль няма. У складскім памяшканні спакаваныя ў поліэтыленавую плёнку слоікі адгружаюцца спажыўцам. Гружаныя тарай фуры адпраўляюцца на кансервавыя заводы Беларусі і блізкага замежжа. Дзейнічае толькі адзін з пяці вытворчых цэхаў. 

МНОГІЯ выпускнікі мясцовай сярэдняй школы працягвалі справу бацькоў. Складваліся рабочыя дынастыі. Трыццаць пяць выхаванцаў настаўніка хіміі Аляксандра Быкава закончылі хімфак БДУ, і многія з іх сталі завадскімі спецыялістамі. Па-ранейшаму ў школе ёсць профільны клас па хіміі.

З дыпломам настаўніка хіміі вярнулася ў родную школу і цяпер узначальвае яе Ірына Бордусева. Ужо некалькі гадоў запар заўважна тэндэнцыя росту колькасці вучняў. Цяпер іх тут амаль тры сотні. Чысціня і парадак пануюць у прасторных светлых класах і калідорах трохпавярховага будынка. Выхаванцы забяспечваюцца двухразовым гарачым харчаваннем. Дзеці з малазабяспечаных сем’яў вызвалены ад аплаты за абеды. 

Амаль сорак гадоў пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута настаўнічае ў пачатковых класах Галіна Арабей, якая абагаціла вандроўку цікавымі сустрэчамі. Адна з іх — з ветэранам вайны і працы Станіславай Яўгенаўнай Кутнікавай. Дзяўчынкай змагалася яна з ворагам у партызанскім атрадзе Сумчанкі брыгады Каралёва, што дзейнічала ў левабярэжжы Бярэзіны. Пасля вайны да выхаду на пенсію працавала бухгалтарам ў мясцовым лясніцтве. Партрэт яе і мужа ўпрыгожваў раённую Дошку гонару. Лёс яе сям’і звязаны са шклозаводам. Станіслава Яўгенаўна спадзяецца на вяртанне прадпрыемству дзяржаўнага статусу, што дазволіць больш эфектыўна кіраваць ім. Амаль кожны, з кім давялося сустрэцца ў пасёлку, так разважае.  

Ветэран вайны і працы Станіслава КУТНІКАВА

— А які смачны хлеб выпякалі ў нас! — пачуў ад немаладых гадоў мужчыны каля газетнага кіёска.  — Закрылі пякарню. Здалёк возяць хлебабулачныя вырабы. Дзясятак рабочых месцаў страчана.

ПАМЯТАЮЦЬ смак ялізаўскага хлеба Людміла і Віктар Багдановічы, якія працуюць на шклозаводзе. Іх сынамі – алімпійскімі чэмпіёнамі па веславанні на каноэ-двойцы Аляксандрам і Андрэям Багдановічамі — ганарыцца Беларусь. Азы школьнай навукі хлопчыкі спасцігалі ў сваёй першай настаўніцы Галіны Арабей. Сусветна ўславілі Ялізава ў 2008 годзе на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Пачыналі спартыўную кар’еру ў Бабруйскім вучылішчы алімпійскага рэзерва, куды іх прывёў сябра Аляксандр Стальмакоў, які пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры вярнуўся дамоў і ўзначаліў Ялізаўскую спартыўную школу. Акрамя алімпійскіх узнагарод, браты Багдановічы неаднойчы пацвярджалі лідзэрства на іншых прэстыжных спартыўных спаборніцтвах.

Мінулай восенню землякі выбралі Аляксандра Віктаравіча дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ад Людмілы Альбінаўны, на аўтамашыне якой завяршалася ялізаўская вандроўка, пачуў, што Андрэй рыхтуецца да збораў у турэцкай Анталіі. Як выдаецца вольны час, імчаць сыны адведаць бацькоў, сябра Аляксандра Стальмакова, які выхоўвае новых чэмпіёнаў. Дзве групы хлопчыкаў і дзяўчынак займаецца ў яго. У сталічнае вучылішча алімпійскага рэзерву залічаны Дзяніс Калісенка і Даніла Спірідонаў. Кандыдатам у майстры спорту па адзіночным веславанні на байдарках стала вучаніца 7 класа Аляксандра Мажуга.

Амаль паўтара дзясятка гурткоў на розны густ дзейнічае ў Доме культуры. Каля сотні навучэнцаў у дзіцячай школе мастацтваў. Паўтара дзесяцігоддзя таму па ініцыятыве настаўніцы Святланы Скупановіч Ялізава ўпрыгожыў храм Раства Хрыстова. 

Урок біялогіі ў 11-м класе праводзіць настаўніца Алена БЯСЧАСНАЯ.

— Перспектывы ў пасёлка ёсць, — пераканана намеснік дырэктара сярэдняй школы Вольга Юшкевіч. — У нас цудоўныя мясціны для жыцця і працы. Любім і шануем свой куточак.

З ЛЮБВІ пачалася і гісторыя з’яўлення Ялізава. 

Сюды, у санаторый “Свіслач”, едуць не толькі паправіць фізічнае здароўе, але і душою адпачыць. У пасёлку павялічваецца колькасць маладых сем’яў. Цеснавата становіцца ў дзіцячым садзіку. Плануецца адкрыць новыя групы. Абнаўляецца школьны педагагічны калектыў. І сапраўды — пачынаецца ўсё з любві.

Асіповіцкі раён

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter