Ялізаўскія знаёмствы

Калі пакідаю гэты невялікі пасёлак, хачу вярнуцца ў яго зноў і зноў

Кожны раз, калі пакідаю гэты невялікі пасёлак, хачу вярнуцца ў яго зноў і зноў

Люблю бываць у рабочым пасёлку Ялізава, што ў Асіповіцкім раёне. Ёсць у ім нешта таямнічае, прыцягальнае: з трох бакоў яго — лес, а з чацвёртага — рака Бярэзіна. А яшчэ — роўненька расчэрчаныя вуліцы, пяці- і двухпавярховыя дамы ўздоўж галоўнай магістралі — чыгуначнай «сцежкі» Мінск — Магілёў, шмат прыватных сядзiб, будынак пасялковага Савета, Дом культуры, шклозавод…

Тысяча «я» шклозавода

У наступным годзе шклозавод Ялізава адзначыць свой 90-гадовы юбілей. Аднак на ўзрост і «самаадчуванне» асабліва скардзіцца не даводзіцца, бо на працягу ўсёй сваёй гісторыі завод падтрымліваў даволі высокі жыццёвы тонус. У даваенны час быў прадпрыемствам саюзнага значэння. Самы яго ўзлёт даводзіцца на сямідзясятыя—васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя. А затым... было падзенне. Працэсы пачатку дзевяностых не маглі не адбіцца: зменшыўся попыт на прадукцыю, востра паўсталі фінансавыя і іншыя праблемы.

Справамі прадпрыемства вымушана было заняцца кіраўніцтва краіны. У 2002 годзе тут пабываў кіраўнік дзяржавы, які даручыў ураду, адпаведным ведамствам ажывіць работу прадпрыемства. Дапамог у гэтай справе інвестар, аўстрыйская кампанія, сумесна з якой было створана акцыянернае таварыства «Шклозавод Ялізава». Ужо на першым этапе работы інвестару трэба было прыцягнуць на прадпрыемства каля дзесяці мільёнаў долараў, каб мадэрнізаваць вытворчасць, закупіць сучасную тэхніку і абсталяванне, павялічыўшы пры гэтым колькасць работнікаў да тысячы чалавек.

Зараз прадпрыемства — адно з самых сучасных не толькі ў рэспубліцы, але і ва ўсёй СНД. Асабліва набрала яно моцы пасля ўводу ў строй новай шкла-мыючай машыны, правядзення капітальнага рамонту шклаварнай печы, выканання іншых мерапрыемстваў. Штогод тут выпускаецца звыш 100 тысяч тон прадукцыі. Якасць ялізаўскіх вырабаў адпавядае самым высокім міжнародным стандартам.

Праекты Мікалая Сінькевіча

З Мікалаем Сінькевічам мне давялося пазнаёміцца шмат гадоў таму. І вось новая сустрэча. Мікалай Яфімавіч, як і раней, баявы і наступальны. Праўда, расказвае, ранейшую вытворчасць па вырабу чыпсаў перапрафіліраваў у іншую, па апрацоўцы драўніны. Таксама арганізаваў цэх па вырабу з бетону агароджаў, адкрыў аўтасервіснае абслугоўванне. Адзін жа з буйнейшых праектаў — сялянска-фермерская гаспадарка «Бярэзіна-Агра».

Сінькевіч з дзясятак гадоў таму пакінуў сталіцу і перабраўся на пастаяннае месца жыхарства ў Ялізава. Трывала асеў у гарадку, ужо сыны пажаніліся, сваю справу адкрылі. Цэлая гандлёвая сетка з чатырох магазінаў — іх.

Аднак Мікалая Сінькевіча вызначае тое, што ён заўжды гатовы падставіць сваё плячо пад грамадскія справы. На ўласныя сродкі ён набыў для пасялковай бальніцы машыну хуткай дапамогі, абсталяванне для дзіцячай пляцоўкі, дапамагаў фінансаваць будаўніцтва мясцовай царквы.

— Пашанцавала нам на гэтага чалавека, — кажуць у пасёлку, — а можа, яму на нас. Так ці інакш, у выйгрышы ўсе мы!

Энергетыка для алімпійскіх чэмпіёнаў

— Вунь пайшла маці алімпійскіх чэмпіёнаў па грэблі на байдарках Людміла Багдановіч, — паказвае мне на высокую статную жанчыну старшыня пассавета Алег Лук’яненка. — Яна такі заўзяты аматар спорту, валейболу, што яе добра ведаюць ва ўсім пасёлку.

Людміла Альбінаўна з дзяцінства захапілася валейболам, выступала за зборную школы, потым за шклозавод, пасёлак Ялізава. Згуртавала вакол сябе такіх жа, як сама, энтузіястаў. У асноўным гэта таварышы па працы: Надзея Сасім, Наталля Бурак, Алена Сасім, Святлана Пархімчык… Каб падтрымліваць спартыўную форму, тры разы на тыдні праводзяць трэніроўкі. Прымаюць удзел у разнастайных спаборніцтвах. Каманду Ялізава ведаюць не толькі ў раёне, але і ў вобласці, рэспубліцы.

— Сыны, — расказвае Люд-міла Альбінаўна, — бачачы мае такія захапленні, кажуць: «Мама, паглядзі ў свой пашпарт...» — Няма калі, дзеці, — адказваю. — Вось калі з праўнукам буду (унук ужо ў мяне ёсць), тады і здаволюся сваім заняткам.

Глыток радзімы

І яшчэ пра адну сустрэчу хацелася б расказаць — сустрэчу з амерыканцам Станіславам Малішэўскім. Якія шляхі-дарогі прывялі яго ў Ялізава? Справа ў тым, што да вайны яго бацька (пасля ён з’ехаў у Польшчу, затым Амерыку) працаваў на шклозаво-дзе. І сыну цікава было пабываць на гэтым прадпрыемстве. У даваенны час на заводзе працавала звыш 1000 чалавек, для іх быў збудаваны інтэрнат, у якім жыў і бацька Станіслава. Як той расказваў, адпачываць ездзілі ва ўрочышчы Глінішча, Абрубель, рыбачылі на Бярэзіне.

І мы бачылі, як ірваўся Ста-ніслаў пахадзіць па згаданых мясцінах, адчуць мінулае і сучаснае, не саромеўся пачуццяў...

— Я ўжо другі раз у Ялізаве, — казаў, — буду і яшчэ. Прыеду з жонкай, дзецьмі. Радзіма маіх бацькоў — мая радзіма, хочацца яе слухаць, адчуваць, сэрцам успрымаць!

* * *

Не магу не ўзгадаць і старшыню пассавета Алега Лук’яненку, былога ўчастковага інспектара ў пасёлку. Чалавек ён адказны, добры гаспадар. Пасялкоўцы нядоўга думалі — выбралі Алега Мікалаевіча кіраўніком мясцовага органа ўлады. І, мяркуючы па ўсім, не памыліліся. Пры ім разгарнулася добраўпарадкаванне, заасфальтаваны вуліцы, устаноўлены акуратныя жалезабетонныя агароджы, вядуцца работы па забеспячэнні блакітным палівам усіх жыхароў пасёлка.

— У нас упершыню за многія гады здадзены ў эксплуатацыю шматкватэрны дом, — дзяліўся навіной Алег Мікалаевіч. — Колькасць жыхароў у пасёлку павялічылася, і мы будзем усё рабіць, каб па-новаму ад-крыць яго і для сябе, і для ўсіх, хто будзе сюды прыязджаць. Каб жыццё тут было цікавым і прыцягальным!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter