Якуб Колас у фотааб’ектыве сына Міхася: невядомыя фотаздымкі класіка


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстаўка, прысвечаная малодшаму сыну Якуба Коласа Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу. На 25-годдзе з дня нараджэння сыну Міхасю яго бацька Якуб Колас пажадаў, каб гэта было толькі ¼ яго жыцця. Міхасю Канстанцінавічу заставалася зусім мала, каб спраўдзіць пажаданне бацькі, яго не стала ў маі 2020 года на 95-м годзе жыцця. 

Якуб Колас з сынам Міхасём. 1930 г.

У кнізе ўспамінаў «Пад бацькоўскім дахам» Міхась Канстанцінавіч пісаў: «Для мяне Якуб Колас быў самым звычайным бацькам – клапатлівым, ураўнаважаным, добрым. Мне, канешне, як самаму меньшаму больш пашанцавала, больш дасталася ўвагі, чым старэйшым братам». Калі ў сям’і Якуба Коласа нарадзіўся трэці сын Міхась, паэту ішоў 44 год, а двое старэйшых дзяцей былі ўжо досыць вялікімі – Данілу споўнілася 11, а Юрку 8 гадоў. 

Якуб Колас з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай і сынамі Юркам, Міхасём і Данілам.1928 г. 

Міхасю больш за братоў пашчасціла і на вершаваныя радкі ад бацькі, ён не толькі стаў галоўным героем паэмы «Міхасёвы прыгоды», яму таксама прысвечаны і некалькі вершаў: «Рагатка», «Дронік», «Не тужы», «Сыну», «Міхасю», «…Адстану я, і час разлукі». У адным з іх Якуб Колас напісаў наступныя радкі, адрасаваныя Міхасю:

Абнімаю цябе я, мой сыне,

Да гарачага сэрца тулю.

Дык расці ж нам на радасць, краіне,

Каб праславіў ты нашу зямлю.

Пажаданне знакамітага бацькі Міхась Канстанцінавіч спраўдзіў, ён не хаваўся за яго постаццю, ганарыўся сваімі каранямі, але быў вельмі сціплым, імкнуўся дасягнуць поспехаў сваімі ўласнымі сіламі. Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч стаў вядомым беларускім вучоным, доктарам тэхнічных навук. У 1980-ым годзе за дасягненні ў галіне навукі Міхась Міцкевіч быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Ён аўтар звыш 180 навуковых  публікацый, мае 30 патэнтаў і вынаходніцтваў. Міхась Міцкевіч вядомы сваімі дасягненнямі не толькі ў  галіне навукі, але і ў спорце. Ён – майстар спорта па стэндавай стральбе, мае шматлікія ўзнагароды рэспубліканскага і міжнароднага маштабу.

Міхась Канстанцінавіч зрабіў вельмі многа ў справе папулярызацыі жыцця і творчасці Якуба Коласа, ён вёў актыўную грамадскую дзейнасць, часта выступаў на імпрэзах з успамінамі пра свайго бацьку, быў выдатным дэкламатарам яго твораў. Міхась Міцкевіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў і публікацый, якія выходзілі ў перыядычным друку: «Кроплі і слёзы Якуба Коласа», «Песні ў доме Коласа» і іншых. Ён аўтар успамінаў пра Якуба Коласа, якія выйшлі ў кнізе «Пад бацькоўскім дахам», укладальнік кнігі, якая выйшла да 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі «Якуб Колас: у думках, у сэрцах, у песнях», аўтар успамінаў пра брата Юрыя Міцкевіча, якія выйшлі ў кнізе «Апалены золак», член рэдакцыйнай калегіі Збора твораў Якуба Коласа ў дваццаці тамах. У апошнія месяцы свайго жыцця Міхась Канстанцінавіч працаваў над успамінамі аб сваёй маці, жонцы Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўне, якія ў гэтым годзе павінны выйсці ў кнізе, падрыхтаванай да 130-годдзя з дня яе нараджэння. За сваю плённую дзейнасць Міхась Міцкевіч узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» за добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё навуковага коласазнаўства і прапаганду творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. 

Любімым заняткам Міхася Міцкевіча была і аматарская фатаграфія.

Міхась Міцкевіч на радзіме Якуба Коласа ў Альбуці. 1992 г.

 Выстаўкі фотаздымкаў Міхася Міцкевіча некалькі разоў праходзілі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Яго фотаздымкі таксама ўпрыгожваюць экспазіцыю «Якуб Колас: прырода і людзі роднага краю» ў Мар’інай Горцы. 

У аб’ектыў Міхася Міцкевіча трапілі не толькі родныя і знаёмыя сям’і Якуба Коласа, яго пісьменніцкае акружэнне, але і сам Якуб Колас, які, дарэчы, не вельмі любіў фатаграфавацца. Удала злоўлены момант і на плёнцы назаўсёды захаваўся воблік Якуба Коласа. Паэт трымае ў руцэ спелыя каласкі жыта, якое вырасціў на сваёй сядзібе ў Мінску. 

Якуб Колас на сваёй сядзібе ў Мінску.

Трошкі сумным, нават разгубленым, атрымаўся паэт на фоне бярозкі, якую пасадзіў каля свайго дома ў гонар жонкі Марыі Дзмітрыеўны, якой не стала ў маі 1945. Ёй не давялося вярнуцца ў Мінск пасля эвакуацыі пад час Вялікай Айчыннай вайны. Напэўна, адзін з нямногіх здымкаў, калі Коласа можна ўбачыць з узнагародамі, якія ён атрымаў за сваю плённю літаратурную дзейнасць. 

Якуб Колас у садзе каля свайго дома. 1952 г.

 Уражвае строгі, пільны позірк цёмных вачэй на адным з партрэтных здымкаў бацькі і зусім іншы, задуменны погляд на другім. 


1956 г.


А чаго варты фотаздымкак Якуба Коласа ў вайсковай форме сябра сям’і Віталя Усцінавіча Філіповіча! «Генералісімус беларускай літаратуры» – так у жарт падпісаў яго Міхась. 

Якуб Колас на ганку свайго дома ў вайсковай форме сябра сям'і В.Філіповіча.

 Асабліва цёплымі атрымаліся у Міхася Міцкевіча фотаздымкі бацькі ў сямейным коле.

Якуб Колас з нявесткай Наталляй і унукам Сяргеем.

Якуб Колас сядзіць побоч з нявесткай Наталляй, якая трымае першага ўнука Сяргея. Гэты фотаздымак прадстаўлены ўпершыню і хоць якасць яго не вельмі добрая, але ж разглядзець задаволены твар паэта ўсё-такі можна. На памяць засталіся  і іншыя здымкі жонкі Міхася Канстанцінавіча Наталлі Міцкевіч побач са свёкрам, а таксама фота яе бацькі, вядомага дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра з Коласам і іх агульным унукам Сяргеем. 

Якуб Колас з нявесткай Наталляй. 1955 г. 

Янка Маўр  і Якуб Колас з агульным унукам Сяргеем.

 У фотааб’ектыў Міхася Міцкевіча вельмі часта траплялі ўнукі народнага паэта, захавалася фота, на якім Якуб Колас сядзіць на сваёй любімай лавачцы пад вязам разам з унукам Андрэем.

Якуб Колас з унукам Андрэем на сядзібе паэта.

А вось і яшчэ адно – шкоднікі дзедавага жыта, унукі Якуба Коласа Марыя і Андрэй.

Шкоднікі дзедавага жыта.

 У сямейным архіве Міхася Міцкевіча захаваліся фотаздымкі Якуба Коласа падчас яго адпачынку на прыродзе – паэт купаецца ў рацэ, ляжыць на жоўценькім пясочку, апранаецца пасля празрыстых вод роднага Нёмана.



Якуб Колас і Ігнат Юр'евіч Міцкевіч.1946 г. 

А вось – «міністр грыбной гаспадаркі», так жартоўна называлі самаго Якуба Коласа, з задавальненнем трымае ў руцэ свае лясныя знаходкі. 


Такім Якуба Коласа яшчэ ніхто не бачыў!!! Такім на памяць вобраз народнага паэта змог захаваць фотааб’ектыў яго малодшага сына Міхася.

 Фотаработы Міхася Міцкевіча разам з цікавымі матэрыяламі з фондаў музея і сямейнага архіва нашчадкаў можна ўбачыць на выстаўцы ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. 

Васіліна Міцкевіч, праўнучка Якуба Коласа, галоўны захавальнік фондаў  Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter