«Якуб Колас. Чалавек. Эпоха. Час»

У Мінску пройдзе свята і канферэнцыя да 130-годдзя Якуба Коласа

Літаратурнае свята і навуковая канферэнцыя, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, пройдуць у Мінску

Урачыстае адкрыццё «Каласавін» адбудзецца 1 лістапада ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі песняра. За круглым сталом збяруцца каля двух дзясяткаў кіраўнікоў арганізацый культуры, дзяржаўных бібліятэк, музеяў сістэмы адукацыі, якія носяць імя Якуба Коласа, каб абмеркаваць актуальныя пытанні папулярызацыі творчай спадчыны народнага паэта Беларусі сярод вучнёўскай моладзі. Падобнае пасяджэнне ладзіцца музеем упершыню і збярэ прадстаўнікоў з розных рэгіёнаў краіны.

У XXVІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Якуб Колас. Чалавек. Эпоха. Час» будуць удзельнічаць госці з Расіі і Украіны. Яна пачне сваю работу 2 лістапада. Запрошаны спецыялісты ў сферы коласазнаўства, музейнай справы, гісторыі беларускай літаратуры ХІХ—ХХ стагоддзяў, архівісты, журналісты, культуролагі. Заяўлена 52 выступленні. Разам з аналізам творчасці народнага паэта, яго ролі ў станаўленні, развіцці беларускай літаратуры і шматлікіх галін культуры гаворка пойдзе таксама пра творчую пераемнасць коласаўскай традыцыі ў сучаснай беларускай літаратуры, пра ўспрыняцце творчай спадчыны песняра замежнымі чытачамі, пра новыя звесткі аб дабрачыннай дзейнасці Якуба Коласа перыяду 1941—1956 гадоў, пра фарміраванне сродкамі IT-тэхналогій новых музейных брэндаў, звязаных з імем народнага паэта.

Па выніках працы канферэнцыі мяркуецца выдаць зборнік матэрыялаў «Каласавіны».

Трэцяга лістапада, традыцыйна ў дзень нараджэння песняра, адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка Якубу Коласу на плошчы яго імя ў Мінску. Аддаць даніну павагі і ўшанаваць памяць пра народнага паэта збяруцца дзеячы культуры і мастацтва, творчыя калектывы, пісьменнікі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter