У гэтым сезоне на “Камароўцы” былі забракаваныя ўсяго дзве партыі грыбоў, а з ягадамі праблем пакуль не ўзнікала

Якога поля ягада

На Камароўскім рынку з раніцы шматлюдна: гараджане спяшаюцца закупіцца свежымі ягадамі і пакуль што рэдкімі грыбамі. Лісічкі, буякі, чарніцы, парэчкі, маліны — вочы разбягаюцца, а гандляры не перастаюць нахвальваць сваю прадукцыю. «Чысценькія ягадкі! Вазьміце шкляначку!» — гучыць чарговая прапанова. У чысціні прадукту сумнявацца на рынку не прыходзіцца — пра гэта паклапаціліся работнікі лабараторыі № 4. Карэспандэнт «Р» праверыла партыю чарніц на наяўнасць радыенуклідаў і даведалася, колькі грыбоў і ягад забракавалі ў гэтым сезоне.

Лісічкі каштуюць пакуль што нятанна — каля 20 рублёў за кілаграм.

Асартымент ягад на сезонным рынку ўражвае, а цэны не «кусаюцца». Літр чарніц прапануюць за 5—6 рублёў, буякоў — за 9 рублёў. Цана на апошнія пачала ўжо падаць — стартавала на буякі ў гэтым сезоне з 20 рублёў за літр. Зноў на прылаўках з'явіліся клубніцы: літр абыдзецца ў 6 рублёў. Парэчкі ў сярэднім па 2 рублі.

— А малін лясных не жадаеце? 5 рублёў за літр, — пытаецца прадавец Алёна са Смаргоні.

Грыбы трапляюцца на прылаўках рэдка. Мы бачылі толькі лісічкі, якія каштуюць пакуль што нятанна — каля 20 рублёў за кілаграм. Пару дзён таму, гавораць работнікі рынку, сустракаліся невялікія партыі чырвонагаловікаў. Чэрвень выдаўся сухім, таму і няшмат зараз грыбоў, тлумачыць Таццяна Маісеева, навуковы супрацоўнік Інстытута лесу Акадэміі навук:

— Калі захаваецца цёплае надвор'е і перыядычна будуць ісці дажджы, то грыбы зусім хутка пойдуць. Зараз яшчэ чакаць вялікіх ураджаяў ранавата, але ў жніўні—верасні павінна быць шмат грыбоў.

З кожнага вядзерца дарункаў лесу выглядвае талончык — адзнака аб тым, што прадукцыя прайшла праверку ў лабараторыі. Ён паказвае сапраўдную чысціню грыбоў ці ягад — наяўнасць у іх радыенуклідаў. Пакупнік можа заўсёды запатрабаваць вынік экспертызы. Дапушчальная норма цэзію для ягад складае 185 Бк/кг, для грыбоў — 370 Бк/кг. Такая праверка, без якой гандляваць на рынку нельга, абыдзецца прадаўцу ў 3,30 рубля за партыю да 10 кг. Калі ягад ці грыбоў менш за 5 кг, то заплаціць трэба 2,80 рубля. Кошт арэнды месца на Камароўскім рынку, дарэчы, невысокі: 3 рублі ў дзень. Бясплатна могуць гандляваць пенсіянеры, якія выстаўляюць на продаж невялікія партыі (да 20 кг) тавару са сваіх прысядзібных участкаў.

Урач-радыёлаг Юлія АБРАМЧУК правярае партыю чарніц на наяўнасць у іх радыенуклідаў.

Што ж, адправімся ў лабараторыю — там нас чакае партыя свежых чарніц, якія трэба праверыць. Зараз 11 гадзін, і чэргаў з прадаўцоў ужо няма. Яны імкнуцца атрымаць талон як мага раней і ўладкавацца за прылаўкамі з 9 гадзін, распавядае загадчыца лабараторыі Кацярына Дубікоўская:

— За гэты сезон усяго дзве партыі не прайшлі праверку. Гэта былі лісічкі. З ягадамі праблем ніякіх пакуль не ўзнікала.

Праверым гэтыя чарніцы. Працэс нам дэманструе ўрач-радыёлаг Юлія Абрамчук. Спачатку выбіраем пробу ад партыі — не менш за кілаграм. Ягады ўтрамбоўваюцца або здрабняюцца блендарам і кладуцца ў ёмістасць. Яна павінна быць запоўненая максімальна, інакш вымярэнне не дасць дакладных вынікаў. Далей чарніцы адпраўляюцца ў спецыяльны прыбор. Чакаць вердыкт нядоўга: усяго хвілін 10 — і на маніторы з’яўляецца лічбавае значэнне ўдзельнай актыўнасці радыенуклідаў цэзію-137. Чарніцы праверку прайшлі: прыбор паказаў усяго 23,4 Бк/кг. Між іншым, гандляры абавязаны прынесці ў лабараторыю ўсе грыбы і ягады, якія яны маюць намер прадаваць. Калі вынік перавышае норму, то прадукцыя ўтылізуецца ў іх прысутнасці.

Выйшла з рынку і звярнула ўвагу на некалькіх нелегальных прадаўцоў грыбоў і ягад каля ГЦ «Імпульс». Талона на чысціню прадукцыі ў іх не было. Стала цікава: наколькі адрозніваецца кошт правераных грыбоў і ягад ад тых, пра месца збору якіх можна толькі здагадвацца.

— Буякі — 8 рублёў за літр! — гучыць прапанова аднаго з прадаўцоў.

На чарніцы, маліну і лісічкі розніца таксама не перавышала аднаго-паўтара рубля. Дык ці варта рызыкаваць з-за неістотнай эканоміі?

Фота Аляксея ВЯЗМІЦІНАВА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter