Якiя гэта будуць днi!

У Акцябрскiм раёне пройдзе фестываль фальклорнага мастацтва «Берагiня»

Крыху больш за тыдзень засталося да пачатку VI рэспублiканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагiня», якi стаў вiзiтнай карткай Акцябрскага раёна

Сёлета фестываль пройдзе з 24-га па 27 чэрвеня. Арганiзатарамi яго з’яўляюцца мiнiстэрствы культуры i адукацыi, Гомельскi абласны i Акцябрскi раённы выканаўчыя камiтэты, грамадскае аб’яднанне “Беларускi фонд культуры”. Праграма мерапрыемстваў прадугледжвае выступленне дзiцячых i маладзёжных фальклорных калектываў, аўтэнтычных груп, пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў, iндывiдуальных выканаўцаў песеннага, iнструментальнага, харэаграфiчнага i iншых вiдаў традыцыйнага мастацтва. Жыхары i госцi раёна таксама прымуць удзел у прыгожых святах “Рудабельскае Купалле” i “Палескi кiрмаш”.

Аснова фестывалю – конкурс танцавальных пар i калектываў. Адметна, што iндывiдуальныя выканаўцы i калектывы, якiя прыедуць на фестываль, прадстаўляюць не толькi аддзелы культуры i клубныя ўстановы сваiх раёнаў, але i аддзелы адукацыi.

На “Берагiню” прыедуць прадстаўнiкi ўсiх абласцей Беларусi i Мiнска. Цiкава, што пераможцы мiнулых гадоў з радасцю адгукнулiся на прапанову прысутнiчаць на фестывалi ў якасцi гасцей. Усяго ж чакаецца не менш 700 чалавек, якiя прыедуць у Акцябрскi. Завiтаюць таксама i замежныя калектывы з Рэспублiкi Малдовы, Польшчы, Латвii, Украiны i Падмаскоўя.

У прадапошнi дзень фестывалю ўсiх чакае непаўторнае прадстаўленне – свята Купалле, якое рыхтуе выкладчык кафедры этналогii i фальклору Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры i мастацтваў Таццяна Пладунова. Купальскiя песнi з усёй Беларусi праспяваюць удзельнiкi i госцi фестывалю.

У рамках фестывалю адбудзецца круглы стол на тэму “Традыцыйная культура i сучаснасць: школа, дзецi, будучыня”. Плануецца, што на гэтым мерапрыемстве будуць прысутнiчаць вядомыя навукоўцы, фалькларысты Беларусi i, зразумела, дзецi.

Усяго чатыры днi будзе доўжыцца рэспублiканскi фестываль фальклорнага мастацтва “Берагiня”, але якiя гэта будуць днi! Жыхары Акцябршчыны з нецярпеннем чакаюць гэтую адметную з’яву ў культурным жыццi нашай краiны. Мы запрашаем усiх прыехаць i на свае вочы ўбачыць гэты сапраўдны цуд.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter