Якая Яна, архітэктура будучыні?

Прыгожая і зручная для жыццяКрыху больш за 5 год кандыдат мастацтваўства Юлія Захарына выкладае студэнтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта сусветную мастацкую культуру. Паралельна з выкладаннем Юлія Юр’еўна даследуе мастацкі вобраз архітэктуры Беларусі апошняй чвэрці XX — пачатку XXI стагоддзя. Праблеме мастацкай выразнасці ў сучаснай айчыннай архітэктуры была прысвечана яе кандыдацкая дысертацыя, тэма мастацкага вобраза архітэктуры Беларусі нашых дзён глыбока распрацавана ў доктарскай, рукапіс якой ужо падрыхтаваны. Суразмоўца лічыць, што сучаснае мастацтва — тая галіна ведаў, даследаваць якую павінна менавіта моладзь.

— Навуковец, што распрацоўвае праблемы сучаснага мастацтва, павінен бесперапынна сачыць за тымі працэсамі, што адбываюцца зараз вакол нас. А сучаснасць увесь час змяняецца, сучаснае мастацтва знаходзіцца ў развіцці. Таму ад даследчыка патрабуецца пэўная мабільнасць ва ўспрыманні рэчаіснасці: трэба літаральна схопліваць тыя змены, што адбываюцца вакол нас.
— Мая работа, — працягвае суразмоўца, — будзе карыснай на практыцы. Сусветная мастацкая культура выкладаецца ў школах нашай краіны як абавязковы вучэбны прадмет, але вучэбная праграма распрацавана толькі да канца XX стагоддзя, а пачатак трэцяга тысячагоддзя застаецца па-за яе межамі. Я бачу сваёй мэтай запоўніць гэты прабел.
— Дык ці адказвае сусветным тэндэнцыям у архітэктуры сучасны воблік беларускіх гарадоў? — пытаюся ў Юліі Захарынай.
— Апошнім часам мастацкі вобраз нашых гарадоў змяняецца пад уплывам новых сусветных канцэпцый горадабудаўніцтва, — расказвае навуковец. — У нашай архітэктуры з’яўляюцца такія кірункі, як тэхніцызм, кубафутурызм, неафармалізм. Сёння ў буйных мегаполісах Еўропы і свету архітэктары актыўна распрацоўваюць канцэпцыю падземных гарадоў. І ў нашай краіне новыя вялікія гандлёвыя цэнтры, паркінгі архітэктары цяпер імкнуцца размясціць пад зямлёй. Пад зямлёй знаходзіцца і найбольш мабільны і папулярны від грамадскага транспарту — метро. Яшчэ адна новая канцэпцыя горадабудаўніцтва — “начны горад”. Маецца на ўвазе мастацкае, дэкаратыўнае асвятленне дамоў, дрэў, помнікаў, вуліц. Шмат увагі ў буйных і невялікіх гарадах Беларусі таксама ўдзяляецца ландшафтнаму дызайну, і тут мы зноў рухаемся ў русле еўрапейскіх тэндэнцый аздаблення гарадоў. А вось канцэпцыя дзелавых цэнтраў — “сіці” — у нашай краіне справа бліжэйшай будучыні. Ужо створаны праекты “Мінск-сіці” (што размесціцца на месцы аэрапорта “Мінск-1”), “Голдэн-сіці”.
— Сёння ў нашай краіне актыўна будуюцца жылыя дамы. Наколькі яны адказваюць сусветнай тэндэнцыі будаўніцтва жылля?
— Яшчэ ў 70-я гады ў Еўропе з’явіўся новы кірунак ў мастацкім абліччы гарадоў — суперграфіка: колераваму вырашэнню кожнага жылога дома надаецца значная ўвага. Сёння нашы новыя жылыя кварталы нельга абвінаваціць у тым, што дамы там шэрыя, аднолькавыя, бязлікія — больш за дзесяцігоддзе прынцып суперграфікі актыўна выкарыстоўваецца ў Беларусі. Згодна з еўрапейскімі тэндэнцыямі (жыллё павінна быць утульным і эстэтычным) будуюцца дамы і ў аграгарадках. Асабіста мне больш за ўсё падабаюцца новыя жылыя дамы ў Брэсце, якія праектуюцца творчай майстэрняй архітэктара Чайкоўскага — яны цікавыя і ў мастацкіх, і ў канструкцыйных адносінах, а жыць у іх утульна і зручна.
— Якія будынкі, што былі ўзведзены ў апошнія гады, вам, як даследчыку, падаюцца найбольш цікавымі?
— Я адзначыла б футбольны манеж на праспекце Пераможцаў у сталіцы, а таксама Аляксандраў пасаж і новы будынак Мінскага вакзала. А ў цэлым, вельмі прыемна заўважаць, што сучасная архітэктура і прырода ў нашых мегаполісах знаходзяцца ў раўнавазе — менавіта ў такіх гарадах чалавек адчувае сябе камфортна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter