Якасць прадукцыі і агрэсіўны маркетынг

На што робяць стаўку ў беларуска-расійскім «Брансксельмашы»

На іх робяць стаўку ў беларуска-расійскім СП «Брансксельмаш»

Сустрэча беларускіх і расійскіх журналістаў з прадстаўніком адміністрацыі рэгіёна адбылася ў час экспертна-медыйнага тура на Браншчыну, дзе ў цэнтры ўвагі былі пытанні кааперацыі ў сельскагаспадарчым машынабудаванні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

— У нашым рэгіёне звыш ста гандлёвых аб’ектаў працуе пад брэндам «Зроблена ў Беларусі», — інфармуе дырэктар Дэпартамента эканамічнага развіцця адміністрацыі Бранскай вобласці Генадзь Сафонаў. — Акрамя развіцця гандлю, мяркуем нарошчваць супрацоўніцтва ў аграрнай, прамысловай галінах. У прыватнасці, з беларусамі робім крокі па пашырэнні лінейкі выпуску тэхнікі «Амкадор», стварэнні сумеснага прадпрыемства па вытворчасці і перапрацоўцы жывёлагадоўчай прадукцыі.

Якую ж дынаміку дэманструюць бакі ў гэтай дзяржаўнай супольнасці? Паводле слоў Генадзя Сафонава, з 2005 года знешнегандлёвы абарот паміж Беларуссю і гэтым буйным рэгіёнам Расіі прыкметна ўзрос і складае сёння 856 мільёнаў долараў ЗША. Бліжэйшая мэта — дасягнуць мільярднага рубяжа. Лічба не ўзята са столі — яе агучылі ў час леташняй сустрэчы ў Мінску

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і губернатар Бранскай вобласці Мікалай Дзенін.

Сярод «інструментаў» руху наперад — стварэнне сумеснага прадпрыемства па вытворчасці ліфтаў і ліфтавага абсталявання. Верагодна, яно з’явіцца ў горадзе Сяльцо пад Бранскам. Але гэта пакуль намеры. У рэальнасці паглыбленню працэсу эканамічнай інтэграцыі могуць адчувальна паспрыяць ужо дзеючыя «дзецішчы» беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Сярод іх — створанае ў 2005 годзе закрытае акцыянернае таварыства СП «Брансксельмаш». Гэта адзін з асноўных правад¬нікоў гомсельмашаўскай тэхнікі на расійскі рынак.

Напачатку аптымізму было мала. Вытворчыя плошчы тут займалі каля 29 тысяч квадратных метраў. На час стварэння СП дзейнасць завода практычна была ў заняпадзе. Корпус, у якім сёння вядзецца зборка камбайнаў, пачынаў разбурацца. «Гомсельмашам» былі ўкладзены немалыя сродкі для вяртання магутнасцей «да жыцця». Аднавілі ўсе ўчасткі заводскага корпуса, набылі новае абсталяванне. Канструктарскія службы «Гомсельмаша» на дагаворных умовах прадаставілі калегам неабходную тэхнічную дакументацыю. І справа зрушылася з месца. Першым камбайнам, выпушчаным на сумесным прадпрыемстве ў Бранску, стаў кормаўборачны комплекс КСК-600. Гэтую машыну канструктары распрацавалі спецыяльна для выпуску на «Брансксельмашы».

— Сёння разам з «Гомсельмашам» мы выпускаем тры мадэлі збожжаўборачных камбайнаў — КЗС-812, КЗС-10К і КЗС-1218, а таксама тую «стартавую» машыну — КСК-600, універсальныя кормаўборачныя комплексы К-Г-6, КВК-800, шэраг прычапных агрэгатаў, — канстатуе здабыткі генеральны дырэктар «Брансксельмаша» Валерый Сулееў. — Асноўныя іх вартасці — параўнальна невысокі кошт і надзейнасць у эксплуатацыі. У рэалізацыі прадукцыі ў Расіі нам дапамагаюць тры гандлёвыя дамы і 59 дылерскіх цэнтраў. Тэхніка сумеснай беларуска-расійскай вытворчасці прысутнічае сёння на палях амаль усіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Кожны наш дылерскі цэнтр мае базу сэрвіснага абслугоўвання, склад запчастак, што дазваляе максімальна наблізіць нашы машыны да спажыўцоў, своечасова праводзіць іх рамонт.

Тэхніка, створаная сіламі кааперацыі беларусаў і расіян, і гэта адзначаюць спажыўцы, складае дастойную канкурэнцыю замежным аналагам. Што ж тычыцца расійскага рынку, то тут па аб’ёмах рэалізацыі яна саступае толькі «Растсельмашу». У час леташняга жніва ў некаторых абласцях Расіі камбайнавыя паркі больш чым напалову складалі машыны з маркай «Палессе». Факт паказальны. Між тым вытворцы пакуль не спяшаюцца назваць сумесны прадукт дасканалым. Неабходна яшчэ папрацаваць над эрганомікай, дызайнам машын, выканаць іншыя ўдасканаленні. Тым больш, як мяркуе начальнік Галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі Мінсельгасхарчу Беларусі Уладзімір Бурдыка, канкурэнты, асабліва з уступленнем Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, вобразна кажучы, таксама не спяць у шапку. Сёння вядомыя замежныя вытворцы — «Джон Дзір», «Клаас», «Нью Холанд» — ствараюць на тэрыторыі Расіі свае філіялы. Увядзенне замежных квот — часовая мера па абароне ўласных машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Але ж дзеянне квоты заканчваецца ў 2016 годзе, і тады аграрыі будуць выбіраць тэхніку толькі зыходзячы з паказчыкаў яе якасці і кошту. Супрацьстаяць устойлівай экспансіі замежных кампаній можна толькі аб’яднаўшыся. Менавіта таму на калегіі міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання нашых краін прынята рашэнне аб распрацоўцы канцэпцыі выпуску сельгастэхнікі Саюзнай дзяржавы. Падобная кааперацыя — сусветная тэндэнцыя, і яна павінна прымяняцца ў нас з расіянамі.

Безумоўна, Расія — асноўны рынак, дзе рэалізуецца і тэхніка сумеснай вытворчасці, і ўласна самога «Гомсельмаша». Але апошні, даволі няпросты для продажу машын год яскрава пацвярджае, што «маліцца» толькі на краіну-суседку беларускім вытворцам сельгасмашын — пазіцыя недальнабачная. Трэба шукаць і знаходзіць новыя адрасы паставак.

— На «Гомсельмашы» распрацавана праграма па дыверсіфікацыі рынкаў збыту, — зазначае першы намеснік дырэктара дэпартамента рэгіянальных продажаў гомельскага прадпрыемства Васіль Новікаў. — Значную ўвагу надаём сёння краінам Лацінскай Амерыкі. Пачалі рэалізацыю прадукцыі ў Заходнюю Еўропу, павялічваем пастаўкі ў Кітай, Сярэднюю Азію. Цікавасць у нас таксама выклікаюць афрыканскія і паўднёва-азіяцкія краіны. Такім чынам, мы імкнёмся менш рызыкаваць на рынках бліжняга замежжа. Вядома ж, мадэрнізацыя нашых машын вядзецца неад’емна ад гэтых жыццёвых працэсаў.

На здымку: вядзецца зборка машын.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter