Якасць. Канкурэнтнасць. Пазіцыя

МІНУЛЫ год стаў багатым на знакавыя падзеі ў айчыннай медыя-прасторы. А запомніўся ён перш за ўсё шостым па ліку Нацыянальным тэлевізійным конкурсам “Тэлевяршыня”, журы якога летась упершыню было міжнародным. А таксама беспрэцэдэнтным па размаху пятым Беларускім міжнародным медыя-форумам “Партнёрства ў імя будучыні” з удзелам больш за 100 журналістаў з краін блізкага і далёкага замежжа.

Учора адбылася калегія Міністэрства інфармацыі Беларусі.

МІНУЛЫ год стаў багатым на знакавыя падзеі ў айчыннай медыя-прасторы. А запомніўся ён перш за ўсё шостым па ліку Нацыянальным тэлевізійным конкурсам “Тэлевяршыня”, журы якога летась упершыню было міжнародным. А таксама беспрэцэдэнтным па размаху пятым Беларускім міжнародным медыя-форумам “Партнёрства ў імя будучыні” з удзелам больш за 100 журналістаў з краін блізкага і далёкага замежжа.

Разам з тым 2010-ты толькі пацвердзіў правільнасць абранага Беларуссю стратэгічнага курсу на пабудову незалежнай, моцнай і квітнеючай краіны. Зразумела, не засталіся ўбаку ад гэтых падзей і інфармацыйныя сродкі.

Медыя-прастора  стала па сутнасці полем інфармацыйнай вайны. Аднак вірусу каляровай рэвалюцыі першапачаткова быў наканаваны правал. Сваю лепту ў справу нашай перамогі ўнесла сфера друку і інфармацыі. СМІ пацвердзілі сваю сталасць і адказнасць, — такую ацэнку працы дзяржаўных газет, часопісаў, радыё і тэлебачання ў складаны перадвыбарчы і выбарчы час даў падчас учарашняй выніковай калегіі Міністэрства інфармацыі краіны яго кіраўнік Алег Праляскоўскі.

Тым не менш айчынным дзяржаўным СМІ давядзецца папрацаваць над павышэннем якасці свайго інфармацыйнага прадукту, забяспечыць яго канкурэнтаздольнасць з выхадам на замежныя інфармацыйныя рынкі, а таксама сканцэнтравацца на сваёй сур’ёзнай прысутнасці на інтэрнэт-прасторы. Такую задачу на бліжэйшы год паставіў перад кіраўнікамі айчынных сродкаў масавай інфармацыі міністр. Будзе працягнута і аптымізацыя сістэмы дзяржаўных друкаваных СМІ.

Дарэчы, у лютым 2010 года, у сувязі з прыняццем новага Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, завяршылася перарэгістрацыя СМІ. І цяпер у нашай краіне налічваецца ўжо 1344 друкаваныя выданні (з іх 397 — дзяржаўныя) і 237 электронных СМІ. Нягледзячы на развіццё Інтэрнэту, друк сваіх пазіцый пакуль не саступае. Летась некаторыя дзяржаўныя газеты павялічылі наклады. Сярод іх — і наша “Белорусская нива”. Развіваўся і мясцовы друк. За апошнія пяць гадоў на тэхнічнае пераабсталяванне мясцовай прэсы дзяржава выдаткавала каля пяці мільярдаў рублёў. З’явіліся раёнкі, якія сёння ўяўляюць сабой вельмі сучасныя выданні, у іх можна і павучыцца. Шмат зроблена і для развіцця рэгіянальнага тэлебачання.

Разважаючы аб айчынным тэлевізійным прадукце, Алег Праляскоўскі адзначыў, што ў бліжэйшы час яго трэба ўзняць на якасна новы ўзровень. Беларускаму тэлебачанню не хапае сур’ёзных інфармацыйна-аналітычных праграм. Трэба пашыраць і сетку карпунктаў за мяжой.

З найважнейшых задач на бліжэйшы час — унясенне неабходных зменаў у дзеючае заканадаўства з мэтай забеспячэння аховы беларускага грамадства ад дэструктыўнага ўздзеяння і рэгулявання дзейнасці інтэрнэт-СМІ.

За час, калі пачаў працаваць новы Закон аб сродках масавай інфармацыі, сталі відавочныя яго слабыя бакі, якія не дазваляюць у поўнай меры задзейнічаць прававыя механізмы для эфектыўнага дзяржаўнага рэгулявання рынку СМІ, заўважыў Алег Праляскоўскі. Напрыклад, дзеючы закон прадугледжвае, што рэгістрацыя інтэрнэт-выданняў ідзе ў парадку, які вызначае Савет Міністраў краіны. Аднак такі парадак дагэтуль не быў зацверджаны.

Завяршэнне рэструктурызацыі чакаюць паліграфічныя і кнігагандлёвыя арганізацыі сістэмы Мінінформу. Мэта — зрабіць беларускую кнігу больш канкурэнтаздольнай. Дарэчы, на думку дырэктара выдавецтва “Літаратура і мастацтва” Алеся Карлюкевіча, такі шанец у беларускай кнігі сапраўды ёсць:

— Усе кнігі, якія вы бачыце на выставе (што разгарнулася ў Доме прэсы перад калегіяй Міністэрства інфармацыі. — Аўт.), друкаваліся ў айчынных друкарнях дзяржаўных выдавецтваў, — падзяліўся з журналістамі Алесь Карлюкевіч. — І яны пераважна ўжо былі адзначаны не толькі ў Беларусі, але і на міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” ў Маскве. Гэта першае сведчанне таго, што наша кніга па мастацкіх і паліграфічных якасцях здольная канкурыраваць і за мяжой.

Наталля ШЧАСНАЯ, “БН

НА ЗДЫМКАХ: выступае міністр інфармацыі Алег ПРАЛЯСКОЎСКІ; памочнік Прэзідэнта, начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Усевалад ЯНЧЭЎСКІ (у цэнтры) і першы намеснік міністра інфармацыі Лілія АНАНІЧ (справа) знаёмяцца з кніжнымі навінкамі; у зале пасяджэнняў.

Фота Мікалая ЛЯВОНАВА, «БН», БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter