Як знайсці мільярд па дарозе на Браслаў?...

НІ ДЛЯ КАГО не сакрэт, што азёрную Браслаўшчыну «акупіравалі» мінчане. Скупілі там сялянскія сядзібы, што бліжэй да вады, і нямала пабудавалі новых. Перад выхаднымі і ў нерабочыя дні па дарозе на славуты беларускі курорт адна за адной імчаць машыны з мінскімі нумарамі.

Прыдарожны комплекс перад Шаркаўшчынай будуецца ўжо восем гадоў. Ці стане бягучы апошнім?

НІ ДЛЯ КАГО не сакрэт, што азёрную Браслаўшчыну «акупіравалі» мінчане. Скупілі там сялянскія сядзібы, што бліжэй да вады, і нямала пабудавалі новых. Перад выхаднымі і ў нерабочыя дні па дарозе на славуты беларускі курорт адна за адной імчаць машыны з мінскімі нумарамі.

Яно вядома, гарадскому жыхару хочацца хутчэй дабрацца да прыроды. Але ёсць і іншая прычына. Пачынаючы ад Бягомля і да самага Браслава няма дзе і прыткнуцца, за выключэннем невялікага прыдарожнага кафэ на кальцавой каля Глыбокага.

Вялікія спадзяванні ў вадзіцеляў, і асабліва дальнабойшчыкаў, закраліся, калі год сем-восем таму перад Шаркаўшчынай пачалося будаўніцтва цэлага прыдарожнага комплексу з жыллём, гасцявым домам, лазняй. З гэтага гістарычнага выпадку тут быў праведзены ці то абласны, ці то нават рэспубліканскі семінар, на якім сам міністр спорту распавядаў, як тут будзе шыкоўна. Само месца што значыць: міжнародная траса на Даўгаўпілс і Рыгу. Дальнабойшчыкі ідуць цугам, і валюту лапатай можна будзе грэбці.

Адзін з тутэйшых начальнікаў тады нясмела запярэчыў міністру, маўляў, каб узвесці дадзены аб’ект, патрэбна нямала грошай, якіх у гаспадара, ААТ «Даватарскі», кот наплакаў. Міністр прылюдна абяцаў дапамагчы.

Што здарылася потым, сказаць цяжка, але ў «Даватарскім» той дапамогі так і не дачакаліся.

— Мы кожны год нешта робім на гэтай будоўлі, але нашы фінансавыя магчымасці надта абмяжаваныя, — назвала старую прычыну бухгалтар гаспадаркі  Ірына Ардынская. — Хацелі перадаць комплекс іншай арганізацыі, але не ўдалося.

Тады аб’ект прыдарожнага сервісу вырашылі «выцягваць» усім раёнам. На ім арганізавалі нават суботнікі. Чарговы — у бліжэйшыя выхадныя — збярэ каля трох дзясяткаў чалавек.

Намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Аляксандр Далецкі, які вядзе пытанні эканомікі, абмаляваў сітуацыю наступным чынам:

— На сёння фактычна гатовыя пляцоўка для стаянкі машын і лазня. Пафарбаваны дахі дамоў. Нарыхтаваны піламатэрыялы на падлогу, зроблены заказ на вокны. Ёсць агароджа, дзе будуць утрымлівацца дзікія жывёлы, касулі.

Комплекс запланавана здаць у гэтым годзе. Для яго завяршэння патрабуецца звыш мільярда рублёў. Іх пакуль што няма. І таму шаркаўшчане не будуць супраць, калі для гэтай перспектыўнай будоўлі з’явіцца спонсар.

«Беляі» — другі аб’ект прыдарожнага сервісу ў Шаркаўшчынскім раёне. Лёс першага, у вёсцы Буяўшчына, таксама па дарозе на Браслаў і Рыгу, шчаслівейшы. Там ужо працуюць крама і кафэ. Ёсць «Дом пастаяльца». Засталося добраўпарадкаваць тэрыторыю.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter