Якія кніжныя выданні прэзентавалі на “Пакроўскім кірмашы”?

З унікальнымі выданнямі на духоўна-асветніцкай выставе-кірмашы знаёміліся карэспандэнты “НГ”

Штогод напярэдадні свята Пакровы Прасвятой Багародзіцы і Дня маці беларуская праваслаўная царква сумесна з выставачным таварыствам “Экспафорум” ладзяць “Пакроўскі кірмаш”. Кожны раз форум дае магчымасць яго наведвальнікам здзейсніць свае духоўныя адкрыцці. Сёлетняя выстава-кірмаш стала эпіцэнтрам святкавання чатырохсотгоддзя з’явы Крупецкай іконы Божай Маці, а таксама небывала насычанага Дня духоўнай кнігі. З унікальнымі выданнямі на духоўна-асветніцкай выставе-кірмашы знаёміліся карэспандэнты “НГ”.

Серыя “Я — сын ваш. Летапіс беларускай шляхты” беларускага даследчыка старажытнай культуры, аднаго з заснавальнікаў помніка Сафіі Слуцкай, мецэната Анатоля Сцяцкевіча-Чабаганава. Праца над выданнем пачалася па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. У выдавецтве Беларускага Экзархата ўбачылі свет ужо тры тамы, да выхаду рыхтуецца яшчэ пяць. Дарэчы, першы том з гэтай серыі сёлета на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” быў адзначаны дыпломам першай ступені ў намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”.

Серыя кніг “Компас для душы”

Кнігі адрасаваны шырокаму колу чытачоў. Іх аўтары і складальнікі Міхаіл Хасьмінскі і Дзмітрый Семянік — стваральнікі інтэрнэт-праекта духоўна-псіхалагічнай дапамогі “Пережить.ру”, над якім працуюць праваслаўныя святары і лепшыя псіхолагі Расіі. На аснове матэрыялаў групы сайтаў, лістоў яго чытачоў, інтэрв’ю са святарамі і псіхолагамі былі створаны гэтыя кнігі па праблемах кахання і сямейнага жыцця, суіцыду і разводаў, цяжкай хваробы.

“Житие блаженной Евфросинии, игумении монастыря Вседержителя святого Спаса во граде Полоцке”. Факсімільнае выданне выдавецтва Беларускага Экзархата складаецца з дзвюх кніг — Пагодзінскага спіса Жыція і ўзноўленага царкоўнаславянскага тэксту “Жыція Еўфрасінні Полацкай” з перакладамі яго на рускую, беларускую і англійскую мовы.

“Слово и вера”. У кнізе вядомага архіпастыра рускай праваслаўнай царквы Мітрапаліта Калужскага і Бароўскага Клімента абагульнены вынікі яго плённай шматгадовай пастырскай і прапаведніцкай дзейнасці, якія адлюстраваны ў 184 друкаваных работах. Уладыка, з яго багатым жыццёвым вопытам служэння царкве, прапаноўвае цікавы спектр сваіх павучальных думак, разваг і абагульненняў, што кранаюць розныя сферы жыцця чалавека, а таксама асноўныя багаслоўскія і духоўныя пытанні.

Серыя “Святыя зямлi беларускай. Жыццеапiсаннi”

Асаблівую ўвагу чытачоў прыцягвае выданне з серыі, у якой ужо 47 кніг, аб святой Іўліяне, княжне Альшанскай (аўтар — Алена Міхаленка). Аб гэтай святой у Беларусі мала хто ведае. Аднак яна ўваходзіць у Сабор Кіева-Пячэрскіх святых. Мошчы святой Іўліяны захоўваюцца ў Кіева-Пячэрскай лаўры”.
Марына КУЗЬМІЧ, “НГ”

Сёлета ў праваслаўным форуме прымаюць удзел каля ста прадстаўнікоў манастыроў і храмаў, прыходаў, выдавецтваў і майстроў народнай творчасці з Беларусі, Расіі, Украіны. Яны прадставяць вялікі выбар праваслаўнай літаратуры, аўдыё- і відэапрадукцыі, прадметаў царкоўнага ўжытку і храмавага строю, сувеніры, набываючы якія можна зрабіць свой уклад у аднаўленне і падтрыманне манастыроў і храмаў.

Выстава-кірмаш працягне работу ў Палацы мастацтваў (г. Мінск, вул. Казлова, 3) да 13 кастрычніка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter