Як вярнуць грошы, укладзеныя ў няякасны тавар

Падкажыце: як вярнуць свае грошы, укладзеныя ў няякасны тавар?
Да гэтага часу я неяк абыходзіўся без таго, каб прад’яўляць прэтэнзіі, пісаць скаргі. Але ў апошні час некалькі разоў сутыкнуўся з тым, што купіў няякасны тавар у краме, і цярпенне маё вычарпалася. Падкажыце: як вярнуць свае грошы, укладзеныя ў няякасны тавар?

Сцяпан МАЗЬКО, г. Пінск


Сяргей ПруднікаўНа пытанне адказвае Сяргей ПРУДНІКАЎ, адвакат адвакацкага бюро «ПраваВiК» Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў

АДКАЗ.
Шмат хто з нас сутыкаліся з тым, што ў нядаўна набытых ботах перастала зашпіляцца «маланка», новы тэлефон тэлефануе куды і калі ён хоча, вам прадалі кансервы з мінулым тэрмінам прыдатнасці. Таму пытанне чытача вельмі надзённае.


Што рабіць з бракаваным вырабам


Калі набыты тавар неналежнай якасці і аб яго недахопах не папярэдзiў прадавец, вы маеце права на свой выбар патрабаваць:

• замены недабраякаснага тавару таварам належнай якасці;
• суразмернага змяншэння пакупной цаны тавару;
• неадкладнай бясплатнай лiквiдацыi недахопаў тавару;
• кампенсацыі выдаткаў па ліквідацыі недахопаў тавару.


Тавар або грошы


Неабходна адзначыць, што ў выпадку набыцця тэхнічна складанага або дарагога тавару, напрыклад, пральнай машыны, тэлевізара, камп’ютара (пералік змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 14.06.2002 № 778 «Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў») і выяўлення ў ім істотных недахопаў, вы маеце права патрабаваць замены. У выпадку выяўлення недахопаў тавару, якія немагчыма ліквідаваць (харчовыя прадукты, тавары бытавой хіміі і iншыя), патрабуйце яго замены таварам належнай якасцi цi суразмернага змяншэння пакупной цаны. Закон агаворвае, што вы як спажывец можаце вярнуць няякасны тавар без тары (упакоўкi). Пры вяртанні тавару неналежнай якасці прадавец абавязаны неадкладна вярнуць грошы, а ў выпадку непрадбачаных абставінаў максімальны тэрмін для вяртання прадаўцом грошай не можа перавышаць сямі дзён.

Звярніце ўвагу! Пры вяртанні спажыўцу выплачанай за тавар грашовай сумы прадавец не мае права ўтрымлiваць з яе суму, на якую панізіўся кошт з-за выкарыстання тавару, страты ім таварнага выгляду або іншых заган.

Варта асоба адзначыць права на абмен і вяртанне нехарчовага тавару належнай якасці. Вы маеце законнае права на працягу 14 дзён з моманту пакупкі нехарчовага тавару, калі больш працяглы тэрмін не абвешчаны прадаўцом, у месцы набыцця вярнуць тавар належнай якасці ці абмяняць яго на аналагічную рэч іншых памераў, формы, фасону, расфарбоўкі або камплектацыі, зрабiўшы ў выпадку розніцы ў кошце неабходны пераразлік з прадаўцом.

Патрабаванне аб абмене альбо вяртанні тавару падлягае задавальненню, калі тавар не быў ва ўжыванні, захаваны яго спажывецкія ўласцівасці і маюцца доказы набыцця яго ў дадзенага прадаўца. Аднак неабходна памятаць, што некаторыя тавары абмену і вяртанню не падлягаюць (напрыклад, дзіцячыя цацкі, ніжняя бялізна).

Недахопы, выяўленыя ў тавары, павінны быць ліквідаваны бясплатна і неадкладна. Часам зрабіць гэта неадкладна немагчыма, але максімальны тэрмін іх ліквідацыі не можа перавышаць 14 дзён з дня звароту спажыўца.

Калі вы патрабуеце замены тавару, то яна павінна быць праве-дзена неадкладна, а пры неабходнасці дадатковай праверкі якасці тавару — на працягу 14 дзён з дня прад’яўлення патрабавання. Пры адсутнасцi ў прадаўца (вытворцы, пастаўшчыка, прадстаўніка) неабходнага для замены тавару ён павінен замяніць яго на працягу месяца альбо прадаставіць аналагічны тавар іншай мадэлі (маркі, тыпу, артыкула і інш.) з вашай згоды.

Калі вы хочаце замяніць няякасны тавар на такі ж іншай мадэлі (маркі, тыпу, артыкула і інш.), але пры гэтым кошт набытага вамі няякаснага тавару ніжэй цаны тавару, які вы хочаце атрымаць узамен, вам неабходна даплаціць розніцу ў цане, а ў iншай сітуацыі розніца ў кошце падлягае выплаце ў вашу карысць. Цана тавару, якi падлягае замене, вызначаецца на момант замены або момант вынясення судом рашэння аб замене тавару.

Адсутнасць у вас дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару, не з’яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні вашых патрабаванняў. Для пацвярджэння факта набыцця тавару могуць выкарыстоўвацца паказаннi сведак, элементы спажывецкай тары (упакоўкi), на якіх маюцца пацвярджальныя адзнакі, што набыццё тавару ажыццяўлялася ў дадзенага прадаўца, а таксама дакументы і іншыя сродкі доказу.


Да каго звяртацца


Пры куплі тавару неналежнай якасці вы маеце права прад’явіць адпаведнае патрабаванне непасрэдна прадаўцу. Вы маеце права звярнуцца з патрабаваннем аб замене недабраякаснага тавару, неадкладнай бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў тавару, кампенсацыi расходаў па ліквідацыі недахопаў, вяртання выплачанай за тавар грашовай сумы і да яго вытворцы.

У выпадку эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) прадаўца або вытворцы, прыпынення або спынення яго дзейнасці, адсутнасці дакладных звестак аб прадаўцу альбо вытворцу, у выпадку месца знаходжання вытворцы за межамі Беларусі вы маеце права прад’явіць свае патрабаванні да пастаўшчыка тавару, прадстаўніка.


Колькі можна чакаць


Патрабаванні, абумоўленыя неналежнай якасцю тавару, вы маеце права прад’явіць на працягу гарантыйнага тэрміну або тэрміну прыдатнасці тавару.

У дачыненні да тавараў, на якія гарантыйныя тэрміны або тэрміны прыдатнасці не ўстаноўлены або гарантыйныя тэрміны складаюць менш за два гады, названыя патрабаванні могуць быць прад’яўленыя, калі недахопы выяўлены на працягу двух гадоў з дня рэалізацыі вам такіх тавараў, а ў адносiнах да нерухомай маёмасці — на працягу трох гадоў з дня яе куплі, калі больш працяглыя тэрміны не ўстаноўлены заканадаўствам і (або) дагаворам.

Звярніце ўвагу: калі вы набылі, напрыклад, няякасны тэлевізар, то маеце права прад’явiць вытворцу або прадаўцу патрабаванне аб прадастаўленні на перыяд рамонту бясплатна ў часовае карыстанне аналагічнага тавару. У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь устаноўлены пералік тавараў працяглага карыстання, на якiя гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца (электрабытавыя прыборы, якія выкарыстоўваюцца як прадметы туалета і ў медыцынскіх мэтах, — электрабрытвы, электрафены і інш.).

За парушэнне прадаўцом (вытворцам, пастаўшчыком, прадстаўніком, рамонтнай арганізацыяй) тэрмінаў задавальнення вашых патрабаванняў, а таксама за невыкананне (затрымку выканання) патрабавання аб прадастаўленні на перыяд рамонту (замены) аналагічнага тавару вы маеце поўнае права спагнаць з названых асоб за кожны дзень пратэрміноўкі няўстойку ў памеры аднаго працэнта цаны тавару.



Таццяна ШАСТОЎСКАЯНа пытаннi адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна г. Мінска Таццяна ШАСТОЎСКАЯ


Ці пераходзіць да нашчадка доўг па крэдыце?


Мой бацька атрымаў крэдыт на набыццё аўтамабіля ў 2011 годзе тэрмінам на пяць гадоў. У 2013 годзе ён памёр, я з’яўляюся адзінай наследніцай. У спадчыну атрымала аўтамабіль, іншай маёмасці ў бацькі не было. Зараз банк патрабуе ад мяне пагашэння крэдыту. Ці правамерна гэта?

Алена Мікалаеўна, г. Магілёў

АДКАЗ. У адпаведнасці з арт. 1086 Грамадзянскага кодэкса кожны з наследнікаў, якія прынялі спадчыну, адказвае па даўгах спадчынадаўца ў межах кошту спадчыннай маёмасці, якая перайшла да яго.

Такім чынам, патрабаванне банка правамернае. Аднак, банк не мае права патрабаваць ад вас пагашэння крэдыту ў суме, што перавышае кошт, які перайшоў да вас па спадчыне маёмасці, г.зн. аўтамабіля. У астатняй суме крэдыту абавязак спадчынніка па пагашэнні крэдыту спыняецца.


Падаходны падатак на падораную кватэру


Я атрымала па дамове дарэння кватэру ад цёткі. Калі яна — мой сваяк, цi павiнна я плаціць з гэтай кватэры падаходны падатак?

Ганна МАТУСЕВІЧ, г. Мінск

АДКАЗ.
У адпаведнасці з арт. 153 Асаблівай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь цётка не з’яўляецца блізкім сваяком. Адпаведна, атрыманы ад яе даход у выглядзе кватэры падлягае абкладанню падаходным падаткам. Пры гэтым ад абкладання падаходным падаткам вызваляюцца даходы, што атрымліваюць у выніку дарэння ад фізічных асоб, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у памеры, якi не перавышае 37.835.000 беларускіх рублёў, у суме ад усiх крынiц на працягу каляндарнага года.

Падатковая база падаходнага падатку з фізічных асоб у дачыненні да капітальных пабудоў (кватэры, жылога дома) вызначаецца ў памеры ацэначнага кошту, вызначанага на дату атрымання даходу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter