Як вы бавіце час увечары?

Карэспандэнты “НГ” пацікавіліся ў жыхароў Камянецкага раёна і Мінска

Карэспандэнты “НГ” пацікавіліся ў жыхароў Камянецкага раёна і Мінска

Ірына БАРАДОЎСКАЯ, настаўніца:

— Адпачываю з дачкой. Стараемся выбрацца на выхадныя ў вёску да бабулі пад Пружаны. У Мінску ходзім карміць качак або дома гуляем у шашкі. А самы галоўны наш занятак — наведванне лядовага палаца, дзе вучымся катацца на каньках. У маёй шасцігадовай Насці ўжо трэці юнацкі разрад.

Яна МАРТЫНЮК, студэнтка:

— Зараз працую ў начным клубе бармэнам. Калі знаходжуся не на працы, то званю сябрам, і разам ідзём у бар або кіно: пагаварыць, расслабіцца. Неўзабаве восень, і буду многа часу бавіць з кніжкай — вучыцца, рыхтавацца да экзаменаў.


Наталля РУСАКОВА, экскурсавод:

— У мяне ад турыстаў адбою няма. Адпаведна і вольнага часу бракуе. На тэлевізар увогуле забылася. Калі знаходзіцца вольная хвіліна, выбіраюся з сабакам на раку. Добра, калі здараецца магчымасць пасядзець з сябрамі ў кавярні.

Уладзімір СІДАРУК, егер:

— Дома нешта раблю — рамантую, майструю. Люблю паглядзець навіны па тэлевізары. А найлепш з’ездзіць у лес: паслухаць птушак, паглядзець, як жывуць звяры. Стану на вышку пасярод пушчы і гляджу праз бінокль у гушчар. Што можа быць цікавей?

Юлія і Рамуальд ГУТКО, маладая пара:

— На адпачынак заўсёды бракуе часу. Бегаем з розным клопатам: то па крамах, то да адных, то да другіх бацькоў. А яшчэ машына патрабуе ўвагі — займацца яе рамонтам даводзіцца цэлымі вечарамі.

Руслан ДАНІЛЮК, вартаўнік:

— Жыву ў вёсцы, таму асаблівых забаў вечарамі няма. Але ў нас ёсць свой сельскі клуб: хаджу на дыскатэкі, нашы хлопцы і дзяўчаты самі ладзяць тэатралізаваныя шоу. А звычайна праводжу вольныя гадзіны з сям’ёй: глядзім тэлевізар, чытаем кнігі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter