Як ваша здароўе?

Сцяпан неяк нечакана захварэў. Як былы медык, істотнага...

Сцяпан неяк нечакана захварэў. Як былы медык, істотнага, пагражальнага нечага для сябе не знаходзіў. Раптоўна наваліліся вялікая слабасць, сэрцабіццё, і нават цягнула на ваніты. Два дні назад Сцяпанава прыгажуня жонка з’ехала некуды ў санаторый. З ім засталіся дзве дачкі — студэнтка журфака БДУ Аэліта і школьніца Юля. Якраз напярэдадні жончынага тайнага ад’езду Сцяпан аддаў ёй усю зарплату. А яна пакінула малодшай дачцэ Юлі пятнаццаць рублёў. Па тым часе, ішоў 1987 год, пры прыроджанай ашчаднасці Сцяпана можна было б пракарміць дзяцей амаль што тыдзень. Але жонка ведала, што ён, Сцяпан, на працы атрымлівае аванс, а то і сякі-такі ганарар, і разлічвала на гэта. Ведала, што, пакуль будзе жывы, дзяцей у крыўду не дасць нікому. Сцяпан, вядома, пакрыўдзіўся на жонку за гэты яе ўчынак. Тым больш, што яна ўзяла тую пуцёўку, як ён даведаўся, напісаўшы заяву ад яго імя па месцы ягонай працы. Ад такой несправядлівасці яму рабілася яшчэ горш.

Хаця Сцяпан адчуваў сябе вельмі кепска, але не падаваў выгляду дочкам, дзеля якіх раным-раненька ўставаў, рыхтаваў сняданне і адпраўляў на вучобу.

Сабраўся быў ісці да доктара. I раптам перад самым адыходам зазвінеў тэлефон.

У трубцы пачуўся незнаёмы жаночы голас:

— Як ваша здароўе?

— Нармальнае, — крыху разгубіўшыся, адказаў Сцяпан.

Потым неяк аўтаматычна прызнаўся:

— Крыху нездаровіцца.

— Абавязкова прыязджайце да мяне, я вам нешта скажу, — папрасіла жанчына і назвала свой адрас.

У Сцяпана ад гэтага пацямнела ўваччу: няўжо нешта ўтварыла жонка, мо якой атруты падсыпала ў ежу? Яна аптэкарка.

У галаве раіліся розныя дрэнныя думкі. Мо гэтая жанчына якая аферыстка, ведае нешта пра яго, Сцяпанаву, жонку? А мо жонка нейкім чынам даверылася гэтай жанчыне, і яна нешта важнае хоча сказаць Сцяпану? Словам, у галаве яго быў сумбур. Сцяпан з’ездзіў на работу, сказаў, куды ён паедзе, даў адрас незнаёмкі.

Доктар не знайшоў у Сцяпана ніякай сур’ёзнай хваробы, сказаў, звычайнае нервовае перанапружанне.

I вось Сцяпан звоніць у дзверы названага па тэлефоне адрасата. Адчыняе даволі мажная жанчына. У халаце, які, дарэчы, яшчэ больш псаваў яе і так поўную фігуру.

— Я па вашым званку, — разгублена сказаў Сцяпан.

Жанчына ветліва запрасіла яго ў пакой, і ён адразу зразумеў, што гэта двухпакаёвая кватэра.

Пачакаўшы, пакуль Сцяпан разуваецца, паказаўшы на даволі сціплае крэсла, а сама сеўшы на не менш сціплую канапу, жанчына сказала:

— Вы мяне памятаеце?

Сцяпан доўга прыпамінаў усіх сваіх знаёмых, але гэтую жанчыну ўспомніць не мог.

— Не.

— А каля ўніверсама «Рыга»?

I тут Сцяпан успомніў, што сапраўды сустракаўся з жанчынай. Сустрэўся выпадкова. У самы разгар так званай антыалкагольнай кампаніі.

Была страшэнная чарга па гарэлку, а яму трэба было купіць бутэльку, каб адзначыць юбілей аднаго з супрацоўнікаў. Разумеючы, што ў кіламетровай чарзе яму нічога не свеціць, ён мужна стаяў.

Раптам да яго падыходзіць жанчына і кажа:

— Я вам магу прадаць.

— О, мілая, — кажа Сцяпан, — сябра прыехаў з Латвіі, урач, разам вучыліся. Дваццаць гадоў не бачыліся. Дык я з радасцю куплю.

— Адыдзем убок, — сказала жанчына. Хаця было ўжо цемнавата. Адышліся за вугал. Аднекуль жанчына дастала бутэльку, назвала цану, вядома, большую, чым у магазіне. Але даволі прыстойную. Толькі чамусьці Сцяпан усумніўся, сказаў:

— А не падробка?

— Не, што вы, не! Я медработнік, фельчар, у наркалагічным дыспансеры працую. Дык не падману.

— О! — ускрыкнуў Сцяпан, — я таксама былы медык. Дык мы з вамі калегі, атрымліваецца.

Жанчына стушавалася...

— Вы не думайце, што я спекулянтка, але цяжка пражыць на маю зарплату.

Расчулены сказаным, Сцяпан заплаціў яшчэ крыху больш, чым прасіла жанчына, і даў свой хатні тэлефон.

I вось больш чым праз год гэты званок. Хаця тады бачыў: жанчына нумар ягонага тэлефона не запісвала. Відаць, запомніла.

I так, Сцяпан у яе пакоі. Сядзіць у крэсле, жанчына на канапе. Знаёмяцца, Сцяпан называе сябе, яна — сябе.

— Валянціна.

— О, — кажа Сцяпан, — дык гэтак завуць i маю жонку.

Жанчына спахмурнела.

— А я падумала тады, што вы вольны.

— Не, вольнага нікога і нічога быць не можа. Так створаны свет.

Валянціна яўна пачала правакаваць Сцяпанавы мужчынскія інстынкты. То расхінаючы, то захінаючы на сабе халат. I хоць Сцяпан быў пакрыўджаны на сваю жонку, быццам не звяртаў на гэта ўвагі. Бо і сама жанчына, і яе гэтыя паводзіны аддалялі яе ад Сцяпана, рабіліся прыкрымі.

Валянціна, пэўна, таксама адчула гэта і пачала жаліцца на сваё жыццё неяк дзіўна.

— Вы ведаеце, што такое старая дзеўка? — распавядаўшыся, раптам ні з таго ні з сяго запыталася.

— Крыху ведаю, — недаўменна адказаў Сцяпан.

— Дык вось: я жыву з дваццацівасьмігадовай дачкой. Есць поедам, каб я вызваліла ёй гэтую двухпакаёвую кватэру.

I жанчына расказала, што яна была замужам. Муж — марскі афіцэр. Паслалі яго служыць ва Уладзівасток. Яна не паехала. Бо ён шмат выпіваў. А там потым знайшоў іншую жанчыну і стаў капітанам першага рангу.

— Вы, бачу, інтэлігентны чалавек. Пэўна, маеце сувязі з інтэлігентамі: пісьменнікамі, журналістамі, артыстамі. Дык знайдзіце мне чалавека, старога, хворага, каб я была жонкай і не жонкай, а даглядала б яго, але каб толькі засталася мне яго кватэра. Бо тут у мяне няма нават шостага вугла, — збядніўшыся, неяк сарамліва і ціха сказала Валянціна.

— А чаму вы мне званілі, пыталіся пра маё здароўе? — шкадуючы сэрцам жанчыну, нерашуча спытаў Сцяпан.

— Я падумала, што вы алкаголік і вы мне вельмі патрэбны, каб вылечыць вас!

— Як і былога мужа? — ужо з раздражненнем спытаў Сцяпан.

— !..

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter