Як Ваня зубы замачыў

Уставіў Ваня зубы,

Спыніўся каля крамы —

Румяны, пышначубы

І зубы — як рэклама.

З палучкі ўзяў «Зуброўку»,

Сказаў пры ўсім народзе:

— Я замачу абноўку,

Каб не ржавела ў роце!..

Забавіўся з сябрамі,

Хвалілі:

— Во мужчына!

З бліскучымі зубамі

Не Ваня, а карціна!..

Спачатку цалаваўся,

А захмялелі ногі —

Да слупа ён чапляўся,

Крычаў:

— Сыдзі з дарогі!..

Як вярнідуб, здаровы,

Ды сам з дарогі збочыў —

І ноч у нейкім рове

Праспаў, заліўшы вочы.

Прачнуўся ён, памяты,

Пасля ў халодным поце

Глядзіць —

Няма зарплаты,

Няма зубоў у роце.

— А ўсё яна, «Зуброўка»! —

Кляне ў бутэльцы змея. —

І сапраўды абноўка

Цяпер не заржавее…

Пабрыўся дома чыста,

Адшараваўся ў ванне —

І зноў назад, к дантысту,

Пайшоў па зубы Ваня.

Мікола МАЛЯЎКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter