Ушел из жизни известный белорусский хлебороб Герой Социалистического Труда Адольф Володько

Як умеў, так і жыў. За спінамі не хаваўся...

Сярод бясцэнных альбомаў, кніг, брашур у маёй хатняй бібліятэцы, атрыманых ад слынных людзей Беларусі з іх аўтографамі, — цудоўны падарунак ад вядомага беларускага хлебароба Героя Сацыялістычнай Працы былога старшыні пастаўскага калгаса імя Суворава Адольфа Адольфавіча Валадзько з надпісам аўтара: «…Як умеў, так і жыў. За спінамі не хаваўся. Як належыць усім: ненавідзеў і любіў…» 


Балюча кранула маё сэрца кніга-споведзь. Як перад Богам, аўтар раскрывае сваю душу, дзеліцца самым патаемным, не ўтойваючы нічога з перажытага. Цяпер, калі нечаканай вясноваю маланкай уварвалася вестка, што перастала біцца сэрца Адольфа Адольфавіча, як вынік усяго жыцця асэнсоўваюцца выведзеныя яго рукою словы: «…Як умеў, так і жыў». Незабыўнай для мяне засталася цудоўная сустрэча з геніяльным гаспадаром зямлі, адораным вялікім розумам і непамернай дабрынёю. 

Няўрымслівы сейбіт толькі паспеў парадавацца першаму цяплу сваёй 73-й вясны. Жыццё яго ніколі не песціла. Маці назвала яго імем бацькі — Адольф. Так і запісана ў пасведчанні аб нараджэнні. А ўсе звалі яго Алегам Адольфавічам. У дзяцінстве ад дзядулі Івана ён засвоіў, як адносіцца да людзей. З цеплынёю ўзгадваў Адольф Адольфавіч тыя далёкія гады дзяцінства. Сям’я іх жыла ў вялікай пастаўскай вёсцы Старчуны. Продкі вырошчвалі хлеб, гадавалі жывёлу. Зямля карміла, надавала сілу. 

Чытаць і пісаць сялянскі хлопчык вучыўся ў Гадуцішскай школцы Швёнцянскага раёна Літвы, а васьмігодку закончыў у Пастаўскай школе-інтэрнаце. Сям’і няпроста жылося. Бацька хварэў, у калгасе амаль нічога не плацілі. Дзякуючы дзяржаве Адольф Валадзько атрымаў прафесію трактарыста-машыніста ў Пастаўскім прафтэхвучылішчы механізацыі. Памятаю, як на маё пытанне, чаму выбраў гэту прафесію, сціпла адказаў, што механізатарам добра плацілі. Уладкаваўся прычэпшчыкам у Лынтупскую МТС. Зарабіў за год 400 працадзён і за кожны налічылі па 2 кілаграмы збожжа і па 7 рублёў. Бацькі здзівіліся і абрадаваліся такому багатаму заробку. Пачалі ўладкоўвацца, бо хатка ўлазіла ў зямлю. Памянялі падрубу, хлеў новы паставілі. Завочна закончыў Гарадоцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Яму прапанавалі пасаду механіка ў пастаўскім калгасе «Запаветы Ільіча». Вышэйшую адукацыю атрымаў у Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 21 год узначаліў калгас імя Суворава, які амаль па ўсіх паказчыках замыкаў раённую зводку. На калгасным сходзе малады старшыня стаў гаварыць пра перспектывы гаспадаркі, будучыя ўраджаі. Калгаснікі шумелі. Усхапіўся палявод Віцька Собаль і выкрыкнуў, пра якія ўраджаі гаворка, лепей саломай кароў накарміць, а потым пра хлеб весці размову. 

Зямлі ў калгасе было 928 гектараў, параскіданых лапікамі сярод хмызнякоў і нізін. За гады старшынёўства Адольфа Адольфавіча гаспадарка па тэрыторыі пашырылася амаль у дзесяць разоў і аб’яднала 36 вёсак і вёсачак.

Надта цяжкім выдаўся маладому кіраўніку першы год старшынёўства. Кармоў для грамадскага статка зусім не было. Вясною кармілі жывёлу зляжалай саломай, якую зрывалі з даху павеці і прапускалі праз сячкарню, змешвалі з перамолатымі галінкамі дрэў. Ратавалі яе ад бяскорміцы. Калі выганялі статак на пашу, каровы падалі ад знямогласці.

Адольф Адольфавіч рупіўся не толькі пра вытворчасць, але і пра сацыяльную сферу. Абнаўляліся жывёлагадоўчыя фермы, паўставалі новыя вытворчыя памяшканні, узводзіліся жылыя дамы для калгаснікаў. На цэнтральнай сядзібе, у вёсцы Навасёлкі, адкрыліся ўчастковая бальніца з неабходным сучасным медыцынскім абсталяваннем, дзіцячы садок з басейнам, музычная школа, гасцініца. У суседняй вёсцы Лучай аднавілі касцёл. Кожнае лета ў Навасёлках высаджваўся будаўнічы дэсант Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Працы будучым медыкам хапала на калгасных будоўлях. На іх студэнты не толькі добра зараблялі, але і атрымлівалі ад старшыні ўрокі жыцця. На калгасныя будоўлі ў вызначаны час пастаўлялі пэўную колькасць цэментнага раствору. Гаспадарлівы старшыня з першага дня прывучыў будатрадаўцаў да пунктуальнасці. Многія з іх цяпер — вядомыя ў краіне асобы. Узгадваючы гэта, Адольф Адольфавіч з прыемнасцю адзначыў, што яму зараз не сорамна глядзець ім у вочы.

Праз гады ў памяці многае сціраецца. Але самае галоўнае застаецца назаўсёды. З боллю ў сэрцы ўзгадваў Адольф Адольфавіч пра дажджлівы 1978 год. Збажына цудоўная вырасла, а сабраць яе не атрымлівалася. Нібыта неба прарвала. Дзень і ноч лілося. На поле не ўлезці. У той год толькі 31 снежня па снезе закончылі жніво. Палова ўраджаю ячменю асыпалася. Усім калгасам хадзілі па хлебнай ніве і на мешкавіну зрывалі каласы. 

А які цёплы след пакінулі ў старшынёўскім сэрцы сустрэчы з Пятром Міронавічам Машэравым, які часта наведваў гаспадарку. Збажына на калгасных нівах стаяла сцяной. Каласы тугія, добра налітыя і выспелыя. Ад праходу камбайнаў крайнія каласы абвальваліся і ападалі долу. Трэба было пільна сачыць, каб не дапусціць страт. Падчас прыезду Машэрава адзін з уборачных агрэгатаў спыніўся з-за паломкі. Пётр Міронавіч акінуў позіркам багатую ніву і запатрабаваў на поле перасоўную майстэрню. Мабільных тэлефонаў яшчэ не было. Паслалі ганца за тэхслужбай. Машэраў сам узяўся майстраваць прыстасаванне да матавіла, каб зручней было ўбіраць збажыну. Кляпаў, зварваў, а калі прымацавалі прыладу да камбайна механізатара Кумбы, пад’ехала раённае кіраўніцтва. Камбайнер завёў рухавік і разам з Пятром Міронавічам павёў уборачны агрэгат з новым прыстасаваннем па полі. Праз паўсотні метраў раённыя, абласныя начальнікі сталі ўхваляць прыладу, якую зладзіў Машэраў. Пётр Міронавіч паслухаў ліслівыя водгукі, павярнуўся да камбайнера і пацікавіўся яго думкай. Механізатар тут і выпаліў, што з гэтым прыстасаваннем калі не горш, то лепей не стала. Госць усміхнуўся, падзякаваў за шчырасць. Свіце стала няёмка.

На базе калгаса імя Суворава праводзіліся практычныя заняткі не толькі для кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў гаспадарак былога Саюза, але і для прадстаўнікоў вышэйшага эшалона ўлады. Было іх тут чаму вучыць. Старшыні Валадзько ўдалося так адрэгуляваць механізм арганізацыі вытворчага працэсу, што ён мог спакойна на нейкі час пакідаць калектыў, а справы ішлі цудоўна. Аб’ездзіў Амерыку, краіны Еўропы, Ізраіль і іншыя. Пераймаў усё найбольш прымальнае да нашых умоў і ўкараняў у сябе. І ўсім гэтым новым дзяліўся з іншымі. Стажыраваліся ў гаспадарцы прадстаўнікі самых розных рэгіёнаў краіны. Гэта прыносіла вялікую карысць. Многія практыканты потым паспяхова працавалі на кіруючых пасадах. 

Адольф Адольфавіч лічыў, што чалавеку працы прыемна, калі яго жыццём цікавяцца. Калгаснікі даверліва дзяліліся з ім сваімі клопатамі, праблемамі. Залатым правілам было ў яго дапамагаць людзям. Неяк да яго звярнулася даярка з просьбай дапамагчы адвезці хворага мужа за 60 кіламетраў у Лынтупскую бальніцу. Гэта падштурхнула старшыню калгаса будаваць сваю ўчастковую бальніцу, каб людзі не гублялі час на пераезды. У кожнага чалавека свае праблемы, якія трэба вырашаць.

Больш за сорак гадоў Адольф Адольфавіч кіраваў гаспадаркай. І ўвесь час імкнуўся спасцігнуць шматлікія тонкасці сельгасвытворчасці. Давяраў галоўным спецыялістам і жорстка кантраляваў выкананне сваіх даручэнняў. Запомніліся яго словы: «Калі сам не сяду пад кароўку і не пакажу, як умею даіць, то які ж я старшыня?» Лічыў, што пальцам ківаць — не метад кіравання. Жартаваў, калі маеш модны гальштук, а вопыту ніякага — ты не кіраўнік. Каб атрымаць поўнае права на кіраўніцтва, сам пастаянна вучыўся ў іншых. На маё пытанне, якім павінен быць сённяшні кіраўнік гаспадаркі, адказаў, што такім жа дбайным і клапатлівым пра тых, за каго ў адказе. У дзве змены арганізавалі працу калгаснага дзіцячага садзіка, каб без напругі жывёлаводы і паляводы распараджаліся сваім часам. Дзейнічаў у Навасёлках пральны камбінат.

Адусюль няўрымслівы Адольф Адольфавіч па крупінцы прывозіў і ўкараняў у сваёй гаспадарцы нешта новае. У першую замежную паездку ў Германію праз вагоннае акно ўбачыў, як сялянкі з матыгамі ўвіхаліся на цукровых плантацыях. Так вырошчвалі тады на беларускіх палях цукровыя буракі. Як толькі пасажырскі састаў перасёк нямецкую мяжу, ні адзінага чалавека сярод бяскрайніх радкоў цукровых буракоў не заўважыла пільнае вока старшыні. Вярнуўся з-за мяжы і школьнікам на апошнім званку сказаў: «Калі зоймеце першае месца на алімпіядзе, ніколі не будзеце пячыся на сонцы з матыгай у руках». Усе 450 школьнікаў дружна рассмяяліся. Матулі гэтых дзяцей сталі потым цікавіцца, чаму такое старшыня сказаў. У тое ж лета запрасіў фермера з Германіі, які дапамог у вырошчванні цукровых буракоў. Усе 8000 тон караняплодаў у тую восень убралі новым камбайнам.

Адольф Адольфавіч быў перакананы, што варта дбаць пра тое, хто заўтра будзе працаваць на нашых палях і фермах. У яго гаспадарку імкнуліся на працу з усіх куткоў былой вялікай краіны. Людзей вабілі спрыяльныя ўмовы працы і жыцця. Старшыня заўжды быў у творчым пошуку. Яго зацікавіла, як на ізраільскіх фермах атрымліваюць па 15 тысяч кілаграмаў малака ад каровы ў год. Паехаў убачыць сваімі вачыма. Без сарамлівасці спытаўся ў тамтэйшых жывёлаводаў, чаму ў СССР ні адзін гаспадарнік такіх паказчыкаў не дасягаў? І ў адказ пачуў, што для працы ў кібуцах іншыя ўмовы. Там, акрамя асноўнай вытворчасці, дзейнічаюць дадатковыя: прадзільны ці ткацкі цэх, альбо выраб ікры. Усё рытмічна працуе, і прадукцыя ўмомант разыходзіцца і дае свежыя грошы. Моладзь імкнецца там працаваць. Гэта падштурхнула Адольфа Адольфавіча стварыць у сваім калгасе падобныя вытворчасці, каб заахвоціць маладых. Сталі вырабляць аўчыну, шыць дублёнкі, выплаўляць алюміній і вылівалі падсвечнікі, іншыя бытавыя рэчы. Тавар карыстаўся павышаным попытам. У гаспадарку пастаўлялі з маскоўскага прадпрыемства першасортны алюміній і па чарцяжах выконвалі дэталі. Маскоўскае прадпрыемства мела выгаду, і калгасная моладзь атрымала пастаянны занятак і высокія заробкі. Агітаваць маладых заставацца ў вёсцы не трэба было. 

Марыў старшыня Валадзько стварыць на базе калгаса акцыянернае таварыства. Дзеля гэтага ў архівах выбралі, хто што ўнёс пры арганізацыі калгаса. Склалі спісы акцыянераў. Імі, акрамя працаўнікоў, сталі настаўнікі, выхавацелі дзіцячага садка, дактары і ўся вясковая інтэлігенцыя. Каб стаць членам таварыства, трэба было адпрацаваць пяць гадоў у гаспадарцы. Асноўны капітал падзялілі паміж членамі таварыства. У першы год выплацілі дывідэнды. У людзей з’явілася небывалая зацікаўленасць у выніках працы. За сродкі таварыства правялі меліярацыю зямель. Атрымалася, што ў старшыні Валадзько акцый болей, чым у іншых. Ён адмовіўся ад іх на карысць Дунілавіцкага дома састарэлых Пастаўскага раёна. Праз нейкі час прыехалі рэвізоры. Правяралі таварыства амаль паўтара гады. Нічога не знайшлі, а старшыні прапанавалі закончыць капіталізм і не бянтэжыць людзей. Гэта быў 1988 год. Тады стаяла чарга жадаючых працаваць у гаспадарцы. Старшыня вымушаны быў сабраць калектыў і заявіць, што акцыяніраванне адмяняецца. 

Адольф Валадзько вывеў пастаўскую гаспадарку імя Суворава на Усесаюзны п’едэстал гонару. Не гарэў, а палаў яркім жыццём. Першым вітаўся на золку з даяркамі на жывёлагадоўчай ферме, сустракаў механізатараў на яшчэ роснай хлебнай ніве, з вечаровымі зорамі пакідаў свежаскошаны луг і спяшаўся дамоў, дзе чакалі жонка Зоя Іосіфаўна, з якою пражыў паўвека, дачушкі Святлана і Эма, а потым і зяці, унукі. 

Няхай пухам агорне яго родная пастаўская зямля, якой слынны хлебароб аддаў усяго сябе. 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter