У Палацы Нацый у Жэневе прайшло «Беларускае свята вясны»

Як у жэневе вясну гукалі

У Палацы Нацый у Жэневе прайшло «Беларускае свята вясны». У ходзе імпрэзы акрэдытаваныя пры ААН дыпламаты і грамадскія дзеячы сусветнай супольнасці азнаёміліся з нашай нематэрыяльнай культурнай спадчынай і намаганнямі дзяржавы і грамадства па яе захаванні.


Жадаючых пазнаёміцца з традыцыйнай культурай беларусаў аказалася нечакана шмат — завіталі нават прадстаўнікі дыпкорпуса далёкіх Аўстраліі і Новай Зеландыі. Міжнародная супольнасць сёння добра разумее, што асноўная ўмова захавання вуснай і нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва — яе «жывое» існаванне ў паводзінных мадэлях людзей, у перадачы з пакалення ў пакаленне, і ў гэтым сэнсе адмысловасць нашай краіны цяжка пераацаніць. Падрыхтаваная імпрэза якраз і прадставіла перанятыя практыкі непасрэдна ад носьбітаў дагэтуль жывой традыцыі ў розных рэгіёнах Беларусі — валачобнікаў Браслаўшчыны, абраду «Ваджэнне і пахаванне стралы» вёсак Падняпроўя, панямонскага Юр’я і іншых.

Наведвальнікам Залы згубленых крокаў Палаца Нацый была прадэманстравана фотавыстава пра гістарычную архітэктуру, традыцыйныя святы і абрады нашай радзімы, а аўтэнтычныя песні і рэканструяваную смычковую і дударскую музыку выканаў ансамбль «Ветах». Пад архаічныя мелодыі песень гукання вясны сярод страката-святочных выяў птушак, развешаных на стылізаваных дрэвах, самыя рашучыя прадстаўнікі інтэрнацыянальнай аўдыторыі прайшліся ў веснавых карагодах і нават асвоілі нескладаныя па беларускіх побытавых танцаў.

На завяршэнне імпрэзы ў падарунак Генеральнаму дырэктару Аддзялення ААН былі перададзеныя сінічнікі, якія размесцяць на дрэвах у гістарычным парку Аддзялення ААН у Жэневе «Арыяна».

Ірына ЮР’ЕВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter