Печальные цифры выходных: ОСВОД и МЧС напомнили главные правила отдыха возле водоемов

Як у ваду глядзелі

Першыя сапраўды гарачыя выхадныя выклiкалi ажыятаж на пляжах. Аднак не ўсе аказалiся гатовымi да бяспечнага адпачынку: па даных Таварыства ратавання на водах, толькi за мiнулыя выхадныя ў краiне патанулi 24 чалавекi. Карэспандэнт «Р» паназiраў за працай Асвода i ўспомнiў асноўныя прынцыпы адпачынку на вадзе.

Праца ва ўзмоцненым рэжыме

На гарадскiх пляжах не тое што яблыку — зярнятку няма куды ўпасцi.

Як у суботу, так i ў нядзелю на гарадскiх пляжах не тое што яблыку — зярнятку не было куды ўпасцi. Яно i зразумела: калi на тэрмометры больш за 30 градусаў, а сонца палiць ва ўсю моц, сядзець у душнай кватэры горш за злачынства. У гэтыя днi на вадаёмах краiны ратавальнiкi працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.

— Яшчэ да пачатку купальнага сезона было прынята рашэнне кiраўнiкоў адмiнiстрацый аб дзеяннi таварыства ў летнi перыяд, падпiсаны гарадскi сумесны план па прафiлактыцы гiбелi людзей, — дзелiцца старшыня Мiнскай гарадской арганiзацыi Асвода Дзмiтрый Стаселька. — Там пазначаны штодзённыя рэйды. У асаблiва гарачыя днi, такiя як мiнулыя выхадныя, мы пераходзiм на ўзмоцнены варыянт працы. Звыш штатнай колькасцi прыцягваюцца людзi, свабодныя ад нясення службы па папярэджаннi надзвычайных сiтуацый.

Мы знаходзiмся на Цнянскiм вадасховiшчы. Тут, як i на iншых буйных вадаёмах краiны, за парадкам сочаць адразу некалькi арганiзацый.

— Арганiзавана ўзаемадзеянне з супрацоўнiкамi Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях, рэспублiканскiм атрадам спецыяльнага прызначэння, праваахоўнымi органамi i АМАПам, — распавядае начальнiк вадалазна-выратавальнай службы Мiнскай гарадской арганiзацыi Асвода Дзмiтрый Храпкоў.

На пляжах i вадаёмах праводзiцца цэлы комплекс мер, каб адпачынак быў не толькi прыемны, але i бяспечны. Па ўсёй тэрыторыi зон адпачынку праводзяцца пешыя абходы. На катарах пастаянна ажыццяўляюцца рэйды па папярэджаннi няшчасных выпадкаў i захаваннi правiл аховы жыцця людзей на водах. Мiлiцыя сочыць за аматарамi неправамернага распiцця спiртных напояў.

Дрон на варце бяспекi

З нядаўняга часу на Цнянскiм вадасховiшчы для абследавання забароненых месцаў выкарыстоўваюць дрон.

«Паважаныя грамадзяне адпачывальнiкi! Просiм выконваць правiлы паводзiн на вадзе i не заплываць за буйкi», — гучыць з мегафона заліхвацкі голас выратавальнiка.

Заліхвацкі — таму што на падкантрольнай яму тэрыторыi парушальнiкаў не назiраецца i ў яго задачу на дадзены момант уваходзiць толькi папярэджанне. Але не праходзiць i дзесяці хвiлiн, як аматар водных працэдур усё ж перасякае ўмоўную агароджу. Тут жа да яго стралой падлятае выратавальны катар:

— Вы парушаеце правiлы паводзiн на вадзе. Калi ласка, адплывiце ў зону, прызначаную для купання. Беражыце сябе!

Вуснай заўвагай парушальнiк не абыдзецца: на беразе яго ўжо чакае матрос, якi ветлiва запрашае грамадзянiна на станцыю для дакументальнай фiксацыi папярэджання.

Цiкавы выпадак назiраецца i насупраць самой выратавальнай станцыi Цнянскага вадасховiшча: дзве кабеткi заходзяць у ваду ў месцы, дзе купанне забаронена. I гэта на вачах у асводаўцаў! Вядома, па-за ўвагай парушальнiцы не застаюцца: выратавальнiкi просяць жанчын выйсцi з вады.

— Мы не купаемся, а асвяжаемся, — парыруюць жанчыны.

Даводзiцца адпраўляцца да iх на катары, каб растлумачыць неправамернасць iх учынку. Але, дарэчы, заўважыўшы, што наблiжаюцца ратавальнiкi, яны спешна выходзяць з вады i паспяваюць схавацца ў кустах.

З нядаўняга часу на Цнянскiм вадасховiшчы для абследавання забароненых месцаў выкарыстоўваюць робат. Выявiлi парушальнiкаў — пад'ехалi на катары, склалi адмiнiстрацыйны пратакол. Вельмi зручная рэч! На нашых вачах асводавец аглядае вадасховiшча з камер дрона i, выявiўшы нядобрасумленных плыўцоў, аддае загад выратавальнiкам выехаць на месца.

Дарэчы, папярэджваюць аб правiлах паводзiн на вадзе не толькi непасрэдна тых, хто купаецца, але i тых, хто толькi збiраецца ўвайсцi ў вадаём, а пакуль загарае на сонейку. Робiцца гэта i сiламi Асвода, i з прыцягненнем супрацоўнiкаў МНС i валанцёраў БРСМ. Хлопцы i дзяўчаты раздаюць брашуры-памяткi, у якiх даходлiва апiсаны асноўныя прынцыпы знаходжання ў зонах адпачынку i на вадзе.

Спiртное пакiньце дома!

Асаблiвая ўвага надаецца людзям, якiя прыйшлi на пляж не проста пазагараць i пакупацца, але i адпачыць гастранамiчна, нярэдка з распiццём спiртнога. Такiх грамадзян кантралююць супрацоўнiкi патрульнай службы i неадкладна праводзяць з iмi прафiлактычныя гутаркi. Галоўнае ў гэтым выпадку — не дапусцiць п'янага ў ваду, бо яму, як вядома, i мора па калена...

— Вале-ра, Вале-ра, — спявае на пляжы мужчына сярэднiх гадоў, парываючыся няўпэўненым крокам зайсцi ў ваду. — Ла-ла-ла-лай...

Бацькi павiнны кантраляваць сваiх дзяцей i адпускаць толькi на адлегласць выцягнутай рукi.

Па ўтрапёным позiрку i своеасаблiвым амбрэ становiцца зразумела: без алкаголю справа не абышлася. I хоць адпачывальнiк знаходзiцца ў кампанii сяброў, спыняць яго ў жаданнi пакупацца тыя не спяшаюцца. На шчасце, патрульныя матрос i мiлiцыянер заўважаюць гора-плыўца i не дазваляюць яму ўвайсцi ў ваду. А заадно выпiсваюць штраф за з'яўленне ў грамадскiм месцы ў стане ап'янення, каб у наступны раз, жадаючы адпачыць на прыродзе, мужчына тры разы падумаў, цi варта запраўляцца спiртным.

— Са слоў брыгады хуткай дапамогi, у 65-гадовага мужчыны, якi ў суботу патануў, здарыўся сардэчны прыступ, — тлумачыць Дзмiтрый Храпкоў. — У гарачую пару цела распаляецца. Пры сумяшчэннi высокiх тэмператур з алкаголем сасуды расшыраюцца, i калi чалавек уваходзiць у халодную ваду, адбываецца iх рэзкае звужэнне, што прыводзiць да тэрмамеханiчнага шоку.

Выратавальнiк нагадвае: купацца можна толькi ў спецыяльна абсталяваных месцах, а распiваць спiртныя напоi строга забаронена. Бацькi павiнны кантраляваць сваiх дзяцей i адпускаць толькi на адлегласць выцягнутай рукi.

— Калi вы плануеце адпачынак каля вады, выбiрайце спецыяльна дазволеныя месцы, у тым лiку дзе дзяжураць ратавальнiкi Асвода, — папярэджваюць у МНС. — Дно вадаёма павiнна быць чыстым i неглыбокiм, без карчоў, багавiння i глею. Паглядзiце, цi няма бiтага шкла, вострых камянёў i iншых небяспечных прадметаў. Назiрайце за дзецьмi, калi яны гуляюць на беразе, не губляйце iх з поля зроку.

МОВАЙ ЛIЧБАЎ

Паводле iнфармацыi Асвода, за мiнулыя выхадныя ў Беларусi ад утаплення выратавалi 26 чалавек. Яшчэ 755 атрымалася папярэдзiць. На жаль, 24 чалавекi патанулi. З агульнай колькасцi большасць выпадкаў гiбелi — у стане алкагольнага ап'янення i плаванне ў месцах, для гэтага не прыстасаваных.

grudnitskiy@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter