Як са сталiцы з’ехаць у палескую вёску i стаць аўтарам спектакля ў Купалаўскiм тэатры

Як трапіць у тэатр праз венік

Акцёры нярэдка становяцца рэжысёрамі, а вось каб дворнік стаў паважаным чалавекам у тэатры — гэта нейкая фантастычная гісторыя. Але яна здарылася. У Купалаўскім. Вядомы акцёр Раман Падаляка стаў адным з пераможцаў конкурсу Міністэрства культуры на лепшую рэжысёрскую эксплікацыю. «Ажывіць на сцэне» ён задумаў не драматургічны твор, а «Радзіва «Прудок», той самы дзённік Андруся Горвата, які не так даўно яшчэ працаваў дворнікам у тэатры. Сёння Горват — модны пісьменнік і палескі пустэльнік, а Падаляка — пазнавальная асоба з тэлевізара і неблагі акцёр. Разам яны стваральнікі новага спектакля, жанр якога вызначаны як касмічнае падарожжа. Пра тое, як два выпадковыя чалавекі сустрэліся на адной планеце, наша размова з Раманам Падалякам.

Раман ПАДАЛЯКА не мае рэжысёрскіх амбіцый, таму працягне выходзіць на сцэну Купалаўскага

— Раман, віншую вас з рэжысёрскім дэбютам, які хутка адбудзецца. Даўно марылі пра новую прафесію ці з’яўленне цікавага твора падштурхнула?

— Гэта можа падацца дзіўным, але ў мяне няма рэжысёрскіх амбіцый. На гэту сітуацыю гляджу так: мы з калегамі разам робім адну справу. Безумоўна, я кірую працэсам, але для мяне важна не выявіць нейкія рэжысёрскія задумкі, а вырашыць, як гэты тэкст увасобіць у тэатральную пастаноўку, каб атрымалася жывое, арганічнае дзеянне.

— Інакш кажучы, каб не з’явіўся гэты тэкст, то не было б і вашага рэжысёрскага дэбюту? 

— Не ведаю. Я вельмі крытычна стаўлюся да сябе як да акцёра і рэжысёра. Разумею, каб мець права сказаць што-небудь з рэжысёрскага боку, трэба яшчэ добра нахапацца, ў сэнсе навучыцца. Мяне выратоўвае тое, што ў тры гады мяне аддалі ў тэатральную студыю і мой акцёрскі стаж перакрывае недахоп рэжысёрскай адукацыі.

— Вы цяпер з калегамі-акцёрамі па розныя бакі барыкад. Як працуецца з імі ў новай іпастасі?

— Зусім нескладана, таму што гэта мае сябры. Разумею, што рэжысёр, які дагэтуль не быў бы звязаны нейкімі стасункамі з гэтымі акцёрамі, рабіў бы ўсё гэта інакш, магчыма, больш хутка. Але для мяне тут не так важна пастановачная частка, галоўнае, што ім таксама падабаецца гэты матэрыял, яны хочуць увасобіць яго ў жыццё. Я не перакладаю на іх адказнасць, а дзялю яе разам з імі. Скажам так: усё гэта робіцца па любові.

— Горват — чалавек у сабе, як дастукаліся да яго?

— Аднойчы я падыходзіў да тэатра і ўбачыў, як хлопец у малінавых джынсах асцярожна падмятае лісце, якое прыгожа кружыцца ў паветры і павольна апускаецца. Я падумаў: цікавы чалавек, напэўна, трэба было б пагаварыць з ім. Але потым перадумаў: маўляў, розныя могуць быць акалічнасці ў жыцці, калі ён дворнікам працуе. Потым з Мінска ён з’ехаў у дзедаву хату ў Прудок, там пачаў пісаць свой дзённік. І пасябравалі мы ўжо праз Фэйсбук, сустрэліся ў тэатры. І ведаеце што ён мне напісаў? «Чалавеку, да якога я баяўся падысці, калі працаваў дворнікам». Вось як бывае ў жыцці. Цяпер гэты страх у абодвух знік, і ў нас з’явіўся сумесны праект. 

Андрусь — вельмі дзіўны чалавек. Калі ў нас пачаліся з ім стасункі, то адразу з’явілася адчуванне, быццам бы я яго даўно ведаў. Чамусьці свае самыя перажывальныя моманты стаў давяраць менавіта яму. Напрыклад, першы чалавек, якому я расказаў, што ў мяне нарадзілася дачка, быў Андрусь. Хаця на той час мы былі наогул мала знаёмыя. Жыццё часам наўмысна сутыкае цябе з нейкімі людзьмі — такая мая філасофія. 

— Сёння вельмі модна перапрацоўваць драматургію па-свойму. У вас жа сітуацыя куды больш складаная: ніякай драматургіі наогул няма. Калі вырашылі ставіць гэты твор, як уяўлялі сваё супрацоўніцтва з аўтарам?

— Андрусь даў нам карт-бланш. Але я нават не марыў пра гэта. Разумею аўтара, які напісаў твор і хоча, каб яго паставілі, што называецца, блізка да тэкста. І гэта нармальная гісторыя. Але ў той жа час аўтар павінен разумець, што спектакль — гэта не кніга. І некаторыя рэчы, якія працуюць у кнізе, зусім не працуюць у спектаклі. І наадварот. Часам патрабуюцца змены, нейкія дадатковыя абставіны, таму я раюся з Андрусём наконт таго, каб нешта дапісаць, але ён заўсёды: «Не-не, гэта вы самі». Я вельмі ўдзячны яму за гэта, бо працэс мог зацягнуцца надоўга. А так мы пераробліваем самі, захоўваючы яго стылістыку. Хаця першапачаткова прыйшлося шмат папрацаваць, каб з дзённіка, які складаецца з кароткіх допісаў, зрабіць драматургію. Доўга шукаў форму, якая будзе прымальнай для гледачоў.

— У Прудку былі?

— Не яшчэ. Так, у нас з акцёрамі была думка на некалькі дзён паехаць туды, пажыць. Але аказалася, што гэта зрабіць дастаткова складана. Мы ўсе заняты ў спектаклях і рэпетыцыях, і сабрацца ўсім, каб паехаць, гэта складана лагістычна. Але да прэ’меры мы абавязкова дабяромся туды. Больш за тое, летам збіраемся ў Прудку паказаць свой спектакль. 

— Дзіўна, што не падыхалі яшчэ прудкоўскім паветрам.

— Гэта ж не дакументальны тэатр. Да таго ж, напрыклад, у Андруся цётка — гэта вобраз сабіральны. Ён назірае за людзьмі і «складае» нейкія рысы ў аднаго чалавека. І калі б мы рабілі дакументальны спектакль і галоўнай мэтай было паказаць яго жыхароў, то гэта была б адна гісторыя. У нас жа — іншая. Я нездарма абраў касмічны стыль, таму што ў нашай версіі галоўны герой ляціць у Прудок як касманаўт. І для яго людзі — гэта іншапланецяне. Чалавек адкрывае для сябе іншы сусвет, іншую планету.

— Сваім гледачом вы ўяўляеце чалавека, які прачытаў гэту кнігу? Недасведчанаму можа быць незразумела.

— Я хацеў бы, каб чалавек, які прыйдзе да нас на спектакль, быў знаёмы з творам. Але мы робім так, каб спектакль зачапіў і тых, хто не чытаў кнігу. 

— Калі вы так добра пасябравалі з аўтарам кнігі, можна сказаць, знаходзіцеся на адной касмічнай хвалі з ім, чаму б самому не стаць галоўным героем спектакля?

— Я хацеў убачыць гэту гісторыю збоку, калі можна так сказаць праз рэжысуру. Хаця першая ідэя была менавіта сыграць гэтую ролю. Але, як кажуць, на двух крэслах уседзець вельмі складана, таму пакінуў за сабой амплуа стваральніка, назіральніка.

— Чаму на галоўную ролю абралі Міхаіла Зуя?

— Мне падаецца, у іх падобная псіхафізіка. Але ўсё гэта не важна. Паўтаруся: гэта не дакументальны тэатр, тут не патрэбны дакладны злепак з Горвата. Самае галоўнае — перадаць ход думак, якія ёсць у кнізе. Астатнія сакрэты ракрываць пакуль не буду.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter