Як сватоў выбіралі

Пасля Піліпаўкі і святкавання Калядаў пачыналіся “мясаедныя вяселлі”. Таму зараз як раз той самы час, калі будучыя нявесты і іх бацькі клапаціліся пра прыданае і пра тых, хто будзе “кіраваць” вяселлем.

Пасля Піліпаўкі і святкавання Калядаў пачыналіся “мясаедныя вяселлі”. Таму зараз як раз той самы час, калі будучыя нявесты і іх бацькі клапаціліся пра прыданае і пра тых, хто будзе “кіраваць” вяселлем.

Унікальнасць ролі сватоў зводзілася да цэлага шэрагу патрабаванняў. Зусім невыпадкова першымі прэтэндэнтамі на гэту ролю аказваліся хросныя бацькі жаніха ці нявесты. Менавіта хросны бацька ці маці  былі асноўнымі ў дружыне, якая адпраўлялася ў сваты. Калі ж шэраг прычын (удаўство, смерць дзяцей, развод, другі шлюб) не дазвалялі хросным стаць сватам і сваццяй на вяселлі сваіх хроснікаў, тады сватоў выбіралі з боку.

  • Сватамі запрашалі людзей, якім не менш як 40 гадоў і якія жывуць у шлюбе і маюць дваіх і больш дзяцей. Ніякіх сітуацый “недасканаласці” ў стаўленні іх не дапускалася. У адпаведнасці з асноўнымі правіламі народнай культуры пары сватоў выбіралі з ліку сяброў, суседзяў, сваякоў, якія добра ведалі мясцовыя традыцыі, прыказкі, прымаўкі, цікавыя гісторыі, словам, умелі пагаварыць і павесяліць. Сёння ролю свата на вяселлі выконвае вядучы ці тамада. Ад іх прафесіяналізму залежыць, у якім рэчышчы пройдзе вяселле — традыцыйны абрад злучэння двух родаў: з захаваннем духоўных каштоўнасцей і высокай культуры зносін ці абрад будзе ператвораны ў банальнае застолле, якое суправаджаецца пахабнымі анекдотамі і забавамі “ніжэй плінтуса”.
  • Народны досвед перасцерагаў: таго, хто ўдзельнічаў у найважнейшых рытуалах пахавальнага абраду, больш ніколі не запрашалі быць ключавой постаццю на вяселлі — сватамі.
  • Сёння практычна цалкам згублена асноўная функцыя свата і свахі — сватаць маладых людзей. Але, як і раней, на вяселлі  прысутнічаюць людзі, якіх перавязваюць ручнікамі і ўмоўна завуць сватамі. Абапіраючыся на вопыт продкаў, адзначым, што пары сватоў былі як з боку нявесты, так і з боку жаніха.
  • Таму і сёння маладым людзям  хочацца параіць выбіраць у сваты  шлюбныя пары з кожнага боку, не дазваляючы іх рытуальнага падзелу. Гаворка ідзе пра сучасную ці “гарадскую” традыцыю, калі сваццю выбіраюць з боку нявесты, а свата — з боку жаніха.
  • Завязваючы ручнікі сватам, успомніце пра сімволіку правага (мужчынскага) і левага (жаночага) у абрадавым полі беларускай традыцыйнай культуры. Такім чынам, ручнік свату завязваюць праз левае плячо пад правую руку, а свацці, наадварот, праз правае плячо пад левую руку.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter