Як Сонька хацела выйсцi замуж

Жыла-была дзяўчына Сонька. Яе даўно можна было б называць Соня, Соф’я i нават Соф’я Iванаўна. Яна падбiралася да такiх гадоў, калi ў яе адрас кiдалi спачувальныя рэплiкi: “Старая дзева, нечапаная векавуха”. Але ўсе ў вёсцы называлi яе Сонькай

Жыла-была дзяўчына Сонька. 

Яе даўно можна было б называць Соня, Соф’я i нават Соф’я Iванаўна. Яна падбiралася да такiх гадоў, калi ў яе адрас кiдалi спачувальныя рэплiкi: “Старая дзева, нечапаная векавуха”. Але ўсе ў вёсцы называлi яе Сонькай. 

Бацькi трапна падабралi ёй iмя. З iншым, здаецца, яна б i не зжылася. Сонька была сонечнай, круглай усюды — i ў грудзях, i нiжэй — што спераду, што ззаду. Рукi i лыткi вылучалiся паўнатой. А галава сапраўды нагадвала нябеснае свяцiла: шчокi ружовыя, калабковыя, а валасы рыжавата-агнiстыя, пышныя. 

Жыла Сонька адзiнока ў бацькоўскай хаце. Бацька i мацi рана паўмiралi. Браты i сёстры пазвiвалi свае гнёзды, хто ў гэтай вёсцы, хто ў суседняй. А да Сонькi прыходзiлi, прыязджалi ў госцi, ды хутчэй не зусiм да яе, а ў хату, дзе жыў дух бацькоў, дзе ўсё нагадвала пра родны кут, дзе зарыта пупавiна, дзе люлялi ў зыбалцы, дзе праходзiла маленства. 

Вёска, у якой жыла Сонька, хаця i лiчылася старадаўняй, але ў ёй мясцiлася ўсяго дваццаць сем хат. Тут ведалi адзiн пра аднаго, як у сям’i. Кашляне хто ў адным канцы сяла — чуваць у другiм. Вяселлi, народзiны, пахаваннi праводзiлi разам. Бывала, што ўсёй вёскай сваталi дзяўчыне хлопца, а хлопцу — дзяўчыну. Калектыўна i судзiлi, калi хто якi грэх утворыць. Усе гуртам i хаты будавалi, i пажары тушылi, i хваробы лячылi. Во ў якой вёсцы жыла Сонька. 

У дзяўчыны было ўсё сваё. Ложак мяккi, з пярынай i пуховымi падушкамi. Шафа трашчала ад убораў, бо ад мацi засталася швейная машынка, i Сонька стала запраўскай майстрыцай-краўчыхай. I сабе шыла, i людзей абшывала. Так пералiцуе, пераробiць старую сукенку, што выходзiць як магазiнная. А з новай тканiны выштукоўвала ўсялякiя мадэлi. 

У Сонькi заўсёды i ў хаце чыста, прыбрана, i ў двары падмецена. У хляве карова мукае, у хляўку свiнчо рохкае, у дворышчы куры сакочуць, певень кукарэкае. На градах гуркi, памiдоры раскашуюць, на сотках бульба налiваецца ў клубнi. У яе палiсаднiку расла калiна i куст бэзу. Вясною з лазняку сюды залятаў нават салавей. А вераб’i чырыкалi тут з ранку да вечара. 

Усё добра, але Соньцы не хапала гаспадара — дрывасека i аратага, касца i заступнiка. Ёй хацелася так выйсцi замуж, каб за мужам быць паняй, каб кахаў, паважаў i шанаваў, каб на адну яе глядзеў i нiкуды не ўнадзеў. 

Тады просты люд яшчэ не ведаў нi Iнтэрнетаў, нi сайтаў, нi мабiльных слухавак, нi шлюбных агенцтваў. У вёсцы iснавала сваё, бяздротавае радыё — з вуснаў у вусны. О, гэта была самая надзейная сувязь! З яе дапамогай вельмi хутка разнеслася па наваколлi, што Сонька-краўчыха шукае жанiха. 

Да таго часу Сонька асвоiла шыць розныя мужчынскiя шапкi. Магла адчыбучыць iх на любы густ. У яе ладна выходзiлi i зiмовыя вушанкi, i кепкi-васьмiклiнкi, i фуражкi з доўгiмi казыркамi. Адзiн грамацей заказаў галаўны ўбор, як у Ленiна, з выгiбам наперадзе. Сонька ўлагодзiла нават такога заказчыка. 

Заказаць шапку да Сонькi заходзiлi i яўныя кандыдаты ў жанiхi. Iх краўчыха вылучала iмгненна. Такiя клiенты няспешна, падрабязна тлумачылi, якую iм трэба пашыць шапку, а калi яна рабiла замеры галавы, iмкнулiся дакрануцца сваёй рукой да яе рукi. Яны, як бы незнарок, то кiдалi позiрк на саму Соньку, то азiралi яе хату, асаблiва высокi ложак з гарой падушак, накрытых вышыванай накiдкай. 

Больш смелыя жанiхi прыходзiлi з паўлiтэркай i са сваёй закуссю. Пасля чаркi-другой рабiлi спробы выказаць свае пачуццi. Але Сонька вельмi хутка пачынала разумець, што iх нюняў хопiць толькi да пасцелi, а пасля кавалер i забудзе, чаго прыходзiў. Такiм нахабам яна суха аб’яўляла: 

— На прымерку шапкi прыходзь праз тыдзень... 

Сярод Соньчыных жанiхоў былi хлопцы з рознымi iмёнамi — сялянскiя i шляхецкiя, з рознымi насамi — бульбiнай i дзюбай, з рознымi характарамi — цiхонi i буяны, з рознымi намерамi — выпiць i гульнуць. 

I кожны раз, калi выправаджвала з хаты назолу, прыгадвала мамiны словы: “Не аддавай мяне, татачка, нi за прапоя, нi за разбоя”. 

Не пераступаў парог толькi той, якi б крануў сэрца, якi б сагрэў душу, якi б запалiў агонь кахання. А жыў ён зусiм недалёка... 

*** 

Жыў-быў Барыс не за сiнiм морам, не за высознай гарой, не ў далёкiм замежжы, а ў той самай вёсцы, у якой жыла i Сонька. Яго называлi бязжонным, бо нiяк не мог падабраць сабе пару. 

У iх сям’i — сямёра дзяцей. Усе дзеўкi, Барыс — адзiны спадчыннiк. Бацька рыхтаваў з яго сабе замену. Змалку прывучаў Барыса да сялянскiх работ. А iх столькi, што нават самы мудры арыфметык зблытаецца ў падлiчэннi. 

Для сучасных маладых, якiя купляюць малако, тварог i смятану толькi ў гастраномах, нагадаем, як даўней вясковец усё гэта здабываў сам. 

Каб назапасiць карове сена, мала ўмець касiць, хаця гэта вельмi ж няпростая справа. Пракос за пракосам пратупвае касец усю сенажаць. Тут патрэбны i сiла, i ўмельства, i спрыт, i цярпенне. А пасля касу трэба накляпаць,натачыць, насадзiць. Кассё, ручка, мянташка — усё самаробнае. У магазiны не пабяжыш, не купiш. Умей сам вырабiць. 

Калi трава скошана, узбройвайся граблямi, якiя змайстраваў з маладой лiпкi, а “зубы” — з дуба-мацака. Траву растрасi на пракосах, павярнi пару разоў, тады чыста зграбi, складзi ў копы, а тыя копы коньмi цi на насiлках сцягнi да адзёнка. На iм самы вопытны селянiн складзе стог сена. Верхавiну замацуе лазовымi перавясламi, саскочыць унiз i залюбуецца: ёсць сена — будзе малако! 

Умекам мусiш быць кругом: поле ўзараць i плуг змайстраваць, каня запрэгчы i вупраж адрамантаваць, збажыну змалацiць i млын запусцiць, свiнчо выгадаваць i свежанiну зрабiць, лён вырасцiць i ткацкi станок зладзiць, хлебнiцу збандарыць i лыжкi з лiпы выстругаць... 

Барыс усяму гэтаму навучыўся ад бацькi. Ён удаўся ахвочым i да кнiжак. Вучыўся ў школе, на курсах. Асвоiў кавальскую прафесiю. Быў мудзёр запусцiць у рух усю тагачасную тэхнiку — лесапiлку, малатарню, саламарэзку, электраматор, помпу. Пра яго казалi: “Хлопец без прынукi засвоiў усе навукi”. 

Лапцi i кашы любiў плесцi. Грыбнiк адмысловы. Рыбак цярплiвы. Садоўнiк умелы. Дрывасек лоўкi. 

А яшчэ Барыс самавукам асвоiў гармонiк, лёгка i без стомы танцаваў. Мог пад настрой заспяваць сваю любiмую песню “Распрагайце, хлопцы, коней”. 

Бацькi перадалi Барысу па генах усю сваю прыгажосць. Валасы звiты з чорнай навальнiчнай хмаркi. Твар вытачаны са слановай косцi. Постаццю ўдаўся ў алiмпiйца-атлета. Вопратку насiў простую, часам саматканую, самаробную, але з густам. 

Такога малайца любая дзяўчына хацела б мець мужам. Сохла па iм i Сонька. Яна навучылася малiцца i прасiла Бога, каб надавумiў Барыса палюбiць яе. Калi гэта не памагло, пачала прымяняць чары. Нехта падказаў ёй: калi спекчы праснак i закласцi ў яго кроплю сваёй крывi, i калi хлопец з’есць той праснак, то прысохне да дзяўчыны так, што нiчым не адарвеш. Соньцы ўдалося спячы такi гасцiнец i ўдалося пачаставаць iм Барыса. Але халасцяк заставаўся раўнадушным да яе. 

Барыс верыў: ёсць на свеце каханне, якое лепш за ўсю мудрасць, каштоўней за ўсё багацце, мацней за саму смерць. Яму хацелася парушыць адвечную несправядлiвасць, калi бацькi вырашалi за дачок, у якую сям’ю iсцi замуж, а за сыноў — каго браць у жонкi. 

Па старых мерках Сонька была б прыдатнай жонкай Барысу. Жыве побач. Не гультайка, майстрыца. Што красой не ўдалася, дык гэта не загана. Бацька казаў: “З красы не пап’еш расы. А што паўнацелая, дык гэта ж добра, сынок. На дошках мы яшчэ наляжымся...” 

Аднойчы Сонька вырашыла без усялякiх намёкаў, зацiснуўшы ў душы ганарлiвасць, першай зрабiць крок да сэрца Барыса. 

Была вечарынка ў старой Сцяпанiхi. Удава мела вялiзную хату. З ахвотаю пускала да сябе моладзь. “Хай гуляюць, хай весяляцца, i мне паратунак ад адзiноты”. 

У той вечар iграў гармонiк, бiў бубен. Танцавалi i польку, i вальс, i кракавяк, i падэспань. Сонька сядзела i чакала, што вось-вось яе запросiць Барыс. Але ён круцiўся каля маладзейшых. Раптам яна адарвалася ад лавы, спрытна падскочыла да Барыса i сама запрасiла яго на вальс. Яны абнялiся для танца, i Сонька адчула, што ўсё яе цела гарыць, трымцiць, а твар палымнее чырванню. У канцы танца прапанавала: 

— Барыс, правядзi мяне сёння дахаты... 

— Калi хто цябе не перахопiць. 

— Што ты, Барыс, толькi з табой. 

На тым i прыпынiўся танец. 

Пакуль музыкi перакурвалi, моладзь задумала гульню ў фанты. Барысу выпала выкупляць свой фант-рэмень пацалункам з дзяўчынай пад нумарам сем. Ёю аказалася настаўнiчына дачка Акцябрына. Божа, ён жа даўно гэтага хацеў, жадаў! Бялявая прыгажуня была глыбокай душэўнай тайнай Барыса. Маланка секанула яго па ўсiм целе, i пад гром воплескаў ён кiнуўся да збянтэжанай Акцябрыны, прылюдна абняў яе i моцна пацалаваў. У гэты мiг Соньчына сэрца ледзь не ёкнула ад рэўнасцi. 

Позна разыходзiлiся са Сцяпанiшынай хаты. Цемра ахутала вёску. Нават месяц, вечны спадарожнiк закаханых, схаваўся за хмарку. Школьнiкi збiралiся гуртамi i з галёканнем, смехам i свiстам iшлi ў свае канцы вёскi. Старэйшыя разбiвалiся па парах. 

Барыс i Сонька iшлi поруч. Дзяўчына як бы баялася, што хлопец некуды можа збегчы, моцна трымала яго за руку. Барыс целам быў з ёй, а душой — з Акцябрынай. Як бы яму хацелася абняць яе i цалаваць, цалаваць! Але побач была iншая. 

— Барыс, пераходзь да мяне жыць, — адчайна вышаптала Сонька тыя словы, якiя сядзелi на кончыку языка. 

— Прымаком каб называлi? 

— У вашай жа хаце людзей, як семак у гарбузе. 

— Нiчога, жывём дружна... А жонку выберу, калi сваю хату збудую... 

Размова халадзела. 

Сонька зразумела, што дарэмна стараецца, дарэмна адкрыла сваё сэрца. Барыс грэбуе ёю, як бы насмiхаецца над яе пачуццямi. 

— Ну што ж, тады бяжы да Акцябрыны, якую цалаваў... 

Сонька рэзка вырвала з яго далонi сваю руку, увiшна крутнулася да сваёй брамкi, ляснула клямкай i, перад тым як увайсцi ў двор, сказала: 

— Ой, Барыс, глядзi, каб не пашкадаваў... 

— Добрай ночы, — галантна пажадаў Барыс i пакiраваў да бацькоўскай хаты. 

Той ноччу Соньцы не спалася. 

Яна задумала настрашыць Барыса. Праз некалькi дзён завезла ў раён тайнае пiсьмо. Усю дарогу назад цешыла сябе: “От, цяпер хай пакукарэкае... Хай саб’юць яму ганарок... Прыбяжыць да мяне, як мiленькi...” 

*** 

У прыродзе стаяў месяц кастрычнiк. Па даўнейшым славянскiм календары — месяц-паздзернiк. Здзiраў лiсце з дрэў, азалочваў iм зямлю. Па небе гойсалi шэра-чорныя хмары, разносiлi нудны дождж i сырую прахалоду. 

Iшоў 1937 год. 

Па савецкай зямлi гарцавалi, як i хмары, шэра-чорныя «варанкi». Iм падуладны былi любыя дарогi, нават калюжныя. Яны дагоцвалiся да самай глушменi, як i вораны-груганы, абы там быў свежы здабытак. 

Досвiткам падкацiў такi «варанок» i да хаты, дзе жыў Барыс. Спраўнiкi ўспоркалi ўсю сям’ю, загадалi хлопцу збiрацца ў дарогу. 

— Што задумалi, таварышы? — падступiўся бацька да чалавека з кабурой. 

— Забаронена ўступаць у размову, — строга абарваў пытанне ўзброены законнiк. 

— Я незаплямлены, тата... Не хвалюйцеся... К вечару вярнуся, — супакоiў Барыс бацькоў i сясцёр, выйшаў на вулiцу i пяшком пакiраваў да «варанка». 

Барыс не вярнуўся нi вечарам таго дня, нi праз месяц, нi праз год. А ў вёску прыляцела страшная вестка: “Барыс — вораг народа”. 

Праз шмат гадоў пляменнiк Барыса, кандыдат гiстарычных навук, знайшоў у архiвах Камiтэта дзяржаўнай бяспекi рассакрэчаныя дакументы. Сярод iх — справу свайго дзядзькi. Яму дазволiлi нават перазняць копii некаторых старонак. 

З анкеты арыштаванага нашчадкi даведалiся, што Барыса Бранiслававiча арыштавалi, калi яму было дваццаць сем гадоў. Пашпарта не меў, сацыяльнае паходжанне — з сялян. Жыў у сям’i раскулачанага кулака. У iх — свая зямля, два канi, дзве каровы, пяць авечак i хата з надворнымi пабудовамi. Нi ў якiх армiях не служыў, у бандах не ўдзельнiчаў, па нацыянальнасцi — беларус, беспартыйны. 

З пратаколаў допытаў высвятляецца, што Барыса Бранiслававiча абвiнавачвалi ў стварэннi ў вёсцы падпольнай арганiзацыi, якая ставiла сваёй мэтай звергнуць савецкую ўладу. Барыс, аказваецца, быў шпiёнам  буржуазнай Польшчы, распаўсюджваў правакацыйныя чуткi пра тое, што ўлада забярэ ў сялян увесь хлеб i будзе голад, прадказваў вайну i развал калгасаў. А яшчэ ён вiнаваты ў тым, што чытаў вяскоўцам газеты. 

Праз трыццаць шэсць дзён пасля арышту Барыс Бранiслававiч пастановай асобай тройкi НКУС  БССР быў прыгавораны да расстрэлу. 

Доўгiх дваццаць два гады бацькi, сёстры Барыса, яго пляменнiкi i стрыечныя ўнукi насiлi кляймо — “родзiчы ворага народа”. Урэшце ўлады разабралiся, што абвiнавачванне вяскоўца было неаб’ектыўным i недаказаным. Барыса Бранiслававiча пасмяротна рэабiлiтавалi. Два супрацоўнiкi Камiтэта ўнутраных спраў, якiя прымалi ўдзел у гэтым расследаваннi, асуджаны за фальсiфiкацыю... 

*** 

А што ж з Сонькай? 

Яна пакарала сама сябе. 

Пасля арышту Барыса пасадзiла сябе пад хатнi арышт. Нiкуды не хадзiла, са свайго двара амаль не вытыркалася. Хiба што з вядром па ваду ў калодзеж. 

Аб’явiла ўсiм, што дрэнна стала бачыць, i не прымала анiякiх заказаў на шыццё. Як краўчыха яна перастала iснаваць. 

Жыўнасць з хлява пачала пакрысе збываць. I ў яе гаспадарцы засталiся толькi дзве курыцы, певень i кот Барыс. Кажуць, яна вельмi любiла таго пухналя. З iм спала, яму купляла ў суседа малако, для яго нават лавiла пасткай мышэй. 

Замуж Сонька так i не выйшла. Не зведала смаку мацярынства, асалоды сямейнага жыцця. Адзiнокай звекавала ў бацькоўскай хаце. У яе не было нi радыё, нi тым больш тэлевiзара. Газет i кнiжак не чытала. Гадамi слухала цiшыню, бзыканне мух на вокнах, мурлыканне ката на печы. 

Пад старасць Сонька зусiм аслепла. Казала: “Бачэлкi мае затуманiлiся”. Хадзiла з кiёчкам. Распаўнела так, што на куфайцы не зашпiльвалiся гузiкi. Выходзiла летам на вулiцу, садзiлася на лавачку каля хаты i гадзiнамi грэлася на сонцы. Вяскоўцы яе бачылi ў адным i тым жа ўборы: на галаве — шэрая хустка, сукенка землянога колеру, зверху — вязаная чорная камiзэлька, на нагах — самаробныя сiвыя буркi, падшытыя карычневым дэрмацiнам. Ва ўсiх, хто праходзiў мiма, яна пыталася: “А цi не бачылi вы майго Барыса?” Маладыя лiчылi, што яна шукае свайго ката. А людзi старэйшыя думалi, што Сонька рэхнулася, бо яе кавалера Барыса ўжо даўным-даўно няма на гэтым свеце. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter