Як ружа со сталёвым бляском...

Шкада, што я не валодаю талентам цудоўнага пісьменніка О`Генры – фенаменальнага майстра кароткіх апавяданняў з непрадказальнай фабулай і звычайна шчаслівым канцом.
Але не будзем журыцца. Ёсць, ёсць магчымасць прадоўжыць серыю неверагодных гісторый у стылі майго куміра. Прычым такіх, што сам О`Генры палічыў бы за гонар напісаць цудоўную навелу аб незвычайнай жанчыне. Пры ўмове, калі б ён жыў у наш час і быў знаёмы з выдатнай актрысай і на рэдкасць багатай душы чалавекам Святланай Акружной. Уся краіна ведае яе і як народную артыстку Рэспублікі Беларусь, якая працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, і як члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Толькі наўрад ці пісаў бы О`Генры навелу пра жанчыну-палітыка. Куды больш цёплым і ўдзячным атрымаецца сюжэт пра лёс жанчыны-маці. Трагічнае і светлае ў ім зраслося адзінай пупавінай. І самае неверагоднае, а можа, нават і непадуладнае знакамітаму амерыканскаму класіку, што з такой творчай задачай справілася... сама гераіня. Кніга народнай артысткі краіны Святланы Акружной “Все прожить – и чтобы сердце не разбилось” па жанры набліжана да споведзі. Сябры і калегі трапна параўноўваюць гэты твор з бестселерам савецкага мінулага – раманам Мікалая Астроўскага “Як гартавалася сталь”. І ніхто такой смелай заявы не аспрэчвае. Чаму так? Звернемся да падзей амаль 12-гадовай даўнасці. Сын Святланы Арцёмаўны Дзмітрый, праходзячы тэрміновую службу, па трагічнай выпадковасці атрымаў цяжкае кулявое раненне ў шыю, якое парушыла дзейнасць жыццёва важных органаў. Жыццё юнака павісла на тонкім валаску: медыкі сумняваліся ў магчымасці вярнуць яго да жыцця і рыхтаваліся да горшага. Але тое, што не могуць іншыя, можа маці. Святлана Акружная ў гэты трагічны час кінула працу ў тэатры і бясконцую чараду дзён і начэй праводзіла каля пасцелі паміраючага сына. Па яе асабістым прызнанні, яна прайшла ўсе кругі пекла, сваю мацярынскую любоў пераплавіла, а дакладней, пераплакала ў жывую і гаючую ваду, пра якую пішуць хіба што ў казках. І наўрад ці была яшчэ ў свеце сястра міласэрнасці, падобная на гэтую змучаную маці. У хвіліны, калі яна адыходзіла ад ложка, нараджаліся думкі і радкі для будучай кнігі. Тады яна не думала пра кнігу. Проста занатоўвала самае важнае пра час, пра сябе, пра людзей, з якімі знаходзілася побач. І гэта быў подзвіг. Святлана Акружная здолела вярнуць да жыцця сына насуперак усім медыцынскім прагнозам, а таксама зрабіць падмурак для кнігі-споведзі пад такой трагічна-выразнай назвай. Вось чаму ніхто не аспрэчвае, што выдадзеная ў мінулым годзе споведзь мацярынскага сэрца Святланы Акружной з’яўляецца і сапраўды сучасным варыянтам “Як гартавалася сталь”. Беларускім варыянтам. Кніга ўбачыла свет па метадзе “народнай талакі”. Як сялянская хата, вянок за вянком, яна ўзнялася на дзесятках плячэй. Асабліва паспрыяў у фінансаванні выдання і аказаў творчую падтрымку вядомы пісьменнік і грамадскі дзеяч нашай дзяржавы Мікалай Чаргінец. Не ад самой Святланы Акружной, а ад яе сяброў я даведаўся, што Чаргінец ахвяраваў на выданне “споведзі мацярынскага сэрца” некалькі мільёнаў рублёў, заробленых нялёгкай пісьменніцкай працай. А рэдагавалі сабраныя матэрыялы вядомы пісьменнік Барыс Бур’ян і віцебскі літаратар Аркадзь Шульман. Шмат зрабіў для выхаду ў свет кнігі вядомы журналіст, шчодры душою і сэрцам чалавек Леанід Крэскіян. На вя-лікі жаль, ён не дачакаўся гэтага свята, бо заўчасна памёр. Кніга Святланы Акружной – таксама вогненнай пробы, як ружа са сталёвым бляскам. Нехта даўно ўжо саму славутую актрысу назваў жанчынай-зоркай. І гэта не метафара. Ад асобы Святланы Акружной нібыта сыходзіць залаты сноп жыватворнага святла. Яе фенамен здзіўляе многіх. Яна і ў правінцыі не згубілася, а заззяла зоркай першай велічыні. Стала не проста народнай артысткай краіны па афіцыйным званнi, а народнай па прызначэннi. І не ў якасці камплімента хочацца засведчыць: Святлана Акружная з’яўляецца нацыянальным скарбам усёй Беларусі, а не толькі Віцебска і Коласаўскага тэатра.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter