Якія падарункі можна вярнуць у магазін, а якія не прымуць ні ў якім разе?

Як развiтацца з нялюбымi

У пачатку студзеня пад ёлкай набіраецца шмат падарункаў. І часта пад яркай абгорткай хаваецца не зусім тое, што мы хацелі б. Або трапляе трэці па ліку фен, лішнія наборы касметыкі. Непатрэбныя прэзенты можна вярнуць і атрымаць грошы. Таму свята прайшло, а чэргі да кас засталіся — у магазінах усплёск зваротаў. Як «падзарабіць» пасля святаў і ў якіх выпадках не пашанцуе, даведалася карэспандэнт «Р».

Бывае, што падарункі, якія мы атрымліваем ад  блізкіх у святы, нам не па душы. Але сумаваць не трэба: многія рэчы можна абмяняць на грошы

На рынку «Ждановічы», дзе пару дзён таму я набыла выдатныя туфлі, мяне сустракаюць вельмі ветліва.

— Што, спадабаліся? Я ж казаў! Можа, боты яшчэ возьмеце? Новы прывоз! — рэкламуе прадавец. Прыйшлося расчараваць прадпрымальніка — нічога не бяру ды яшчэ і набытую пару вяртаю.

На хаду прыдумляю: маўляў, муж гэты абутак не адобрыў. Але мужчына нібыта не чуе: мітусіцца ад прылаўка да прылаўка, прапануе іншыя мадэлі. Угаворвае не грошы забраць, а абмяняць тавар. Што ж, іду на кампраміс, абменьваю.

У іншым павільёне сітуацыя павярнулася крыху інакш.

— Мне гэтае адзенне не па душы, хачу атрымаць грошы, — працягваю скрутак з рознакаляровымі фуфайкамі. Трымаюся ўпэўнена, таму што ведаю: пакупнік можа здаць тавар, нават не тлумачачы прычын. Нават, калі ён проста яму не спадабаўся.

Па той бок прылаўка адразу мяняюцца ў твары.

— Адкуль я ведаю, што вы ў мяне бралі? На майках гэта не напісана! — павышаюць голас.

Прад’яўляю чэк, і тон прадаўца адразу мяняецца.

— Добра. Колькі вы тады аддалі? — пасля стараннага вывучэння дакумента патроху змяншае абароты. Нешта бурчыць пад нос, але грошы ўсё ж такі вяртае. У мой кашалёк трапляе 40 рублёў.

Спрабую вярнуць мабільны тэлефон. Купіла ў падарунак бабулі, а тая з модным смартфонам ніяк не разбярэцца. Просіць абмяняць на кнопкавы варыянт.

— Калі ў гаджаце ёсць няспраўнасць, уратуе талон гарантыйнага абслугоўвання. А калі непаладак няма, то атрымаць грошы назад нельга — тэлефон адносіцца да разраду тавараў, якія не падлягаюць да вяртання, — тлумачаць у інтэрнэт-магазіне бытавой тэхнікі. «Бабуля не ацаніла магчымасці сучаснай тэхнікі» — не аргумент для прадаўца. Дарэчы, пазней высветлілася, што я не першая, хто тэлефануе з такім пытаннем. Часцей за ўсё людзі хочуць атрымаць грошы за фен, блэндар або сокавыціскалку. І беспаспяхова.

Пасля свят у ЦУМе па-ранейшаму поўна людзей. Разам з пакупнікамі да кас выстраіліся і тыя, хто жадае вярнуць падарункі. Пакуль чакаю сваёй чаргі, цікаўлюся, што ў руках у іншых.

— Жонка капрызная, абноўку не ацаніла. Хоча атрымаць грошы, каб яна сама выбрала фасон сукенкі, — скардзіцца мужчына. Чэк ёсць, таварны выгляд вырабу захаваны, ярлык і этыкетка — таксама. Таму з задачай спраўляецца ў адзін момант — грошы ў кішэню, жонка застанецца задаволеная.

За ім шумяць некалькі падлеткаў. Яны хочуць вярнуць у магазін дзелавыя касцюмы, у якіх красаваліся на школьных ранішніках. Прадавец добразычліва просіць паказаць рэчы, старанна іх вывучае. Знаходзіць некалькі брудных плям у зоне каўняра і рукавоў і махае галавой — вопратку не прымуць, бо яе ўжо насілі. Хай і ўсяго пару гадзін.

Павел Елькановіч, начальнік аддзела арганізацыі гандлю ЦУМа, расказвае:

— Людзі па той ці іншай прычыне штодня вяртаюць тавар. Да прыкладу, абутак аказаўся не таго памеру або пінжак сядзіць не так, як хацелася б. Часта такое бывае не толькі ў перыяд навагодніх свят, але і пасля папулярных сёння дзён скідак. Гэта зрабіць заўсёды можна, калі выкананы ўсе пункты Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў».

— Рэчы падлягаюць абмену і вяртанню ў тым выпадку, калі яны не былі ва ўжыванні, — кажа старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Суша. — І не пазней чым за 14 дзён з моманту пакупкі. Пры гэтым павінны быць захаваны ўсе ярлыкі на тавары і ўпакоўка, абавязкова чэк. Алгарытм вяртання просты: дастаткова прыйсці ў магазін і звярнуцца з адпаведнай просьбай да прадаўца.

Але суразмоўца дадае: здаць у магазін можна далёка не ўсё. З пералікам нехарчовых тавараў належнай якасці, якія не падлягаюць абмену і вяртанню, можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.

— У прыватнасці, у пералік уключаны панчошна-шкарпэтачныя вырабы, парфумерна-касметычная прадукцыя, мэблевыя гарнітуры і наборы, друкаваныя выданні, нацельная бялізна і многае іншае. Не атрымаецца здаць назад тканіны з валокнаў усіх відаў, метражныя дывановыя вырабы, стужкі, тасьмы, лінолеум, багет, плёнку, цырату і іншыя метражныя тавары. Правіла таксама распаўсюджваецца на вырабы з каштоўных металаў і біжутэрыю, — адзначае Ганна Суша.

Наперадзе Каляды. Мы зноў адкрыем кашалёк шырэй, каб парадаваць прэзентамі сваіх родных. Псіхолагі раяць: каб не выдаткаваць грошы марна, да шопінгу варта рыхтавацца загадзя. Напісаць спіс рэчаў і запланаваць канкрэтныя сумы. Імкнуцца не перавышаць сваіх лімітаў. Дарэчы, бяспройгрышны варыянт на святы — падарыць канверт з грашыма або магазінны сертыфікат. Такі падарункавы «дакумент» дасць адрасату права самому выбраць патрэбную рэч.

ypopko@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter