Ксёндз Кірыл Бардонаў: Як расказваць пра Бога іншым

Як расказваць пра Бога іншым

Многім знаёма наступная сітуацыя. Вас спыняюць на вуліцы ці звоняць у дзверы вашай кватэры і пытаюць: «Ці не хочаце вы паразмаўляць пра Бога?» Кагосьці гэта можа раздражняць, а некаторых веруючых пабуджае задаць сабе пытанне, як расказваць пра Бога і сваю канфесію іншым людзям.

Нават у часы лёгкага доступу да інфармацыі жыхары адной краіны слаба ўяўляюць, як жывуць людзі за тысячы кіламетраў, як выглядаюць іх быт, кухня, традыцыі і г.д. Тое ж самае можна сказаць пра розныя рэлігіі.

У Беларусі большасць веруючых лю­дзей належыць да хрысціянскай рэлігіі. Хрысціянства складаецца з розных канфесій, і часта прадстаўнікі адной з іх пра другую ведаюць вельмі мала. Непаразуменні ўзнікаюць часта таму, што нашы веды зво­дзяцца да стэрэатыпаў, прадузятасцей. Часта мы самі не арыентуемся, у што верыць наша канфесія. Бібліі пыляцца на паліцах і выглядаюць як новенькія, бо мы іх не чытаем. Наша ўяўленне пра канфесіі часта прымітыўнае ці нават карыкатурнае. Як можна расказваць пра тое, чаго самі амаль не ведаем?

Нельга прымушаць кагосьці паверыць, страшыць пеклам, маніпуліраваць... Красамоўнай ілюстрацыяй могуць паслужыць адносіны ў гэтай сферы бацькоў да сваіх дзяцей. Адна жанчына расказвала мне, што ўдзельнічала ў літургіі на Вялікдзень, з ёй была яе дачка-падлетак, якая ў пэўны момант сказала, што дрэнна сябе адчувае. Маці палічыла гэта капрызам і сурова загадала стаяць да самага канца імшы. Яе дзіця страціла прытомнасць і з той пары мае трывалае нежаданне ісці ў касцёл. Усе хрысціянскія канфесіі запрашаюць нас будаваць атмасферу любові. Ніхто яшчэ не стаў больш любіць пад уплывам прымусу ці боязі.

Можа, варта імкнуцца жыць так, каб іншыя самі захацелі ў нас распытацца пра Бога і пра тое, у што мы верым. Супакой і радасць хрысціяніна, упэўненасць у будучыні, уменне пераносіць цяжкасці могуць захапіць іншых.

Уласны прыклад значыць многае, але часта хрысціяне адно гавораць, а іншае робяць. Прыгожа расказваюць пра Бога, а паводзяць сябе кепска. З аднаго боку, хочацца сказаць, што людзям уласціва памыляцца, касцёл і царква самі па сабе святыя, але складаюцца з грэшнікаў. З другога боку, здараецца, што наша вера і яе праяўленні — толькі ўцёкі ад рэальнасці, самападман, жаданне спрасціць сабе жыццё.

Калі няма шчырай любові да Бога, не будзе любові і да самога сябе, і да бліжніх. На жаль, многія хрысціяне не бачаць гэтай сувязі. Больш за тое, яны лічаць, што сапраўды любяць Бога таму, што моляцца і ходзяць у храм, хоць у той самы час могуць адчуваць нянавісць да іншага чалавека. Насамрэч, калі я адчуваю нянавісць да кагосьці, тое самае адчуваю да Бога, толькі маскірую гэта ці не заўважаю.

На заканчэнне хочацца заўважыць, што Хрыстос быў найлепшым прапаведнікам, найлепш расказваў пра Бога і шлях да раю, але многія Яго слухачы адкінулі тую навуку. Не будзем расчароўвацца, калі нашы словы пра Бога не прынясуць жаданага плёну. Кожны чалавек свабодны і сам адказвае за свой выбар.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter