Ксёндз Кирилл Бардонов: как молиться за умерших

Як правільна маліцца за памерлых

Восень нагадвае нам не толькі пра заканчэнне цёплых дзён, але і навявае разважанні пра канечнасць чалавечага жыцця. Думкі пра памерлых актуальныя ў гэты час яшчэ і таму, што ў канцы кастрычніка і пачатку лістапада каталіцкія вернікі і духавенства актыўна наведваюць могілкі.

Касцёл вучыць, што смерцю існаванне чалавека не заканчваецца. Душа чалавека не памірае і пасля смерці знаходзіцца ў раі або пекле, у залежнасці ад выбараў, якія чалавек рабіў пры жыцці. У гэтым не сумняваюцца і іншыя хрысціянскія канфесіі, аднак у каталіцтве існуе яшчэ і перакананне аб тым, што некаторыя душы часова не могуць трапіць у рай, бо патрабуюць дадатковага ачышчэння. Яны знаходзяцца ў чысцы (па-руску «чистилище»).

Калі Касцёл моліцца за памерлых, то менавіта за тых, хто пасля смерці праходзіць дадатковае ачышчэнне. Але мы не ведаем дакладна, хто патрабуе такога ачышчэння, таму молімся за ўсіх памерлых. Не моляцца за памерлых, якія абвешчаныя святымі, бо такое абвяшчэнне азначае ўпэўненасць у тым, што гэтыя людзі ўжо знаходзяцца ў раі.

Найлепшай дапамогай памерлым з’яўляецца памяць пра іх у малітве. Вернікі моляцца за памерлых індывідуальна і супольна. Супольна яны прыходзяць на святую імшу (боскую літургію), якая служыцца за памерлых. Варта прасіць духавенства аб святой імшы за памерлага ў гадавіну яго смерці. На многіх тэрыторыях сярод католікаў распаўсюджаны звычай прасіць аб імшы за памерлага ў дзень яго пахавання, на сёмы і 30-ы дзень пасля смерці.

Асаблівым часам супольнай малітвы за памерлых у Касцёле з’яўляюцца 2 лістапада і бліжэйшыя да гэтай даты дні. Вернікі разам з духавенствам збіраюцца на могілках на малітву. Варта да гэтага часу навесці парадак на магілах блізкіх і родных. Звычай пакідаць ежу і распіваць алкаголь на могілках з’яўляецца чужым каталіцкаму духу. Пра неразуменне такіх традыцый часта гавораць і праваслаўныя святары. Найлепш на магілу прынесці знічы — свечкі ўнутуры шкляной пасудзіны. Такім чынам свечка не патухне ад ветру і не здарыцца пажар. Кветкі лепш прыносіць жывыя, а не штучныя. Справа тут не толькі ў эстэтыцы, але і ў захаванні навакольнага асяроддзя. Кветкі з пластыку моцна забруджваюць прыроду, а клапаціцца пра яе — заданне, даручанае Богам чалавеку.

«Вечны адпачынак дай ім, а святло вечнае няхай ім свеціць, няхай адпачываюць у спакоі вечным», — звяртаюцца вернікі да Бога, маючы на ўвазе душы памерлых. Няхай так станецца і няхай кожны памятае, што кожны дзень жыцця на зямлі варта пражываць мудра і з любоўю.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter