Хто даўно не быў ва Ушачах, не пазнае былы стары магазiн “На Вiцебскай”, назва якога адпавядае назве вулiцы райцэнтра. Цяпер гэта сучасны унiверсам, дзе калектывам з дзесяцi прадаўцоў кiруе загадчыца абноўленага прадпрыемства гандлю Святлана Грыневiч.
Верагодна, што рэканструкцыю паскорыла актыўнае жыллёвае будаўнiцтва ў гэтай частцы раённага гарадка. Трэба аддаць належнае, што кiраўнiцтва Ушацкага райспажыўтаварыства на чале са старшынёй праўлення Уладзiмiрам Круглiкам своечасова прыняла неабходныя меры. Рэканструкцыя гандлёвага аб’екта “На Вiцебскай” выдзелiлася ў шэраг прыярытэтных, атрымала надзейнае фiнансаванне. Як вынiк, прыкметна вырас тавараабарот. З пачатку года ўнiверсам рэалiзаваў розных тавараў амаль на мiльярд рублёў. I продаж працягвае ўзрастаць.
Пакупнiкi задаволены насычанасцю i асартыментам тавараў. Безумоўны прыярытэт у iх складаюць вырабы айчынных таваравытворцаў. Нямала i ўласнай вытворчасцi – з кандытарскага цэха, прадпрыемстваў каапнарыхтпрама. Нязменным поспехам i попытам карыстаюцца мясцовыя паўфабрыкаты, кулiнарныя вырабы, мясапрадукты i асаблiва смачны ўшацкi хлеб.