Як Несцерка “Рэспубліканцам” стаў. Віцебск без Несцеркі — усё роўна, што Тула без самавара ці Парыж без Эйфелевай вежы

Сваю гумарыстычную творчую дзейнасць на сцэне Коласаўскага тэатра наш весялун распачаў якраз напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым сэнсе “Несцерка” Віталя Вольскага нават крыху больш сталы па ўзросце, чым “Василий Теркин” Аляксандра Твардоўскага. Таму сёння беларускаму скамароху, як і ветэранам Вялікай Перамогі, ужо недзе пад 90 гадоў. Як кажуць, дай Бог кожнаму столькі пажыць і пабачыць. Да таго ж Несцерка па натуры ўсё той жа гарэза, жыццялюб і дабрадзей. У чаканні на беразе Заходняй Дзвіны яхты “Газета “Рэспубліка” ён дужа вызначаўся сярод усёй публікі сваім нязменным саламяным брылём и кашуляй-вышыванкай. І, як належыць знакамітаму артысту, сабраў вакол вялізны натоўп.
– А добрага дзянёчка, мае вы браточкі! Эге, ды колькі ж вас тут сабралася — як дроў у лесе! Ці ведаеце вы, браточкі мае, якая са мною гісторыя здарылася? Не ведаеце? Ну тады слухайце! Гэта ж сёлетняй вясной нешта сэрца ў мяне зашчаміла. Што ні кажыце, а шэсць дзесяткаў з гакам на сцэне. Спрабаваў валідолам з карвалолам ад немачы адкупіцца, ды такая зброя слабаватай аказалася. Тады мне дактары даверліва намякнулі: “Калі хочаш, Несцерка, ад інфаркту ўцячы, то бяры хуценька пуцёўку і шыбуй у санаторый “Лётцы”. Тут ужо не да жартаў, мае вы даражэнькія! Карацей кажучы, дасталася мне нароўні з ветэранамі добрая пуцёўка. Тры тыдні адбыў у “Лётцах”. Сэрца адпусціла і як бы памаладзела гадкоў на дзесяць. Можна было б яшчэ з тыдзень пажыць, як кату на смятане. Ды вось пачуў па радыё, што нейкія сучасныя вікінгі з Суража плывуць ажно да Латвіі. Ды яшчэ прыпынак робяць ля майго роднага Коласаўскага тэатра. Напрамілы бог упрасіў санаторных урачоў найхутчэй аформіць выпіску. Каб хутчэй патрапіць на прычал ды падзівіцца на гэтых адважных мальцоў. Бо нават скандынавы пацярпелі паражэнне не толькі пад Палтавай, а і пад Рубай, што ля Віцебска. Як ёсцека не адолелі рубаўскіх парогаў-перакатаў. А нашы “рэспубліканцы”, як паказалі нават па тэлевізары, нос шведам таго... І вось з хвіліны на хвіліну, як Сценька Разін ці як княгіня Вольга, прычаляць да Верхняга замка... (Усе на беразе развесяліліся ад аповяду Несцеркі. А ён убачыў у густым натоўпе палкоўніка-франтавіка з мноствам ордэнаў і медаляў на мундзіры ды яшчэ і з біноклем на шыі — яшчэ болей узрушыўся.) — От каб мне такі бінокль, таварыш палкоўнік, хоць на хвілінку! Не шкада? Вось і падзіўлюся... Бачу-бачу: плывуць вікінгі! Ды ўжо і без бінокля ўсё нібы на далоні. (Яхта наблізілася да прычала. Несцерка прарваўся праз натоўп і ажно ступіў ботамі ў Дзвіну, каб быць бліжэй да судна, гучна прачытаў надпіс на борце.) — “Газета “Рэспубліка”. А як жа вы, браточкі мае, цераз рубаўскія парогі прарваліся? То, можа, і мяне ў экіпаж возьмеце? Хаця б юнгай. Якраз я і сэрца падлячыў. Грукае ў грудзях, як маладое. Праўда, судна ў вас малое. Ды я шмат месца не займу. Затое з Несцеркам на вадзе не засумуеце. Гатоў да самай Друі з вамі хоць і з грэкаў у варагі плысці, і наадварот. Такія вы адчайныя: ні камароў не баіцеся, ні водмелей, ні браканьераў. Эхма, дык кажаце, браточкі вы мае, што месца на яхце нямашака? Ну то хоць ганаровым членам экіпажа мяне запішыце. А я пра вас і газету “Рэспубліка” паўсюдна буду людзям расказваць. Каб яе чыталі і самі пра наша жыццё-быццё вам пісалі. Рана яшчэ Несцерку ў адстаўку! Самы час сябе паказаць і на другіх паглядзець. І па ўсёй Заходняй Дзвіне стрэчнаму люду нізкі паклон ад Несцеркі з Коласаўскага тэатра! Бывайце здаровы, мае вы браточкі! Аповяд Несцеркі ў гонар “рэспубліканцаў”-падарожнікаў запісаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter