Поэт, писатель, журналист Наум Гальперович — об источниках вдохновения и пути в профессию

«Як неабходна нам сумоўе»

Голас Навума Гальпяровіча памятаю з дзяцінства. На кухні, дзе на сцяне вісела старэнькае радыё, чуліся з раніцы навіны, удзень — віншаванні і прывітанні, а ўвечары — казкі для маленькіх. Цёплы барытон уласнага карэспандэнта Віцебскай вобласці паведамляў пра розныя падзеі паўночнага рэгіёна Беларусі і запісаўся ў маёй свядомасці на слых. Калі праз дзесяцігоддзі сама стала журналістам і ўпершыню прыйшла на інтэрв'ю з паэтам, аўтарам дзесяці кніг, пачуўшы голас суразмоўцы, здалося, што гутару з далёкім родзічам. Як інакш было растлумачыць, што недзе ўжо чула падобную мелодыку маўлення, спеўнае беларускае слова? Калі вывучыла жыццёвы і творчы шлях Навума Якаўлевіча, здагадкі былі растлумачаны проста: інтанацыі прыйшлі на ўспамін з радыёэфіру.


Мала хто ведае, што пра­цоўны шлях будучы вядомы журналіст пачынаў груз­чыкам. Сёння Навум Якаўлевіч — намеснік дырэктара — загадчык аддзела му­зычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Нядаўна ўказам Прэзідэнта ён быў удастоены ганаровага звання «Заслужаны дзеяч культуры Беларусі». Аб крыніцах сваёй незгасальнай энергіі Навум Гальпяровіч падзяліўся з карэспандэнтам «НГ».

«Душа сумуе па душы»

— Маладыя журналісты часта пытаюцца, як мне ўдаецца спалучаць журналісцкую працу з напісаннем вершаў, — пачынае гутарку Навум Якаўлевіч. — Адказваю: паэзія — гэта нешта глыбока інтымнае. Калі не пішацца, значыць, так патрэбна. Ніколі не ставіў перад сабой задачу стварыць верш пра тую ці іншую з'яву ці пачуццё. Просяць напісаць на заказ — не атрымліваецца. Верш павінен пастукацца ў душу і сэрца. А гэта немагчыма без кахання. Без вялікага пачуцця не можа быць паэта. Чаму многія людзі, не абавязкова паэты, у час кахання пішуць вершы?..

Крыніца майго натхнення — любоў да роднай зямлі. Бывае, з'явіцца ў думках паэтычны радок, напрыклад, па дарозе на працу (а я звычайна іду пешшу). Прыбягаю, хапаю лісток і ручку, каб запісаць. Зараз на радыё канала «Культура» — новы праект «Сюжэт для вечнасці». Штотыдзень чытаю свае вершы і прозу. У праграме «Прачулым радком» кожныя выхадныя ў эфіры — вершы класікаў беларускай літаратуры.

Натхняльная для мяне паэзія Восіпа Мандэльштама, Марыны Цвятаевай, Арсенія Таркоўскага. Памятаю, мы з сябрам у дзясятым класе купілі зборнік паэзіі Андрэя Вазнясенскага «Ахілесава сэрца». З таго часу ведаю яго на памяць. Рыгор Барадулін пераклаў Вазнясенскага на беларускую мову, і як натуральна творы паэта загучалі на беларускай! Чытаю і па-ўкраінску таксама. Гэта развівае і маю беларускую мову.

Яшчэ адна крыніца натхнення — музыка. Люблю слухаць Чайкоўскага, Шапэна, Пракоф’ева, Стравінскага. Заўсёды захапляўся «Песнярамі». Уладзімір Мулявін зразумеў багацце беларускай культуры і паказаў яе свету. У час журналісцкіх камандзіровак па былых рэспубліках СССР, калі мае суразмоўцы даведваліся, што я з Беларусі, прасілі паспяваць што-небудзь «песняроўскае». Мы і зараз дома з унукам любім паспяваць «Касіў Ясь канюшыну», «Туман ярам». Народных песень ведаю вельмі многа. Колькі? Не падлічваў. Некалі Алесь Пісьмянкоў адзначыў гэта ў артыкуле «Дзвесце песень Навума Гальпяровіча».

«Захавай маю мову, чарговы наш век»

— Калі вучыўся ў чацвёртым класе, даслаў свой першы допіс у газету «Зорька» на рускай мове, другі раз — у газету «Піянер Беларусі» на беларускай. Першы верш быў вельмі патрыятычным:

Куды ні глянеш навакол —
Савецкая зямля,
Плыве савецкі ледакол,
Яго вітаю я.

Хоць я вучыўся ў рускамоўнай школе, знаёміўся з беларускай мовай дзякуючы настаўніцы Алене Дзмітрыеўне. Больш свядомае далучэнне да мовы, якая стала мовай майго жыцця, прафесіі, існасці, адбылося пад уплывам твораў Уладзіміра Караткевіча, які даў глыбокае асэнсаванне прыгажосці беларускай мовы, багац­ця нашай культуры і гісторыі. Дарэчы, любоў да роднай мовы не закрэслівае стаўленне да іншых моў. Мая дачка, напрыклад, зараз працуе на міжнародным радыё Кітая, якое вядзе вяшчанне па-беларуску. У школьныя гады Вольга была пераможцай гарадской алімпіяды па рускай мове. Хтосьці трапна адзначыў: «Чым больш моў чалавек ведае, тым больш ён чалавек».

Сучасная мова павінна развівацца. І сёння, калі прыехаць у Вялікабрытанію і гаварыць на мове, якую вывучаў па падручніках, будзе нязручна, бо гэта не зусім тая гутарковая мова цяперашніх англічан. Так і з беларускай. Узнікаюць новыя словы, сучасныя звароты. І гэта добра. Наша мова, калі яна хоча быць ужытковай, не можа заставацца ў застылым стане.

«Як туман на сівых плячах»

— У дзяцінстве журналісты для мяне былі загадкавымі людзьмі. Мая мама працавала ў прыгарадным саўгасе «Полац­кі». Аднойчы прыйшла дадому і расказала, што да іх прыяз­джалі рэпарцёры з мясцовай газеты. Я прасіў яе расказаць, як яны выглядалі, што гэта за лю­дзі. У старэйшых класах сябры раілі мне: «Паступай на факультэт журналістыкі». А я баяўся: хіба мог такі сціплы юнак, як я, замахнуцца на такую прафесію? Не прайшоў па конкурсе 12 чалавек на месца ў інстытут замежных моў і прыйшлося працаваць грузчыкам.

Потым паведамілі, што мяне шукаюць у рэдакцыі мясцовай газеты. Калі прыйшоў, рэдактар — Іван Фёдаравіч Лемеш, які памятаў мае допісы ў газету і ўдзел у літаб'яднанні, — спытаў: «Ведаеш, што такое карэктар?» Даў прачытаць невялікі тэкст з газеты і ўзяў на працу. Прыйшоў звальняцца з завода, а ў аддзеле кадраў спыталіся, куды іду працаваць. Адказаў: у рэдакцыю газеты. Во было дзіва: з грузчыкаў — ды ў карэктары!

Потым паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, працягваў працаваць у газеце. Першы матэрыял давялося пісаць пра жывёлагадоўлю. Нічога ў гэтай сферы не разумеючы, разабрацца ў тым, што мне ў інтэрв'ю нагаварыў заатэхнік, было вельмі складана. Прыйшлося не адну гадзіну прасядзець у бібліятэцы, каб засвоіць некаторыя тэрміны і паняцці.

Пасля працаваў загадчыкам аддзела культуры. Шаснаццаць гадоў быў уласным карэспандэнтам беларускага радыё. За гэты час аб'ездзіў усе 11 раёнаў, якія за мной былі замацаваныя. Кожны дзень — камандзіроўка і… гатовы рэпартаж. Работа захапляла мяне.
Глядзіце праграму «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3» па суботах у 20:25. Паўтор — па аўторках у 20:00.
З ДАСЬЕ

Навум Гальпяровіч нара­дзіўся ў Полацку. Вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, скончыў Віцебскі педінстытут. З канца 1970-х гадоў працаваў на радыё завода «Палімір», у наваполацкай газеце «Хімік». З ­1981-га — уласны карэспандэнт Дзярж­тэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вожык», галоўным дырэктарам міжнароднага радыё «Беларусь». Узна­гароджаны знакам «За за­слугі перад Полацкам», ме­далём Францыска Ска­ры­ны. Мае званне ганаровага гра­ма­дзяніна Полацка і Навапо­лацка.

«ЁСЦЬ РАДЗІМА — ЗНАЧЫЦЬ, БУДЗЕ ПЕСНЯ»

— Праекту «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3», які вяду зараз, ужо трэці год. За гэты час яго героямі сталі каля 100 чалавек. Кожны з іх адкрывае нешта новае, заклікае дакрануцца да нашай культуры і гісторыі. Назва праграмы гаворыць сама за сябе. Суразмоўцы — гэта суперажыванне, судакрананне, суіснаванне. Неабходнасць для сучаснікаў. Бо трэба шукаць шляхі адзін да аднаго. Людзі часам думаюць толькі кожны пра сваё. Паслухаць іншага чалавека, унікнуць у сутнасць яго думак — важны крок да ўзаемаразумення. Усе мы разам — суайчыннікі. Айчына ў нас адна — Беларусь. Павага да роднай зямлі, яе культуры — тое, што нас аб'ядноўвае.

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter