Як назваць жыхарку Ірака? Ці правапіс суфіксаў назоўнікаў

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

У сваім маўленні мы звычайна не задумваемся над тым, з чаго складаецца слова. Лічым, што дастаткова ведаць яго значэнне. І толькі ў выпадках, калі не спрацоўвае ўзведзенае да аўтаматызму ўменне выбіраць словы, пачынаем маланкава шукаць выйсце з нялёгкай сітуацыі.
Неяк давялося стаць сведкам размовы дзвюх калег, якія абмяркоўвалі сказ з газетнага тэксту “...доблесныя амерыканскія сыны і дочкі ў Іраку выконваюць сваю патрыятычную місію...”. Было ўказана на памылковае выкарыстанне ў гэтым кантэксце слова “патрыятычную”. “Патрыёт абараняе сваю Айчыну”, — слушна даводзіла адна з іх. “Патрыятычнай называлася б барацьба, — пагаджалася другая, — калі б супраць амерыканцаў узялі зброю іракец і ірачка... Не. Іракезка... Не, іракчанка... іракіца... іракіянка... іраканка... іракійка... Не. Відаць, жыхарка Ірака...”.
Такая філалагічная размінка красамоўна сведчыць шмат пра што. Па-першае, само словазлучэнне “патрыятычная місія” няправільнае, у ім спалучаны несумяшчальныя паняцці: патрыёт — ‘той, хто любіць сваю айчыну, верны свайму народу, гатовы на ахвяру і подзвігі ў імя радзімы’; місія — ‘дэлегацыя якой-небудзь дзяржавы, што пасылаецца ў іншую краіну з якой-небудзь мэтай’. Правільна: “палымяны патрыёт”, “ваенная місія”, “гандлёвая місія” і г.д. Па-другое, ні ў рускай, ні ў беларускай   мовах   не   існуе   адна-слоўнага абазначэння жыхаркі Іраку. Параўнаем: іранцы — іранец, іранка. Гэтую словаўтваральную мадэль, здаецца, можна было б выкарыстаць і ў нашым выпадку: іракцы — іракец, ірак... Аднак спалучэнне дзвюх літар к у сярэдзіне слова, не на стыку марфем, у роднай мове немагчымае (выключэнне: Мекка). На сёння выкарыстоўваецца апісальная канструкцыя — жыхарка Ірака. Можна меркаваць, што ў нас хутчэй прыжывецца форма ірачка, якая ў рускай мове кваліфікавалася б як гутарковая. Параўнаем: палячка, якое ў рускай мове выцясняецца словам полька. Напрыклад, gramota.ru падае форму полячка як устарэлую. У беларускай мове перавага аддаецца слову палячка. Полька ўспрымаецца як назва танца.
Такім чынам, у мове адбываюцца працэсы, выкліканыя жыццём: актуалізаваная ў пэўны час лексіка прымушае знаходзіць свае словаўтваральныя варыянты, бо апісальныя звароты ў пазначэнні з’явы, прадмета, працэсу заўсёды больш     грувасткія,    чым    адна-слоўныя назвы. Адсюль трэба ведаць, як пісаць той ці іншы суфікс у складзе слова.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” правапісу суфіксаў назоўнікаў надаецца большая ўвага: калі ў “Правілах”(1959) гэтай тэме было прысвечана тры параграфы, то ў новай рэдакцыі — восем.
Зафіксаваны наступныя правілы, пра якія вялася гаворка і ў “Правілах” (1959).
Суфікс -ец- (-ац-) пішацца ў назоўніках мужчынскага роду. Пры змяненні слова галосны выпадае: акраец, індыец, разец, ісцец (родны склон істца), плывец, мсцівец, вясковец, кармілец, удалец, баец, бельгіец, незнаёмец, канькабежац, аварац, запарожац.
Суфікс -іц- (-ыц-) пішацца ў назоўніках жаночага роду і беглага галоснага не мае: ваколіца, патыліца, спадарожніца, мсцівіца, карміліца, розніца, кірыліца, кніжыца.
Памяншальна-ласкальны суфіксальны     комплекс   -ічк- (-ычк-) пішацца ў назоўніках жаночага роду, якія ўтварыліся ад слоў з фіналлю -іц- (-ыц-): лесвічка, крынічка, сунічка, завушнічка, запальнічка, палічка (ад паліца), сястрычка.
У астатніх выпадках пішацца памяншальна-ласкальны суфіксальны     комплекс  -ечк- (-ачк-): дзядзечка, бутэлечка, лялечка, цётачка, галовачка, булачка, палачка (ад палка), рэчачка, курачка (ад курка), качачка, божачка, вушачка, Сонечка, Волечка, Сцёпачка, Наташачка, Ганначка.
Суфікс -ак- (-ек-) пішацца не пад націскам у назоўніках, якія ва ўскосных склонах губляюць суфіксальнае а ці е: сшытак — сшытка, пасынак — пасынка, каласочак — каласочка, дожджычак — дожджычку, прыцемак — прыцемку, аловак — алоўка, перашыек — перашыйка.
Суфіксы    -ік-    (-ык-),   -нік-, -чык- пішуцца нязменна ва ўсіх формах слоў: конік — коніка, столік — століка, хлопчык — хлопчыка, дожджык — дожджыку, вожык — вожыка, тэарэтык — тэарэтыка, спадарожнік — спадарожніка, пеўнік — пеўніка, дарадчык — дарадчыка.
У новай рэдакцыі з’явіліся нормы аб правапісе суфіксаў назоўнікаў -ень- (-ань-), -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-), -чын- і -шчын-, што было выклікана арфаграфічнымі цяжкасцямі ў іх напісанні.
Суфікс -ень- (-ань-) ва ўскосных склонах у адных назоўніках захоўвае галосны, у другіх яго губляе: вусень — вусеня, прамень — праменя; але: вучань — вучня, шчэбень — шчэбню, валасень — валасня. Часам дапускаюцца абедзве формы: кіпень — кіпеню і кіпню.
Суфіксы     -чык-    (-чыц-)     і -шчык- (-шчыц-) ужываюцца пры ўтварэнні назоўнікаў, якія называюць людзей паводле заняткаў.
Суфікс -чык- (-чыц-) пішацца:
калі ўтваральная аснова заканчваецца на пярэднеязычныя д, т, з, с: аб’ездчык, дакладчык, дарадчыца, наладчык, ракетчык, пераплётчыца, лётчык, грузчык, возчык, рэзчык, перапісчык, перапісчыца (а таксама ў адпаведных прыметніках: дарадчыцкі, перапісчыцкі і інш.);
калі ў канцы ўтваральнай асновы адбываецца чаргаванне [г] — [ж]: перабягаць — перабежчык, перабежчыца, перабежчыцкі, нябога — нябожчык, абцягваць — абцяжчыца.
Суфікс -шчык- (-шчыц-) пішацца:
калі аснова заканчваецца на санорныя р, л, м, н, й: зваршчык, наборшчыца, вугальшчык, мадэльшчык, прыбіральшчыца, атамшчык, паромшчык, бетоншчыца, згоншчык, мыйшчык, пайшчык, пайшчыца, забойшчык (а таксама ў адпаведных прыметніках: наборшчыцкі, пайшчыцкі і інш.);
пасля спалучэнняў тых жа санорных з наступнымі т, г утваральнай асновы: працэнт — працэнтшчыца, аліменты — алімент-шчык, аліментшчыца, цюбінг — цюбінгшчык;
калі ўтваральная аснова заканчваецца на губныя зычныя б, п, м, ф і ў (з в): рубшчык, гардэробшчыца, апалубшчык, падкопшчык, скупшчык, скупшчыца, паромшчык, літаграфшчык, бунтаўшчык, нарыхтоўшчык, палясоўшчык, забудоўшчык.
З  дапамогай  суфіксаў -чын- і -шчын- утвараюцца дзве семантычна розныя групы назоўнікаў: назоўнікі са значэннем пэўнай грамадскай з’явы і назоўнікі са значэннем рэгіёна, абшару.
Суфікс -чын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на д —т, з — с, ж — ш, дж — ч: складчына, спадчына, азіятчына, салдатчына, братчына, старасветчына, казаччына, рэкрутчына; Валагодчына, Брэстчына, Навагрудчына, Наўгародчына, Суражчына, Добрушчына, Нямеччына, Турэччына, Дабружчына, Глушчына, Грэшчына, Полаччына, Случчына.
Суфікс -шчын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на губныя б, п, м, ф, в або санорныя н, р, л, й, а таксама ў (з в або л): скупшчына, здзельшчына,   нелегальшчына,  партызан-шчына, мінуўшчына, суб’ектыўшчына, літаратуршчына, ваеншчына, кампанейшчына, тарабаршчына, татаршчына, канцыляршчына, папоўшчына, хаваншчына, мітынгоўшчына, цыганшчына; Браслаўшчына, Гомельшчына, Гуцульшчына, Гродзеншчына, Смаленшчына,  Міншчына,   Бабруй-шчына, Зэльвеншчына, Магі-лёўшчына, Віцебшчына.
Суфікс -шчын- пішацца і тады, калі ўтваральная аснова заканчваецца на зычны з папярэднім санорным: інтэлігентшчына, эмігрантшчына, Самаркандшчына.

Зваротная сувязь

— Добры дзень! Чаму ў новых правілах уведзена магчымасць скланення прозвішчаў на -ка? Напрыклад, Краўчанцы Надзеі. Дзякуй.
Мікалай Аляксандравіч, дырэктар выдавецтва, г. Мінск
— Паважаны Мікалай Аляксандравіч, запэўніваю вас, што ў новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” пра напісанне прозвішчаў такога тыпу нічога не гаворыцца, бо вырашэнне падобных пытанняў падлягае граматыцы.
У адпаведнасці з правіламі баларускай граматыкі прозвішчы на -га, -ка, -ха, род якіх вызначыць немагчыма, скланяюцца, калі абазначаюць асоб і мужчынскага, і жаночага полу (тыпу Краўчанка, Васіленка, Купрыенка, Барысенка). У сучаснай маўленчай практыцы такія з’явы адносяцца да дыспазітыўнай нормы і адпавядаюць заканамернасцям развіцця беларускай літаратурнай мовы: выдадзена каму? — Купрыенку Максіму, Купрыенцы Наталлі. Гэта абумоўлена гістарычна: па-першае, сучасная беларуская літаратурная мова фарміравалася на традыцыі літаратурна-размоўнай; па-другое, у ёй даволі актыўна праяўляюцца працэсы так званай другой палаталізацыі, у выніку чаго з’явілася чаргаванне заднеязычных са свісцячымі (г // з, к // ц, х // с) Напрыклад: жонка // жонцы, казка // казцы, сарока // сароцы і г. д.
Такім чынам, указаныя вышэй прозвішчы дазваляецца афармляць варыянтна: Краўчанка і Краўчанцы Надзеі, Купрыенка і Купрыенцы Марыі і г.д. пры пэўнай перавазе варыянта другога.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter