Пад час святкавання 55-гадовага юбілею Музея Якуба Коласа кнігу свайго дзеда-настаўніка з раней невядомым аўтографам класіка падарыла ў фонды Лідзія Лярская-Шацірышвілі

Як настаўнік настаўніку

Пад час святкавання 55-гадовага юбілею Музея Якуба Коласа кнігу свайго дзеда-настаўніка з раней невядомым аўтографам класіка падарыла ў фонды Лідзія Лярская-Шацірышвілі

Сустракалі гасцей у Коласавым доме з музыкай. Каласкамі з валошкавымі стужкамі ўпрыгожвалі грудзі кожнага, хто прыйшоў на свята. Граў і спяваў гурт “Менскі гармонік” пад кіраўніцтвам Івана Раманчука — злева ад уваходу. А справа вёў мелодыю на скрыпачцы хлопчык, гэткі Сымон-музыка з аднайменнай паэмы Песняра, прысвечанай беларускай моладзі. Арцём Пятыга крыху разгубіўся, калі папрасіў яго ўзгадаць які-небудзь верш класіка: “Нет, не знаю…”. Мне хацелася прачытаць яму звонкія радкі: “Не сядзіцца ў хаце/ Хлопчыку малому:/ Кліча яго рэчка, Цягнуць санкі з дому...” Спадзяюся, музыка іх сам знойдзе ды вывучыць. Бо настаўніца па скрыпцы 9-й музычнай школы Ірына Іванаўна Вакуліна, у якой Арцём займаецца трэці год, адрэкамендавала яго як чалавека стараннага і таленавітага. Вершы класіка, упэўнены, лягуць яму на душу. А пазней, калі надыдзе час дакрануцца да свету “Сымона-музыкі”, скрыпаль згадае і юбілей Коласавага музея. І сваю пачэсную ролю на свяце.

Лілія Лярская-Шацірышвілі (злева) на ўрачыстасці з дзедавай кнігай
Лілія Лярская-Шацірышвілі (злева) на ўрачыстасці з дзедавай кнігай
Фота: Іван Ждановіч

Цікавыя людзі прыйшлі ў Коласаў дом па вуліцы Акадэмічнай! Менавіта ў тых пакоях з канца 1944 года да сыходу ў Вечнасць 13 жніўня 1956 года жыў, хадзіў, тварыў Канстанцін Міцкевіч, ці Якуб Колас — гэта самы вядомы яго літаратурны псеўданімам, былі ж і іншыя. Пра тое, як дом станавіўся музеем, згадваў былы яго супрацоўнік Мікола Жыгоцкі. Гэта ён, дарэчы, калісьці месяц пражыў у Ташкенце, натуючы і фіксуючы ўсё, што звязана з жыццём Коласа ў эвакуацыі. Мікола Рыгоравіч, вядомы і як пісьменнік, жыва памятае, як урачыста, з удзелам паважаных людзей адкрывалі музей у снежні 1959-га. Пачынаўся музей з двух супрацоўнікаў, першы дырэктар — Даніла Канстанцінавіч, старэйшы сын Коласа. Цяпер у штаце 33 чалавекі. Многія, як і Мікола Жыгоцкі, ушанаваны на ўрачыстасці граматамі, падарункамі. Сярод іх і Соф’я Міцкевіч: амаль 40 гадоў яна праводзіць экскурсіі ў Панямонскім філіяле музея. Адорвала сяброў музея, сваіх калег і дырэктарка Зінаіда Камароўская: яна ўраджэнка роднай Якубу Коласу Стаўпеччыны, узначальвае музей з 1987 года, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, за творчую працу ўшанавана спецыяльнай прэміяй  Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.

Свае песні на словы Якуба Коласа, мелодыі дарылі гасцям і музею-юбіляру артысты гурта “Менскі гармонік”. Віталі грамаду старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца і народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч. Апошні заўважыў: творы Якуба Коласа натхнялі і яго, а ўвогуле Купала і Колас вызначылі кірунак творчасці на ўсё жыццё. Мастак падарыў музею карціну “Мядзельскі букет”. Рыгор Сітніца звярнуў увагу, што ў апошні свой дзень Пясняр дбаў пра лёс Бацькаўшчыны, народа: уранні аднёс у ЦК партыі ліст, у якім выказваў клопат пра стан роднай мовы. Той рух душы, лічыць мастак, варта ўспрымаць сімвалічна. Як духоўны запавет Песняра, бо мова — гэта аснова, на якой трымаецца нацыя. Актыўна ўжываючы яе ў паўсядзённасці, лічыць Рыгор Сітніца, мы дбаем пра Коласаву спадчыну: забудзем мову — не зможам чытаць творы. А найлепшым помнікам Песняру будзе гучанне беларускай мовы па ўсёй краіне.

Арцём Пятыга ў ролі Сымона-музыкі
Арцём Пятыга ў ролі Сымона-музыкі

Віталі юбіляраў і пісьменнікі, з якімі ў музея даўнія творчыя кантакты. Ад імя праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў і Генадзь Пашкоў уручылі знакі-медалі “За вялікія заслугі ў літаратуры” сыну Якуба Коласа Міхасю Міцкевічу і Зінаідзе Камароўскай.

Выступоўцаў ды віншавальнікаў было шмат. Архівіст Уладзімір Адамушка падараваў музею копіі дакументаў з часу знаходжання Якуба Коласа ў Расіі — іх зрабілі і перадалі музейшчыкі з Масквы, Піцера і Калужскай вобласці.

Каштоўную кнігу музею падарыла былая мінчанка Лідзія Лярская-Шацірышвілі, адна з актывістак беларускай суполкі ў Тбілісі. Як аказалася ў яе кніга? “Я і раней ведала, што мой дзед па маці, Аўген Астроўскі, вучыўся разам з Канстанцінам Міцкевічам у настаўніцкай семінарыі, і што яны сябравалі, — расказала госця з Грузіі. — Бацькі згадвалі: недзе сярод кніг вялікай сямейнай бібліятэкі ёсць адна з Коласавым аўтографам. Ён падпісаў яе калісьці дзеду — як настаўнік настаўніку. Калі маіх бацькоў не стала, мы перабіралі кнігі, знайшлі выданне: “Тарас Гушча. На прасторах жыцця”. Выпусціла кнігу Беларускае дзяржаўнае выдавецтва ў 1928 годзе. Тэкст дарчага аўтографа такі: “Дарагому Аўгэну Васільевічу Астроўскаму на памяць аб Нясвіжскай сэмінарыі ад Якуба Коласа. 9 І 1929”. Рэліквію я вырашыла падарыць музею”. Кнігу з удзячнасцю прыняла захавальніца фондаў Наталля Адамовіч. А ўсяго цяпер экспанатаў у музеі — больш за 33 тысяч.

На ўрачыстасці высока ацанілі ўчынак Лідзіі Пятроўны, яна атрымала шчырыя апладысменты. Супрацоўнікі музея лічаць: кніга, аўтограф на ёй — яскравы доказ таго, як і ў славе шанаваў Якуб Колас сяброў. У тым ліку і тых, хто, як і ён у маладосці, былі настаўнікамі.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter