Як мядзведзь Пушчык у ванне Караткевіча пасяліўся

ІМПРЭЗА “Быў. Ёсць. Буду” сабрала ў гасцёўні Купалавага дома самых блізкіх сяброў пісьменніка, якога можна смела назваць… Геніем! Менавіта так, лічыць доктар філалогіі, прафесар Вячаслаў Рагойша, беларусам трэба пазіцыяніраваць зараз Уладзіміра Караткевіча, 80-годдзе якога шырока адзначаецца напрыканцы гэтага года ў нашай рэспубліцы.

На вечарыне ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы “ўсплылі” малавядомыя падрабязнасці з жыцця слыннага літаратара

ІМПРЭЗА “Быў. Ёсць. Буду” сабрала ў гасцёўні Купалавага дома самых блізкіх сяброў пісьменніка, якога можна смела назваць… Геніем! Менавіта так, лічыць доктар філалогіі, прафесар Вячаслаў Рагойша, беларусам трэба пазіцыяніраваць зараз Уладзіміра Караткевіча, 80-годдзе якога шырока адзначаецца напрыканцы гэтага года ў нашай рэспубліцы.

Дарэчы, акрамя бліскучай рэалізацыі велізарнага літаратурнага таленту, гэты чалавек мог, калі б захацеў, стаць мастаком ці нават спеваком. Прынамсі, на імпрэзе прадставілі незвычайныя малюнкі, што зрабіў Уладзімір Сямёнавіч… акурат на абароне Рагойшам кандыдацкай дысертацыі ў 1967 годзе.

Паэт Сяргей Панізнік падзяліўся другім рарытэтам — ён захоўвае запіс народнай песні “Ой, косю мой, косю…”. У выкананні… прыемным барытонам, уладальнікам якога быў Караткевіч.

— Валодзя — вялікі фантазёр, выдумшчык, у яго творах адмысловым чынам жыла гісторыя, — заўважыў на імпрэзе паэт, перакладчык Генадзь Бураўкін. — Але мала хто ведае, што гэты сапраўдны тонкі інтэлігент, добразычлівы чалавек у юнацтве перажыў… жорсткія бойкі на вуліцах Кіева. Мне давялося размаўляць з урачом, што пасля смерці анатаміраваў цела… Дык вось, на галаве Караткевіча аказалася даўняя, досыць вялікая і сур’ёзная гематома.

Але насамрэч не жорсткасць, задзірыстасць, а незвычайная мяккасць, дабрыня, спагадлівасць найбольш уражвалі тых, хто сябраваў з Караткевічам не адзін год. Бураўкін узгадаў, што аднойчы бачыў “у Валодзевай кватэры, у ванне, жывое медзведзяня”! Гэта быў чацвераногі артыст, які выканаў ролю Пушчыка ў фільме, што здымаўся на нацыянальнай кінастудыі. Пасля сканчэння працы ўсе забыліся пра “акцёра”, “закінулі” ў нейкі аддалены пакой студыі. Адкуль яго і забраў, каб прытуліць на нейкі час, менавіта Уладзімір Караткевіч.

Іна ГАРМЕЛЬ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter