Як многа нам адкрыццяў дзіўных Рыхтуе фестывальны рух

"Высокае мастацтва павінна быць даступным для кожнага жыхара Беларусі, дзе б ён не жыў -- у вялікім горадзе ці маленькім мястэчку". Гэтыя словы народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка славутага Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Міхаіла Фінберга сталі крэда таго фестывальнага руху, які складае адзін з асноўных напрамкаў велізарнай асветніцкай дзейнасці творчага калектыву, якім кіруе маэстра. Усё пачыналася з Нясвіжа, са знакамітага сёння фестывалю камернай музыкі "Музы Нясвіжа". За Нясвіжам эстафету падхапілі Мсціслаў, Мір. У чацвёрты раз старажытнае Заслаўе ў гэтыя марозныя студзеньскія дні прымаў фестываль "Заслаўе - 2004", які праходзіць пад дэвізам "Музыка беларускіх сядзіб". Ва ўступным слове, звернутым да слухачоў, якія перапоўнілі, невялікую залу школы мастацтваў, дзе праходзілі фестывальныя канцэрты, пастаянны навуковы каментатар і адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі фестывалю, дацэнт Акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава сказала: “Як вядома, наш край з даўніх часоў быў літаральна абсыпаны вялікімі і малымі зоркамі, якія зіхацелі на мастацкім небасхіле, уражваючы сваёй разнастайнасцю і прыгажосцю. Вядома, што ў 18—19 стагоддзях сядзібы кожнага мецэната і аматара муз у Слоніме і Гродне, Шклове і Нясвіжы, Свіслачы і Дзярэчыне, Пружанах , Слуцку, Зельве, Дудутках былі ўпрыгожаны вечарынамі і імпрэзамі, на якіх гучалі творы айчынных і замежных кампазітараў у выкананні лепшых музыкантаў -- як мясцовых, так і запрошаных з розных краін свету. Старажытнае Заслаўе невыпадкова стала адным з такіх цэнтраў: слаўная гісторыя гэтага горада поўніцца паданнямі і легендамі, упрыгожана выдатнымі імёнамі, перш за ўсё, славутых Рагнеды і Ізяслава, якія надоўга сталі сімваламі патрыятызму і самаадданасці беларускага народа. Сучаснае Заслаўе прыцягвае і аматараў беларускай гісторыі, а таксама становіцца сімвалам яе адметнасці”. Як і фестываль камернай музыкі, ён быў бы немагчымым без дапамогі кіраўніцтва Мінскай вобласці і старшыні Заслаўскага гарадскога выканкома Валянціна Сітніка, які лічыць свята музыкі важнейшым складаючым выхаваўчай работы, галоўным звяном нацыянальнай ідэалагічнай канцэпцыі. І калі маэстра Фінберг з"яўляецца душою фестывальнага руху ў малых беларускіх гарадах, ідэя якога падтрымана Прэзідэнтам краіны, то чыноўнікі новай фармацыі , падобныя старшыні Заслаўскага гарвыканкома Валянціну Сітніку, рыхтуюць тую глебу, якая жывіць пяшчотныя парасткі мастацтва. Гавораць, што зварот да Бога найбольш ускалыхвае душу ў старадаўніх "намоленых" храмах. Так і музыка гучыць асабліва пранікнёна ў мясцінах , дзе атрымала прапіску ў дамах і палацах нашых продкаў. Той, хто наведаў фестывалі старажытнай музыкі ці то ў Нясвіжы, ці то ў Заслаўі, адчувае тую асаблівую аўру. Ну а калі адхіліць у бок метафізічныя матывы, то становіцца ясна, што поспех падобныя імпрэзы маюць перш за ўсё таму, што грунтуюцца на арыгінальнай канцэпцыі, высокаякаснай музыцы і высокім узроўні выканальніцкай культуры. Кожны раз адточанае майстэрства дэманструюць камерныя ансамблі, канцэртныя аркестры пад кіраўніцтвам Валерыя Сарокі, Барыса Нічкова , Мікалая Волкава, Ніны Аўраменкі. Кожны падобны фестываль рыхтуецца не адзін месяц. Заслаўскі, напрыклад, распачаўся яшчэ ў верасні. Былі праштудзіраваны дасягненні навукоўцаў, якія распрацоўвалі праблематыку нашай культуры 18--19 стагоддзяў, адшукваўся нотны матэрыял, рабіліся аранжыроўкі. Бывала, што некалькі нотных радкоў, адшуканых у архівах і бібліятэках, клаліся на пюпітры музыкантаў у выглядзе закончаных твораў. Пошукі некаторых нагадваюць захапляльныя дэтэктывы. Скажыце, хто з вас ведае, што Жан-Жак Русо, славуты энцыклапедыст, пісаў оперы і быў заснавальнікам новага жанру камічнай оперы? Што яго опера "Вясковы чараўнік" была пастаўлена ў Беларусі ў Ружанскім маёнтку Сапегаў у выкананні вяскоўцаў -- выхаванцаў спецыяльнай музычна-тэатральнай школы, заснаванай магнатамі? Фрагменты гэтага твора ўпершыню прагучалі на Заслаўскім фестывалі. Як і сімфонія Эрнста Ванжуры ці уверцюра з оперы італьянца Джавані Паізіела "Уяўная каханка", напісаная ў канцы ХVІІІ стагоддзя спецыяльна для пастаноўкі ў Магілёве... Так, беларускія фестывалі камернай музыкі, якія атрымалі сталую прапіску ў малых гарадах нашай краіны, радуюць слухачоў усё новымі і новымі адкрыццямі. Гэтыя праграмы могуць зрабіць гонар любой еўрапейскай краіне, у кантэкст культуры якіх з векапомных часоў упісалася культура Беларусі. Час, ох, час! Распачаць тэлевізійную анталогію ўнікальных дасягненняў гэтых асветніцкіх імпрэз, якія нараджаюць пачуццё гордасці ў душах беларусаў, патрыятызм, аб адраджэнні якога мы абавязаны клапаціцца. Расказаваючы на прэс-канферэнцыі аб перспектывах фестывальнага руху, Міхаіл Фінберг і Вольга Дадзіёмава абвясцілі аб падрыхтоўцы наступных фестываляў. Вольга Уладзіміраўна запэўніла, што матэрыялаў хопіць не на адзін. Будзем чакаць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter