Якім коштам дом паставім

Жыхар райцэнтра не мае праблемы, як дастаць будматэрыялы на новую хату. Толькі б грошы былі“Малады спецыяліст” Аляксандр Шчамялёў — праграміст. Працуе ў банку. Але, як ні дзіўна, крэдыт атрымаць не можа. Не той узровень даходаў, каб вяртаць не толькі доўг, але і працэнты. А хочацца жыць у сваім доме, на сваёй зямлі. І што важна: талковы хлопец не імкнецца ў вялікі горад, а трымаецца роднай Зэльвы.Каб паставіць уласную хату, давялося ісці па дапамогу да бацькоў. Але і тыя не мільянеры. Аднак летась усё ж вырашылі пачынаць будоўлю. Маўляў, паціху-патроху паставім хату. І вось ужо цяпер дом крыюць дахам. Хаця ў гэтым годзе ўлазіны могуць і не адбыцца. Звонку здаецца, што ўсё ў парадку: і вокны ўстаўлены, і дзверы, але ж трэба і ўнутранае аздабленне зрабіць...

Тым часам у бацькі, Васіля Васілевіча Шчамялёва, баліць галава: ці досыць будзе тых сродкаў, якія ён запланаваў выдаткаваць на сынаў дом, каб давесці ўсё да ладу і не “замарозіць” будоўлю.
— Мы эканомілі на чым можна, — расказвае старэйшы гаспадар. — На ўчастку, дзе будуецца дом, стаяла старая хата. Мы яе ўключылі ў новую сядзібу.
Колькі ж трэба матэрыялаў — цэглы, дрэва? Дом, здаецца, невялікі — па плошчы мо як трохпакаёвая гарадская кватэра. Гэта не шык: проста разумныя гаспадары ў прыватным сектары будуюць на вякі і як мага шырэй — каб і дзеці тут пасля жылі.
Спадар Шчамялёў, прыхінуўшыся да астылай ад работы бетонамяшалкі, стаў падлічваць, у што ж выліваецца сваімі сіламі паставіць уласны дом...
— Адно вам скажу пэўна: праблем з будматэрыяламі, прынамсі, у нашым раёне няма, — пачынае “за здароўе” знаўца справы. — Тады, як маеце першапачатковы капітал, ідзіце адразу ў лес. У лясгасе нарыхтуюць столькі драўніны, колькі трэба. Толькі перад гэтым не забудзьцеся атрымаць у сельскім або ў пасялковым Савеце дазвол на нарыхтоўку.
Ну што ж, дапусцім, лес маем. Цяпер падлічым: кошт аднаго кубічнага метра драўніны — 90 тысяч рублёў, не забудзем дадаць яшчэ 30 тысяч за распілоўванне. На ўвесь дом трэба 40 кубаметраў. Памнажаем і атрымліваем суму 4 800 000 рублёў.
Распілаваныя дошкі прывезены на будаўнічую пляцоўку. Прыходзіць час мураваць сцены.
— Кошт аднаго кубаметра газасілікатных блокаў — 180 тысяч рублёў, — працягвае “ўрок арыфметыкі” Васіль Шчамялёў. — На нашу сядзібу пайшло 30 кубаметраў.
— Але я бачу, што сцены дома цагляныя, — удакладняю.
— Так, звонку сцены абліцаваны цэглай.
— Гэта, мабыць, яшчэ больш павялічвае выдаткі?
— На абліцоўванне пайшло 12 тысяч цаглін па цане 340 тысяч рублёў за адну тысячу штук.
Зноў бяром калькулятар і падлічваем. За блокі трэба заплаціць 5 400 000, за цэглу — 4 080 000.
Але гэта яшчэ не ўсё. Каркас ёсць — гэта добра. Цяпер трэба “залатаць” дзіркі — уставіць вокны, дзверы.
Гаспадар налічыў у доме, узятым для эксперыменту, 13 акон. Кожнае з іх памерам паўтара на паўтара метра каштуе ў сярэднім 560 тысяч. Памнажаем. На выхадзе 7 280 000. Цікавая тэндэнцыя: будоўля асноўнага корпусу дома аказваецца не такой ужо і дарагой справай; складаней сваю “крэпасць” забяспечыць дэталямі. Нарэшце — дах. Амаль усюды сёння стрэхі пакрываюць андулінам, або па-народнаму еўрашыферам. Кошт бельгійскага (у дадзеным выпадку) матэрыялу — 30 тысяч за 1 ліст. А ўсяго трэба 130 пласцін. Мусім выдаткаваць 3 900 000.
Фінальная стадыя будаўніцтва дома — у 2010 годзе. К таму часу ашчадныя бацька з сынам дазбіраюць грошай на сістэму ацяплення. А там ужо неяк і мэбля, і бытавая тэхніка прыдбаюцца патроху. Не ўсё ж адразу, па-філасофску падыходзяць да жыцця ў зэльвенскай сям’і.
— На шчасце, па будаўнічыя матэрыялы не трэба ехаць у сталіцу. Амаль усё ёсць на месцы. Апрача лесу тут жа, у Зэльве, робяць і сучасныя пластыкавыя вокны. Няма праблемы заказаць з Гродзенскага камбіната будматэрыялаў цэглу, газасілікатныя блокі. Толькі грошы плаці, — прамаўляе відавочную ісціну Шчамялёў.
На ўсё пра ўсё з “першачарговых” работ па ўзвядзенню дома давядзецца выдаткаваць 25 460 000 рублёў. Сюды не ўваходзіць аплата работы майстроў, іншыя выдаткі (тэхнікі, энергіі ды г.д.). Так бы мовіць, гэта “чысты” кошт сцен з дзвярамі і вокнамі. Што ж, калі на нейкі час зацягнуць паясы ды ўзяцца грунтоўна за справу, сваю сядзібу могуць паставіць многія сем’і.
Ну а калі ўсё ж узяць крэдыт? У Беларусбанку, напрыклад, могуць прафінансаваць будаўніцтва прыватнага дома гаспадарчым спосабам. Сума крэдыта, аднак, не павінна перавышаць 75 працэнтаў ад кошту будоўлі. Калі дапусціць, што вы не маеце патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў і ўзялі крэдыт у памеры 25 000 000 рублёў на 15 гадоў, то толькі выплата працэнтаў складзе 312 тысяч у месяц. Аднак з кожным месяцам працэнты будуць памяншацца прапарцыянальна выплаце асноўнага доўгу. Калі ж вы стаіце ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, то крэдыт будзеце вяртаць пад 17 працэнтаў гадавых, а сума асноўнага доўгу і працэнтаў на працягу 15 гадоў будзе заставацца стабільнай.
Вырашайце, такім чынам, самі: або, як зэльвенская сям’я, ашчаджаць і абысціся ўласнымі сродкамі, або ісці ў банк па пазыку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter