Як крыніца, льецца, рвецца з сэрца песня ў свет

Вынікі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне падводзяць яго арганізатары.

Конкурс акрыляе. Але далей ляцець трэба самастойна

Кожны раз гэты фестываль робіць адкрыцці новых талентаў і песень. Сёлета ён даў крылы яшчэ адной зорачцы, пераможцы Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Дар’і Шульгіной з Гродна. Ці ўзляціць яна на эстрадны небасхіл, будзе яшчэ залежаць ад мноства розных абставін, але ў яе жыцці ўжо адбылася знакавая падзея — Дар’я праспявала з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі.

— Я вельмі задаволены вынікамі конкурсу, — падзяліўся сваімі ўражаннямі мастацкі кіраўнік аркестра і старшыня журы Міхаіл Фінберг. — Усе яго ўдзельнікі добра падрыхтаваліся. Многія з іх зусім маладыя, і, спадзяюся, у наступныя гады іх імёны стануць больш вядомыя.

— Дзяржава будзе падтрымліваць разнастайныя праекты, звязаныя з беларускім словам, песняй, мастацтвам, — паведаміў міністр культуры Павел Латушка. — У мінулым годзе, напрыклад, мы рэалізавалі праект «Залатая калекцыя беларускай песні», якім прадэманстравалі, што ў ХХ стагоддзі было створана шмат цікавых, шлягерных беларускамоўных песень. (З ім пазнаёміліся гледачы фестывалю ў апошні яго дзень.) Фінансуем і іншыя, напрыклад, праект арт-групы «Беларусы» «Сусветныя хіты на беларускай мове».

Дзеля падтрымкі беларускіх талентаў ладзіцца і гэты фестываль. Бо краіна, нацыя маюць моц, гонар і павагу дзякуючы не толькі развіццю гаспадаркі, але і высокай духоўнасці, нацыянальнай культуры, роднай мове, нашай спадчыне, слушна заўважыў на адкрыцці культурнага форуму ў Маладзечне кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч.

Спачатку было слова

У паэтаў у рамках фестывалю таксама былі адкрыцці. Як прызнаваліся многія з іх, бліжэй стаў і наш Пясняр пры наведванні імі філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў вёсцы Яхімоўшчына. Дарэчы, дапамагаў ствараць яго начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Маладзечанскага райвыканкама Генадзь Бажко, на той час старшыня калгаса «Яхімоўшчына». У гэтых мясцінах малады Янка Луцэвіч працаваў на бровары пана Любанскага. Дом, дзе жыў паэт, нядрэнна захаваўся. У вёсцы знайшліся і рэчы, якімі некалі карыстаўся пастаялец гэтага дома. Гонар экспазіцыі — самавар, перададзены музею сям’ёй Шаўчэнкаў, які дастаўся ў спадчыну ад прадзеда — сябра Янкі Купалы.

А для маладзечанцаў адкрыццём сталі творы прыехаўшых на свята пісьменнікаў і паэтаў, бардаў — Віктара Шніпа, Міколы Шабовіча, Міхася Башлакова, Таццяны Сівец   і   іншых.    Сустракалі    іх у    музычным      каледжы       імя М. К. Агінскага. А потым у раённай цэнтральнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя новых выданняў да юбілею Я. Купалы і Я. Коласа з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі і членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Наша краіна па-ранейшаму застаецца адной з самых чытаючых у свеце, адзначыў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. У нас на аднаго жыхара ў год выдаецца 3,6—4 кніжкі. Для параўнання: на Украіне — 1, у ЗША — 2,7. У невялікай Беларусі налічваецца каля 600 кнігавыдаўцоў. На прасторах СНД годна выглядае беларуская кніжная прадукцыя. Так, на нядаўняй выставе ў Астане айчынныя кнігавыдаўцы атрымалі Гран-пры, прычым гэта ўжо другі раз запар, і 7 дыпломаў. Больш чым якая іншая краіна.

Сімвалічна, што Год кнігі аб’яўлены менавіта ў 2012-м, калі адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа і сто год — М. Танка. Постацей беларускай культуры, якія пакінулі нам вялікі скарб. Важнейшы за дабрабыт, бо гэта падмурак нашай духоўнасці.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости