Как колядовали в деревушке Карницы в Глусским районе

Як «казу» вадзілі

Праваслаўныя вернікі ў гэтыя дні святкуюць Каляды. Традыцыі святых вечароў і хаджэння калядоўшчыкаў прытрымліваюцца і сучаснікі. З дзяцінства памятаю, як калядавалі ў маёй роднай вёсачцы Карніцы ў Глускім раёне.


Увечары перад старым Новым годам пераапрана­ліся ў казу, мядзведзя, жорава і абыходзілі хаты, спявалі калядныя песні. Рыхтавалі «казу» загадзя. Шукалі новы кажух з аўчыны, выраблялі драўляную дугу, упрыгожвалі яе рознакаляровымі стужкамі. Вадзілі «казу» некалькі моцных хлопцаў. Скакаць у кажуху, трымаючы ў адной руцэ дугу, а другой званіць званочкам ім было нялёгка.

Вадзілі «казу» з пачатку вёскі. Заходзілі ў хату, віншавалі са святам, жадалі дабрабыту гаспадару і яго сям’і, затым прасілі дазволу «козачцы» паскакаць. Калі былі не супраць, «каза» пачынала свае «танцы», а хлопцы спявалі: «Мы не самі ішлі, нас Гасподзь прыслаў з Ісусам Хрыстом, святым Раством». Калі песня заканчвалася, «козачка» станавілася на каленцы. Гаспадар, каб падняць яе, адорваў гасцей хлебам, салам, каўбасамі і іншымі прысмакамі. У кожнай хаце стараліся найлепш сустрэць калядоўшчыкаў. Верылі — калі ў доме «каза» скача, дык увесь год у сям’і будуць панаваць дабрабыт і спагада.

Радуе, што і ў наш час калядныя традыцыі не забываюцца. Будзем жа ладзіць Каляды! І няхай у нашым жыцці захаваецца ўсё самае добрае!

Валерый Васілеўскі, Глуск

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter