Як кароль Стах за мяжу трапіў?

Адзін з самых вядомых твораў Уладзіміра Караткевіча выдалі ў Вялікабрытаніі на англійскай мове

Адзін з самых вядомых твораў Уладзіміра Караткевіча выдалі ў Вялікабрытаніі на англійскай мове

King Stakh’s Wild Hunt — пад такой назвай пабачыла свет у брытанскім выдавецтве Glagoslav Publications аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” нашага вядомага пісьменніка, стваральніка беларускага гістарычнага рамана Уладзіміра Караткевіча.

Караткевіч — адзін з самых перакладаемых айчынных аўтараў. У прыватнасці, да васьмідзесяцігоддзя класіка аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”  была выдадзена ў Беларусі адразу на чатырох мовах — беларускай, рускай, украінскай і англійскай. Цяпер англамоўная аповесць з’явілася і ў Вялікабрытаніі. “Містычным трылерам на гістарычным фоне” называюць выдаўцы аповесць у анатацыі кнігі, інтрыгуючы чытача і прымушаючы тут жа сесці за чытанне. “I am an old man, a very old man...” — так гучаць у брытанскім выданні першыя словы аповесці: “Я стары, я вельмі стары чалавек”, з якіх пачынаецца падарожжа англамоўнага чытача і беларускіх герояў.

“З першых жа старонак чытач апускаецца ў атмасферу цёмнага страху перад непазбежным, — гаворыцца ў анатацыі кнігі. — Чытачу не спатрэбіцца шмат часу, каб пачаць з трывогай суправаджаць Беларэцкага на балотах, сустракаючы тут і там дзіўных асоб, якія з’яўляюцца ненармальнымі, напалоханымі, штосьці хаваюць, а часам і проста вельмі няшчасныя”.

Як паведамляе сайт выдавецтва Glagoslav Publications, кніга выдадзена ў мяккай і цвёрдай вокладцы (коштам 18.80 і 25.50 еўра адпаведна). Аповесць можна таксама набыць у электронным выглядзе (за 9.95 еўра).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter