Як каравай дзялілі

Дзяльба каравая на вяселлі — гэта яшчэ адна вызначальная рыса нашай нацыянальнай традыцыі. У чырвоным куце пад абразамі, пад нябеснай аркай-дугой, аркай-падковай, утворанай ручніком-набожнікам, станавіліся маладыя, шафер і шаферка, тыя ж сваты. А насупраць іх, па дыяганалі жыцця (ад чырвонага кута і да белай печы або да парога) станавілася ўся радзіна нявесты: бацькі, бабуля і дзед, браты і сёстры, а далей размяшчалася ўся радзіна па ступені сваяцтва, а ўжо ў канцы станавіліся суседзі, іншыя аднавяскоўцы, сябры. Як толькі “жывы карагод” утвараў своеасаблівую выяву радаводнага дрэва, сват пачынаў “надзяляць доляй” (вельмі просім услухацца ў гэтыя словы: не так, як на сучасных гарадскіх вяселлях, калі афіцыянты паднясуць кожнаму госцю кавалак торта, з якім мы хуценька развітаемся, запіўшы кубачкам гарбаты або кавы. Калі ж гэта твая Доля, то з ёю абыдуцца зусім інакш) усіх удзельнікаў вяселля, г.зн. дзяліць каравай.

Першымі “долю” з рук свата прымалі маладыя. Калі каравай быў трох’ярусны, то маладым зразалі самы верхні гарызонт, калі ж каравай быў аднаслойны, то для маладых па кругу выразалі яго сарцавіну.
Самай важнай умовай дадзенага моманту было захаваць цэласнасць дэкаратыўных упрыгажэнняў на караваі: фігуркі жаніха і нявесты або пары галубоў, пазней лебедзяў, якіх перавязвалі поясам або стужкай чырвонага колеру, што павінна было сімвалізаваць неразлучнасць сямейнай пары.
Сват запрашаў гасцей у строгай паслядоўнасці, па ступені сваяцтва, пры гэтым не мінаў і сам паказаць сваё майстэрства валодання паэтычным словам.
За кожны атрыманы падарунак маладыя дзякавалі і нізка кланяліся гасцям.
Дзяльба каравая толькі на першы погляд магла падацца справай простай і звыклай, аднак на самай справе і ў ёй быў падтэкст унутранай напружанасці. У нашым народзе існавала прымета: “Калі на дзяльбе каравая не хопіць — гэта прадказанне бяды і нястачы ў будучай пары. Таму сват стараецца дзяліць так, каб усім хапіла”. увішны сват павінен быў спрактыкаваным вокам ацаніць сітуацыю і наразаць каравай такімі долямі, каб іх абавязкова хапіла на ўсіх.
І яшчэ адно залатое правіла нашай традыцыі. Часцей за ўсё абрадавы хлеб ламалі, выключэннем быў толькі вясельны каравай. Ламаць яго забаранялася, каб “не паламаць “ жыццё маладым, таму яго дазвалялася толькі рэзаць.
Рэшткі каравая, або так званую “падэшву”, аддавалі музыкам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter