Як гусі «з’елі» трактар

Мікалай Дарошка выношваў думку стаць фермерам

З гэтай мэтай ён нядорага купіў у суседняй вёсцы старэнькі трактар і, як чалавек сталы, вопытны механізатар, вырашыў разабраць яго да апошняга вінціка, працерці, змазаць усё і зноў сабраць.

Раніцаю заслаў на траве ў двары плёнку і, узброіўшыся ключамі і адвёрткамі, акуратна раскладваў усе дэталі трактара ў той паслядоўнасці, што і здымаў.

З хаты выйшла жонка Мікалая Кацярына. Пастаяла, паглядзела на работу мужа, выпусціла гусей з хлява і сказала:

— Хопіць табе тут корпацца… Мый рукі і ідзі снедаць.

Мікалай як раз закончыў разборку машыны і, выціраючы рукі анучкай, задаволена глядзеў на вынікі сваёй работы. «Будзе як новы!» — радасна думаў ён.

Паснедаў, выйшаў у двор — і ледзь не завыў: па плёнцы з дэталямі па-гаспадарску расхаджвалі гусі. Задаволена гергечучы, не толькі перамяшалі ўсё на плёнцы, яны ў дадатак дзяўблі розныя вінцікі, шайбачкі і іншыя дробныя дэталі. Абурэнню Мікалая не было мяжы, ён гатоў быў паскручваць неразумным птушкам галовы, з кулакамі кінуцца на жонку… Згарнуў плёнку з дэталямі, што ўцалелі, і закінуў у дрывотнік.

Васіль ФЕРАНЦ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter