Сборник рассказов Инны Фроловой «Андрэйкава лета» учит детей быть отзывчивыми и дружелюбными

Як гэта — быць чалавекам?

У шасці апавяданнях — сапраўдная школа жыцця. Кніга «Андрэйкава лета» выйшла з-пад пяра беларускай пісьменніцы Іны Фраловай у выдавецкім доме «Звязда». Цікавая, змястоўная і павучальная. Яе героі — маленькія хлопчыкі, часта шкоднікі, гарэзы і свавольнікі звонку, а ў душы — чуллівыя і спагадлівыя.

Адзін з такіх — Андрэйка, які на канікулах з бацькамі адпачываў на дачы, з ранку да вечара гуляў на рацэ. А там — бліскучыя стракозы і іншыя цуды прыроды. «Але наступіў дзень, калі дажджавыя хмары шчыльна зацыравалі неба. І ніводны сонечны прамень не змог прабіцца праз суконныя ніткі летняй залевы», — піша аўтар. Андрэйкаву самоту прагнаў маленькі чорны камячок пад старым дрэвам — прамоклы шчанюк Булька. Пасябравалі моцна. Ды «антонаўскім яблыкам у няскошаную траву закацілася лета», — аўтар прываблівае яркімі метафарамі. 

Андрэйка паехаў у горад, пакінуўшы Бульку. А наступным летам, калі сустрэліся зноў на беразе ракі, худы, калматы Булька не ўзяў з рук хлопчыка нават ежу. Выснова відавочная — сяброў не пакідаюць.

Яшчэ адзін з герояў — Сяргейка-Бармалейка. Яго тата пісьменнік, заўсёды карпеў над кнігамі, а дома хацеў цішыні. Навошта, думалася Сяргейку, тыя кнігі. Іх у бібліятэцы — на кожнай паліцы. Ніколі не стану пісьменнікам, разважаў хлопчык. Іншая справа — шафёрам. «Сеў у кабіну — і куды заўгодна едзь, хоць у Афрыку. Глядзець на кракадзілаў-бегемотаў». Хлопчык прашмыгнуў у татаў кабінет, пагартаў яго кнігі і абамлеў — ніводнага малюнка. Палез у шуфляду за фламастарамі… А пасля ўсёй сям’ёй яны пайшлі на важную прэзентацыю. Што там адбылося і як адрэагавалі яе ўдзельнікі на Андрэйкавы малюнкі ў сур’ёзных фаліянтах — чытайце ў кнізе Іны Фраловай. Прыадхіну заслону таямніцы: хлопчык пасля прэзентацыі ляжаў у ложку і разважаў: «Можа, ну яго — гэтага шафёра».

Апавяданні «Жывое радыё», «Сонечнае мора», «Сумнае сонейка», «Выбар» такія ж павучальныя. Напрыклад, у «Выбары» галоўны герой Алесь зразумеў, чаму дзядуля яму аддае свой кавалак торта, і адсунуў талерку. Нягледзячы на тое што паласавацца дадатковай порцыяй вельмі хацелася… Юныя чытачы зразумеюць Алесевы матывы, калі прачытаюць апавяданне. 

Малюнкі знакамітага кніжнага графіка Сяргея Волкава знаёмяць нас з галоўнымі героямі — рыжымі, як сонейка, і гарэзлівымі хлапчукамі. Творы ў кнізе для маленькіх чытачоў, якія робяць першыя крокі ў дарослае жыццё. Аўтар закранае галоўнае пытанне: «Як гэта — быць чалавекам?»

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter