Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Прыгожы “Вянок сяброўства” звіваюць таленавітыя прадстаўнікі беларускага і малдаўскага народаў

Як дзве цудоўныя лазы

З даўніх часоў сябруюць беларусы з малдаванамі. Лёсы братніх народаў перапляліся-парадніліся, нібы дзве лазы вінаградныя, і сяброўства нашае — светлае, нібы гронка малдаўскага вінаграду. Вось такія прыгожыя, натхнёныя словы гучалі на нядаўняй імпрэзе ў Дзяржынску, пад Мінскам. Згадвалі: яшчэ ў ХІV стагоддзі на пасад гаспадара Малдовы быў запрошаны Юры Карыятавіч, сын наваградскага князя. А ў Грунвальдскай бітве (1410 год) побач з нашымі  продкамі-ліцвінамі змагаліся з нямецкімі крыжакамі й малдаўскія сечкары. Сяброўства нашае ўмацавала й агульная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Другой сусветнай вайны. І цяпер між намі — шмат агульнага, роднага, блізкага. 

Аляксандр Чаган і Віктар Сарачан  з вядучымі свята 

Сёлета Беларусь і Малдова святкуюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Вось і ў Дзяржынску, на базе Гістарычна-краязнаўчага музея й раённай бібліятэкі зладзілі свята “Вянок сяброўства”. Сярод ганаровых гасцей — Амбасадар Малдовы ў Беларусі Віктар Сарачан і першы сакратар Амбасады Таццяна Бешліу, старшыня савета грамадскай суполкі малдаван у Беларусі Антаніна Валько, старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч ды іншыя прадстаўнікі мясцовай улады. Віктар Сарачан і Мікалай Арцюшкевіч абмяняліся падарункамі. Прыгожа ўвіваліся ў вянок свята малдаўскія й  беларускія нацыянальныя строі. У асобным пакоі музея працавала выстава “Малдаўскія матывы”: кілімы, выданні, мастацкія вырабы... З экспанатамі знаёміў мясцовы малдаванін Васіль Семянюк — паэт, мастак, артыст, які так вывучыў нашу мову, што нават піша гумарэскі па-беларуску. Па яго ініцыятыве, на яго сядзібе ў вёсцы Баравікі штогод ладзіцца Свята малдаўска-беларускага сяброўства, аб чым пісала й газета “Голас Радзімы”. І якраз там я пачуў мудрую малдаўскую показку: старыя сябры і старое віно — лепш за ўсё.

Цікавую экскурсію па музеі правяла дырэктарка музея Галіна Вашкевіч. Калі ж свята перамясцілася ў залу бібліятэкі, гасцей віталі яе дырэктарка Валянціна Клімовіч, паэты, сябры літклуба “Выток”. І вершы ўпрыгожылі “Вянок сяброўства”. А рэй там вялі супрацоўніца бібліятэкі Наталля Лебядзеўская і Васіль Семянюк — у гожых нацыянальных строях. Віктар Сарачан, вітаючы грамаду, адзначыў: цяпер ідзе пошук імёнаў малдаван, якія загінулі ў Беларусі пад час апошняй вайны. У памяць пра іх у Храме-помніку ў Мінску будзе закладзена сімвалічная капсула з зямлёй — тое ж мяркуецца зрабіць і ў Малдове: у памяць пра беларусаў, што загінулі на малдаўскай зямлі. Намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Чаган падкрэсліў, што звіты вянок сяброўства — гэта надзейны фундамент для брацкай супрацы на будучыню. 

Лявон Целеш, г. Дзяржынск

Голас Радзімы № 47 (3551), чацвер, 14 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter