Які дуб – такі клін, які бацька – такі сын...

ПУШЫСТЫЯ елкі і стромкая бярозка перад домам на шырокай вясковай вуліцы ў Зеляночах прыгожа аздабляюць дбайна дагледжаны падворак. Трэці дзясятак гадоў яны ўпрыгожваюць сядзібу Васіля ЦІХІНІ, які перабраўся сюды напрыканцы васьмідзясятых. Маленькімі выкапаў іх у лесе і пасадзіў перад сваім новым домам той першай паслячарнобыльскай вясною, калі вырашыў кардынальна перайначыць не толькі жыццё сваёй сям’і, але і сем’яў чатырох родных братоў. Калгас «Камунар», дзе старшыняваў Васіль Іванавіч, ледзьве зводзіў канцы з канцамі. Не лепш ішлі справы і ў суседняй гаспадарцы імя Калініна, у якую ўваходзіла родная вёска Ляскі, што на вачах пусцела. Моладзь адсюль выязджала і асядала ў гарадах, дзе можна было лягчэй пражыць. Нялёгкім быў той час для калгасаў. Вучоныя распрацоўвалі новыя формы арганізацыі працы ў сельскай гаспадарцы. Адна з іх — фермерства. Як грыбы пасля цёплага дажджу, дзякуючы выгадным дзяржаўным крэдытам, адкрываліся ў той час па Беларусі фермерскія гаспадаркі. Зацікавіла гэта і калгаснага старшыню Васіля Ціхіню.

«Ва ўпартым унуку я пазнаю самога сябе», — прызнаецца калінкавіцкі фермер Васіль Ціхіня

ПУШЫСТЫЯ елкі і стромкая бярозка перад домам на шырокай вясковай вуліцы ў Зеляночах прыгожа аздабляюць дбайна дагледжаны падворак. Трэці дзясятак гадоў яны ўпрыгожваюць сядзібу Васіля ЦІХІНІ, які перабраўся сюды напрыканцы васьмідзясятых. Маленькімі выкапаў іх у лесе і пасадзіў перад сваім новым домам той першай паслячарнобыльскай вясною, калі вырашыў кардынальна перайначыць не толькі жыццё сваёй сям’і, але і сем’яў чатырох родных братоў. Калгас «Камунар», дзе старшыняваў Васіль Іванавіч, ледзьве зводзіў канцы з канцамі. Не лепш ішлі справы і ў суседняй гаспадарцы імя Калініна, у якую ўваходзіла родная вёска Ляскі, што на вачах пусцела. Моладзь адсюль выязджала і асядала ў гарадах, дзе можна было лягчэй пражыць. Нялёгкім быў той час для калгасаў. Вучоныя распрацоўвалі новыя формы арганізацыі працы ў сельскай гаспадарцы. Адна з іх — фермерства. Як грыбы пасля цёплага дажджу, дзякуючы выгадным дзяржаўным крэдытам, адкрываліся ў той час па Беларусі фермерскія гаспадаркі. Зацікавіла гэта і калгаснага старшыню Васіля Ціхіню.

— Я разумеў, што будучае за буйнатаварнымі калектывамі. Так ва ўсім свеце. Але і фермерства мае перспектывы, — разважаў саракагадовы старшыня калгаса Васіль Ціхіня. — Спалучэнне гэтых структур дазваляе найбольш эфектыўна гаспадарыць. Кожны раз, калі я наведваў сваіх бацькоў у нашай маленькай вёсачцы Ляскі, што прытулілася між густых бароў, з болем глядзеў, як на вачах знікала яна. А так хацелася бачыць родны куток ажыўленым, дагледжаным. Думалася, хто, як не мы, пяцёра братоў, можам уратаваць Ляскі. Дзяржава падтрымае фінансамі, а мы рук не пашкадуем і адновім родную вёску.

Многае перадумаў тады Васіль Іванавіч, перш чым прыняць рашэнне. Лічыў, што замену сабе на старшынёўскае крэсла доўга шукаць не давядзецца, а вось паспытаць фермерскага хлеба, мо, і рызыкоўна, але даволі цікава. Тым больш што ёсць на каго абаперціся. Толькі важна братоў захапіць новай справай. Дэталёва разлічыў, адкуль і якія сродкі на фермерства можна атрымаць і як потым вярнуць іх. Першаму даверыў задумкі брату Пятру, які працаваў калгасным галоўным эканамістам. Ён падтрымаў ідэю і нават дэталёва абгрунтаваў яе сваімі разлікамі. А старэйшы брат Фёдар у той час прыдбаў у гаспадарцы спісаны трактар «МТЗ». Спецыяліст ён высакакласны, яму і цяпер любая сельгасмашына падуладна. Братам Аляксею і Мікалаю таксама знайшлі занятак у фермерскай гаспадарцы. Нават бацькам прадугледзелі справу.

Вырашылі сабраць усіх братоў у бацькоў і там распачаць няпростую размову. Да позняй ночы ззялі яркім святлом вокны хаты Ціхіняў. Васіль і Пятро, дапаўняючы адзін аднаго, расказвалі пра ідэю, тлумачылі, грунтоўна адказвалі на ўсе пытанні. На лічбах даказвалі перспектыву фермерства. Браты пагадзіліся, прынялі прапанову, а жонкі іх даволі песімістычна глядзелі на гэта.

— Пенсію хто нам будзе плаціць? — турбавалася Вольга, жонка старэйшага брата Фёдара.

— Худа-бедна, а ў калгасе я кожны месяц маю зарплату, — выказвала свой довад Святлана, жонка Васіля, якая працавала калгасным бухгалтарам.

— Калі раптам не зможам прадаць сваю прадукцыю, што тады будзе? — не супыняліся нявесткі Надзея і Наталля.

Да трэціх пеўняў дыскутавалі ў тую ноч. Але згоду ад усіх братоў Васіль і Пятро атрымалі.

Толькі бацька, стары вопытны селянін Іван Ціхіня, ніяк не мог змірыцца, што Васіль пакіне старшынёўства. Так добра вучыўся. З адзнакай закончыў агранамічнае аддзяленне Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума, працаваў калгасным брыгадзірам на Міншчыне, асвойваў цалінныя землі, прайшоў службу ў Савецкай Арміі, добра зарэкамендаваў сябе аграномам у родных мясцінах, паступіў і завочна закончыў прэстыжны Усесаюзны сельскагаспадарчы інстытут у Маскве, адкрываў у Ельскім раёне новы саўгас «Камуніст», пабудаваны на абноўленых землях Палесся, вярнуўся ў родныя мясціны і ўзначаліў калгас... І раптам усё перакрэсліць і стаць звычайным працаўніком. Ці разумна гэта? А што людзі скажуць?

Доўга не мог супакоіцца бацька, ды і маці хвалявалася за сыноў. Вялікую рызыку і адказнасць бралі яны на сябе. Але ініцыятар ідэі Васіль не адступаў. Правёў калгасны сход, на якім старшынёўскія паўнамоцтвы перадаў новаму кіраўніку. Звярнуўся з заявай да мясцовай улады на атрыманне ў арэнду пустуючых зямель за роднымі Ляскамі.

— Чаму менавіта за Ляскамі я прасіў зямлю? — узгадвае той час Васіль Іванавіч. — Вельмі балюча было глядзець на забітыя вокны хат у роднай вёсцы, на пахіленыя парканы і закінутыя студні. Тут жа вякамі жылі нашы продкі! Зямля карміла, лес укрываў ад ворагаў, ратаваў у галодныя гады. Не давала спакою думка, як аднавіць родныя Ляскі, удыхнуць у іх новае жыццё. А тут дзяржава плячо падстаўляе, толькі не лянуйся, пачынай справу, і ўсё атрымаецца.

Мы з Пятром вырашылі спачатку заняцца паляводствам, а потым, калі збяром нейкі капітал, пабудаваць ферму каля вёскі, каб людзям занятак быў. Садок дзіцячы адкрыем, школу адновім і ўратуем Ляскі.

— А ў вёсцы як ставіліся да вашай ініцыятывы?

— Вёска невялікая, жыццё кожнай сям’і навідавоку. Бацька адсюль пайшоў на фронт, цудам застаўся жывы і вярнуўся на радасць родным з вайны. У пасляваенныя гады калгасную зямлю апрацоўваў, сеяў збажыну, убіраў ураджай. Яго ставілі ў прыклад, выдавалі прэміі. І маці была адной з лепшых калгасніц, паважанай у вёсцы. Сваімі рукамі бацькі дом збудавалі, вялікую гаспадарку трымалі, бо сям’я немалая: пяцёра сыноў і дзве дачкі.

Ніхто ў нашай сям’і ніколі не быў у баку ад сялянскай працы. Усе пяцёра сыноў і дзве дачкі хатнюю жывёлу даглядалі, дровы пілавалі і калолі, шмат іншай хатняй працы выконвалі. Крок у крок усе мы, сыны, ішлі за бацькам у пакосе. Гэта цяпер навакольныя балоты асушаны, а ў тыя часы нарыхтоўваць сена даводзілася вельмі нялёгка. Вада стаяла на сенажаці нават у спякоту, таму скошаную траву выносілі на грудок і там сушылі. Не адставалі ад старэйшых, да сёмага поту шчыравалі, каб было чым зімою карову карміць. Чацвёртую частку сена аддавалі для нашай каровы, а тры забіраў калгас. Гэта ўжо значна пазней тэхніку пусцілі на акультураныя сенажаці.

А яшчэ часта ратаваў навакольны лес. Насілі і здавалі нарыхтоўшчыкам лясныя ягады, грыбы, арэхі. Мяхамі збіралі ўвосень жалуды пад векавымі дубамі, кармілі імі свіней. У летнія канікулы паспявалі і на калгасную працу. Агортвалі бульбу, жніўным часам да позняй ночы ўвіхаліся на збожжатаку, дзе бесперапынна ляскаталі малацілкі, збожжасушылкі. У штодзённых клопатах хутка пралятала лета, і пачыналася школа. І тут сялянскія дзеці бацькоў не падводзілі. Пасля заканчэння школы ўсе сыны засталіся на вёсцы. А як жа інакш, спрадвеку ўсе на зямлі працавалі. Дзяды калгас арганізоўвалі, у іх вёсцы некалькі пакаленняў пры калгасным ладзе змянілася.

І раптам Васіль задумаў у Лясках невядомае фермерства. Востра абмяркоўвалі гэта вяскоўцы. Перш за ўсё іх цікавіла, а хто паклапоціцца пра састарэлых, як будуць вырашацца іншыя жыццёвыя пытанні. І калі ў Лясках абвясцілі пра агульны сход, на які выносілася зямельнае пытанне, сабраліся ўсе. Зачыталі заяву Васіля Ціхіні пра выдзяленне яго фермерскай гаспадарцы пустуючай навакольнай зямлі. Сяляне загаманілі, сталі шумна выказваць сваю незадаволенасць. Галасавалі адкрыта, і ўсе аднагалосна адмовілі даць зямлю Ціхіням.

Да ўсялякіх цяжкасцей не прывыкаць Ціхіням. Але такую ганьбу атрымаць ад сваіх людзей яны ніяк не чакалі. Падкасіла гэта ў першую чаргу бацькоў. Не вытрымаў такога ўдару аднавяскоўцаў і брат Пётр. У адзін год іх не стала.

Але Васіль Іванавіч усё ж зямлю ўзяў. Толькі не ў родных Лясках, а непадалёку і стаў там гаспадарыць. Брат Фёдар дзень і ноч шчыраваў на сваім трактары, дапамагаў апрацоўваць палі. І сам Васіль Іванавіч свету белага з-за працы не бачыў. Кожны лапік поля па-навуковаму апрацоўвалі, запраўлялі і максімальна вытрымлівалі тэхналогію вырошчвання сельгаскультур. І вынікі не заставілі сябе доўга чакаць. Ураджаі радавалі, на заробленыя сродкі набылі новую тэхніку, угнаенні, паліва. Падраслі сыны Дзіма і Андрэй, асвоілі сельгасмашыны і таксама ўключыліся ў працу.

Мінулыя два дзесяцігоддзі вялікая сям’я калінкавіцкага фермера Васіля Ціхіні працавала ад цямна да цямна. І будзіць ніколі нікога не трэба было.

— Нам пеўні не патрэбны, — жартуе малодшы сын Дзмітрый Ціхіня. — У гарачы час спім па некалькі гадзін у суткі. Інакш праспіш поспех. Зямля ляноту адчувае. Зараз я маю пятнаццаць гектараў зямлі ў полі і яшчэ тры гектары каля бацькавага надзелу. Вырошчваем у асноўным гародніну, попыт на яе высокі. Нашы пастаянныя спажыўцы ў Гомелі, некаторых райцэнтрах вобласці. Аднаму мне з апрацоўкай такой плошчы, безумоўна, не справіцца. У нас з бацькам за гэтыя гады склаўся свой тэхнічны парк. Вось і нядаўна купілі новенькі «Беларус». Брат Андрэй жыве побач і таксама з намі на зямлі працуе.

За многія гады Ціхіні набылі пэўны вопыт вырошчвання гародніны. Самыя сучасныя тэхналогіі прымяняюць. Спачатку Васіль Іванавіч як вопытны аграном пільна сачыў за тэхналогіяй, цяпер гэтым займаецца сын Дзмітрый, які паспяхова закончыў Калінкавіцкі агранамічны каледж і агранамічны факультэт Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. А старэйшы сын Андрэй дасканала авалодаў сельскагаспадарчай тэхнікай. Усе работы па апрацоўцы зямлі, сяўбу і догляд пасеваў выконвае бездакорна. Дапамагае і старэйшы брат Васіля Іванавіча, Фёдар Іванавіч, які ў свае семдзесят пяць гадоў не адстае ў працы ад моладзі. Любы агрэгат на полі яму падуладны. Не толькі гародніну, але і збожжавыя вырошчваюць Ціхіні, што дазваляе вытрымліваць севазварот.

— Выраслі нашы дзеці, цяпер мы радуемся іх поспехам. Зямля шчодра аддзякуе за старанне і чуласць, — адзначае Васіль Іванавіч. — І нявесткі нашы не цураюцца ніякай працы. Жонка Дзмітрыя Марына выкладае англійскую мову ў школе, але ведае, дзе і на зямлі прыкласці рукі. Так і нявестка Людміла ў працы няўрымслівая. Падрастаюць унукі. Старэйшы Уладзік радуе паспяховай вучобай у трэцім класе. Прыедзе на падворак і прыглядаецца да трактароў, сельгасмашын. Гляну з боку на яго — і свае рысы ў ім пазнаю. Такі ж упарты, як што вырашыў, абавязкова даб’ецца свайго. Як людзі кажуць: які дуб — такі клін, які бацька — такі сын. Як быццам пра нас, Ціхіняў, так трапна сказана. Унучка Ліза закончыла музычную школу. У дзявятым класе зараз. Старэйшая наша ўнучка Марына ўжо на трэцім курсе сталічнай Акадэміі мастацтваў, артысткай хоча стаць. А самай меншай Кацярынцы толькі чатыры гадкі. Вельмі любіць казкі слухаць. У абодвух сыноў ладныя дамы збудаваны сваімі рукамі. З вясны да позняй восені красуюцца ў іх дварах дзіўныя кветкі.

— А з Ляскамі вашымі што зараз? — цікаўлюся ў Васіля Іванавіча.

— Толькі два гаспадары жывуць. Апусцела вёска. Спужаліся мае землякі слова фермер. І вось вынік. Ні нам, ні сабе карысці не атрымалі. Потым следам хадзілі, прасілі прабачэння. Ды што ўжо потым! Канешне, тады яны зрабілі вялікую памылку, што не паверылі ў нашы добрыя задумы. Няма цяпер і бацькоўскага дома ў Лясках, сусед па неасцярожнасці спаліў яго. Магла і ўся вёска згарэць, добра што паспелі патушыць. А я дагэтуль у сне бачу прыгожыя, квітнеючыя Ляскі. Хто ведае, мо, нашчадкі мае там усё-такі будуць гаспадарыць.

— Васіль Іванавіч, якая самая радасная падзея за гады фермерства была для вас? — пытаюся ў гаспадара.

— Нараджэнне ўнукаў. Хіба ж гэта можна яшчэ з чым-небудзь параўнаць? Цяпер я ўжо мару дачакацца праўнукаў. Толькі зараз я адчуў шчасце сваіх бацькоў, што ўсе мы, іх сыны, не здрадзілі вёсцы. Я са старэйшым братам Фёдарам і дзве сястры засталіся з нашай вялікай сям’і. Падтрымліваем самую моцную сувязь і з сем’ямі нашых братоў. Цяпер, праз дзесяцігоддзі пасля таго, як вырашыў заняцца фермерствам, я не шкадую. Прыемна, што мае сыны падхапілі гэту справу, з вялікім жаданнем працягваюць земляробскую традыцыю нашага працавітага роду. Цешыць душу, поўніць сэрца думка, што не згіне ўпарты ў працы хлебаробскі род Ціхіняў.

— Чаго чакаеце ад новага года, на што спадзяецеся?

— Вясны цёплай, не такой, як была сёлетняя. Кажуць, што пасля Раства абуджаюцца карані ў раслін, так што сонца пайшло ўжо на лета. Няхай жа будучы год будзе хлебным, праца плённай і жыццё наша шчаслівым!

Уладзімір СУБАТ

Калінкавіцкі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter