Источник: Знамя юности
Знамя юности

Поучаствовали в республиканском диктанте по белорусскому языку. И вот что получилось

Як чуецца, так і пішацца?

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук прайшла рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове. Свае веды праверыла і карэспандэнт «Знамёнкі».


А 13 гадзіне ва ўтульнай зале сабралося каля 20 чалавек рознага ўзрос­ту. Многія, як і я, збіраліся пісаць рэспубліканскую дык­тоўку ўпершыню. Маім суседам па парце стаў дырэктар Інсты­тута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец, які пры­знаўся, што апошні раз падобны іспыт праходзіў у школе, таму вельмі цікава праз столькі гадоў праверыць свае веды. Перад намі селі дзве дзяўчыны – як высветлілася, калегі Мікалая.

Удзельнікаў дыктоўкі прыві­таў дырэктар Інстытута мова­знаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ігар Капылоў:

– Рэспубліканская дыктоўка праводзіцца другі год, і нам вельмі прыемна, што колькасць удзельнікаў расце. У рэжыме анлайн зарэгістравалася каля тысячы чалавек ад 10 да 80 гадоў. Прычым не толькі з усіх куткоў краіны, але і з-за мяжы, нават з Кіпра. Гэта прадстаўнікі розных прафесій: праграмісты, дактары, бухгалтары, менеджары, прадаўцы, настаўнікі, кіроўцы. Таксама іспыт праходзяць школьнікі і студэнты.

У Год гістарыч­най памяці ўдзель­нікам прапанавалі напісаць тэкст «Багацце роднай зямлі» Тараса Хадкевіча. Не­пасрэдна сама дыктоўка нічым не адрознівалася ад той, што праходзіць у школе. Тэкст зачытваўся цалкам, потым – па сказах і частках і ў канцы – зноў цалкам. Ці хвалявалася я? Хіба крыху. Абстаноўка ў аўды­торыі была настолькі цёп­лай, што адчувала сябе як у кампаніі добрых сяброў. Да таго ж успомніліся словы настаўніка: у беларускай мове як чуецца, так і пішацца. Але, забягаючы наперад, адзначу, што гэта не зусiм так.

Паўгадзіны – і дыктоўка напісана.

Пасля дыктоўкі кожны ўдзельнік выпраўляў свае памылкі самастойна. На экран вывелі тэкст з ка­мен­тарыямі складаных мо­ман­таў. На жаль, я зрабіла памылку – слова «рассці­ла­юцца» чамусьці на­пі­сала з адной «с». У майго суседа па парце так­сама крыху сапсаваўся настрой – не паставіў коску ў адным сказе. 

Калі арганізатары спыталі, ці ёсць ва аўдыторыі тыя, хто напісаў дыктоўку чыста, руку падняў толькі адзін удзельнік. Гэта малодшы навуковы супра­цоўнік Інстытута літаратура­знаўства імя Янкі Купалы Аляксандр Каралёў. Як прызнаўся малады чалавек, у тэксце было некалькі момантаў, дзе ён сумняваўся:

Аляксандр Каралёў не дапусцiў ніводнай памылкі.

– Вельмі ўсцешаны, што мне ўдалося ўзнавіць на пісьме аўтарскую пунктуацыю. У некаторых сказах магла быць ва­рыятыўная пастаноўка знакаў прыпынку. У цэлым дыктоўка спадабалася. Мову люблю, часта карыстаюся ёй як на працы, так і дома.

Аляксандр Каралёў, а таксама тыя, хто пісаў дыктант афлайн і зрабіў па адной памылцы, атрымалі на памяць сер­тыфікаты ўдзельнікаў і новае выданне «Францыск Скарына: даўнія факты – новыя ідэі». Аднак мэта дыктоўкі – не толькі праверыць узровень валодання нормамі беларускай літаратурнай мовы, а ў чарговы раз адчуць прыгажосць, міла­гучнасць, энергію і смак роднага слова. І ў арганізатараў гэта, безумоўна, атрымалася.

mischenko@sb.by

ЁСЦЬ ПЫТАННЕ

Якое ваша любімае слова на беларускай мове?

Вікторыя Карповіч, студэнтка, Гродна:






– У нашай мове ёсць пры­гожае слова «чараўніца». Мне здаецца, яно вельмі таямнічае і загадкавае. Ад прыроды маю доўгія рудыя валасы, таму мяне часта менавіта так і называюць. Не крыўдую, наадварот, падабаецца. Дарэчы, мы з аднагрупнікамі час­та размаўляем па-беларуску як на занятках, так і ў паўсядзённым жыцці. Мастацкую літаратуру таксама чытаю на мове. Не так даўно пачала твор Уладзіслава Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», а на наступным тыдні планую ўзяцца за беларускую міфалогію.

Ганна Кароль, кантралёр, аграгарадок Мяжаны, Браслаўскі раён:

– Мне дужа падабаецца слова «натхненне». Яно такое мілагучнае, што, калі яго чую, на душы ста­но­віцца цёпла і ўтульна. Да таго ж сэнс у гэтага слова вельмі важны: лічу, што ўсё ў жыцці трэба рабіць з натхненнем – ад працы да паўсядзённых дробязяў. Вучылася ў беларускамоўнай школ­е, таму з дзяцінства добра ёю валодаю. Люблю чытать творы нашых пісьменнікаў, асабліва падабаецца «Палеская хроніка» Івана Мележа. Дома з сям’ёй размаўляем па-руску, але, калі ў госці завітае бела­рускамоўная сястра, падтрымліваем яе і пераходзім на родную мову.

Вераніка Аніська, бухгалтар, вёска Пралескі, Маладзечанскі раён:

– Калісьці ў адной кнізе знайшла цікавае слова «знічка». Убачыла яго ўпершыню, таму не адразу зразумела сэнс. Калі звярнулася да слоўніка, даведалася, што знічка – зорка, якая падае з неба. З таго часу гэта маё любімае слова па-беларуску. Уявіце сабе, у іншых мовах яму няма аналага! Дарэчы, часта гляджу кіно і серыялы з беларускім дубляжом: іх не так шмат, але ёсць якасныя прыклады. Напя­рэдадні Новага года дзівіліся з сябрамі знакамітым замежным фільмам «Гэта цу­доўнае жыццё». Добра, калі можаш паслухаць, як любімыя артысты размаўляюць на тваёй роднай мове.

Уладзіслаў Печурэнка, студэнт, Мінск:

– Маё любімае слова на беларускай мове – «асалода». Яно ўніверсальнае і ўжы­ваецца ў розных выпадках: мы можам сказаць, што атрымліваем асалоду ад чытання, кахання, ежы. Ды і наогул ад жыцця. Людзі, якія не размаўляюць па-беларуску, кажу­ць, што некаторыя словы з нашай мовы могу­ць рэза­ць слых. Але ж «асалода» мне падаецца вельмі мілагучнай. Увогуле, стаўлюся да мовы з вялікай павагай, люблю на ёй размаўляць. Канешне, магу рабіць памылкі, але імкнуся вывучаць яе больш дасканала. Хочац­ца, каб людзі больш размаўлялі на роднай мове, яна ў нас вельмі прыгожая.

gorbatko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter