У гісторыі беларуска-туркменскіх сувязяў лёс Аляксандра Пацалуеўскага займае асобны радок

Як беларус з туркменскай моваю пасябраваў

У гісторыі беларуска-туркменскіх сувязяў лёс Аляксандра Пацалуеўскага займае асобны радок


На жаль, няма імя Аляксандра Пятровіча Пацалуеўскага ў “Беларускай энцыклапедыі”. Зрэшты, энцыклапедысты могуць і паспрачацца: Пацалуеўскі хоць і нарадзіўся ў Віцебскай губерні, усё роўна, маўляў, “не наш”. Радзіма навукоўца, мовазнаўца, літаратара, фалькларыста — “вёска Букмуйжа былога Ражыцкага павета былой Віцебскай губ. (цяпер знаходзіцца ў межах Латвійскай ССР)” (цытую па аўтабіяграфіі прафесара, атрыманай мною ад ягонага сына Яўгена Аляксандравіча некалькі гадоў назад). Трэба дадаць, што нарадзіўся “… у сям’і настаўніка. Па нацыянальнасці — беларус”. У прынцыпе спрачацца — справа ў дадзеным выпадку малазначная і нават зусім непатрэбная. З часам у энцыклапедыях месца Пацалуеўскаму знойдзецца, і кнігу пра яго, безумоўна, нават у Беларусі напішуць. Жыццё Аляксандра Пятровіча, знешне пазбаўленае якіх-небудзь мудрагелістых сюжэтаў, таго вартае.


У чым жа місіянерства Аляксандра Пацалуеўскага? Прыезду ў Ашхабад (тады, дарэчы, сталіца Закаспійскага краю называлася Паўтарацк) папярэднічалі віцебскія гады хлопца з латышскай Букмуйжы. Якія б матэрыяльныя цяжкасці ні стрымлівалі сельскага настаўніка, бацька адпраўляе хлапчука ў Віцебскую класічную гімназію.

У 1914 годзе — новая адукацыйная прыступка: Аляксандр паступае ў маскоўскі Лазараўскі інстытут усходніх моў. Цытую аўтабіяграфію навукоўца: “Падчас знаходжання ў Лазараўскім інстытуце паралельна займаўся французкай мовай на курсах пры таварыстве “Альянс Франсэз” і англійскай на курсах “таварыства збліжэння Расіі з Англіяй”. Асноўная спецыяльнасць — лінгвіст-цюрколаг”. Што ні гавары, старыя (разумець варта: сапраўдныя) інтэлігенты… Расшыфраваць на прадмет ведання ўсходніх моў самахарактарыстыку “лінгвіст-цюрколаг” дапамагаюць ужо старонкі навуковай біяграфіі: з інстытута выпускнік выходзіць, “атрымаўшы салідную падрыхтоўку па турэцкай, персідскай і арабскай мовах”. Забягаючы наперад, зазірнем у лісток па ўліку кадраў, запоўнены Пацалуеўскім у сталыя гады. З адказу на пытанне, якія замежныя і народаў СССР мовы ведаеце: “… толькі чытаю без слоўніка і са слоўнікам — нямецкую, італьянскую, польскую, лацінскую, арабскую, анаталійска-турэцкую і некаторыя іншыя; беларускую, латышскую, азербайджанскую, крымска-татарскую, узбекскую, таджыкскую і нек. інш.; добра — французкую, англійскую, персідскую (фарсі), рускую, туркменскую”.

Са снежня 1918 па чэрвень 1922 года Аляксандр Пятровіч выкладае англійскую і французкую мовы ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Затым яшчэ год працуе лектарам і выкладчыкам на курсах Віцебскага губернскага аддзела народнай адукацыі. Але вабіць Усход, мовы вялікіх персідскіх паэтаў … А яшчэ — блізкая памяць пра ўрокі, якія далі навукоўцы, настаўнікі Лазараўскага інстытута. Пэўна, і падчас вучобы Аляксандр ведаў, што да вывучэння туркменскай мовы былі зробленыя толькі першыя, далёка не дасканалыя падыходы. У 1921 годзе Віцебскае аддзяленне Маскоўскага інстытута адпраўляе Пацалуеўскага ў камандзіроўку ў Ташкент. Аляксандр Пятровіч працуе лектарам персідскай мовы на Ваенных курсах усходазнаўства, знаёміцца з дзейнасцю Туркестанскага Усходняга інстытута. А на вуліцах Ташкента прагна ловіць размову мясцовых жыхароў, спрабуе размаўляць на ўзбекскай мове.

А ў кастрычніку 1923-га — запрашэнне Службы асветы Сярэднеазіяцкай чыгункі ў Ашхабад, на пасаду інструктара-метадыста. Маладому чалавеку — 29 гадоў. Ён яшчэ не ведае, што жыць яму засталося ўсяго толькі чвэрць стагоддзя. Але цвёрда ведае, што трэба рабіць. Выкладчыкаў замежных моў у тыя часы катастрафічна не хапае. Аляксандр Пятровіч вучыць англійскай, французкай, персідскай мовам, а яшчэ і туркменскай, якую і сам яшчэ толькі пачынаў асвойваць, — у ашхабадскай чыгуначнай школе 2-й ступені імя К.Д. Ушынскага, школе 2-й ступені імя М.А.Някрасава, школе імя А.В.Луначарскага, у персідскай школе. А таксама — на пяхотных камандзірскіх курсах і курсах камерцыйных ведаў. Падаецца, што Пацалуеўскі працуе па 24 гадзіны ў суткі. Але ж, як і ва ўсіх, — сям’я. Ды дзяцей — ні многа ні мала: чацвёра! З Віцебска прыязджае стары і хворы бацька. Але мовы — страсць, спасціжэнне іх — галоўнае ў жыцці прызначэнне. І яшчэ такой цікавай, сакавітай уяўляецца незнаёмая раней туркменская мова… Праўда, амаль няма літаратуры па яе вывучэнні.

На памяць прыходзіць Самайловіч, прафесар Лазараўскага інстытута. Яшчэ быўшы студэнтам, ён падрыхтаваў дыплом “Досвед лінгвістычнага даследавання тэкінскай гаворкі туркменскага дыялекту”, куды ўключыў і кароткі тэкінска-рускі слоўнік. Тады работу высока ацанілі, узнагародзіўшы маладога навукоўца залатым медалём Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Але гэта быў 1903-і… Пазней Самайловіч хоць і прымаў удзел у дыялекталагічных экспедыцыях у Туркменістан, але праблемамі туркменскай мовы блізка не займаўся. З інстытуцкіх часоў Аляксандр засвоіў многія рысы свайго настаўніка. Пацалуеўскі ва ўсім спрабуе разабрацца сам. Ходзіць па рынках, ездзіць у далёкія і блізкія аулы, далучае да экспедыцый калег па Туркменкульце, куды яго запрашаюць працаваць. Запісвае вусную мову, адсочвае дыялекты, выбірае ў іх словы, тыповыя для некалькіх туркменскіх плямёнаў. З году ў год па 2-3 месяцы праводзіць навуковец у самых глухіх раёнах Каракумаў. 1927-ы — экспедыцыя да іаму­даў і гакленаў. 1928-ы год — да племя анаулі, 1929-ы — да эрсарынцаў, 1930-ы — да салыраў і да сарыкаў. У снежні таго ж 1930 года — да племені нахурлі…

Да нахурлі ў аул Нахур Пацалуеўскі яшчэ вярнуўся і падчас Вялікай Айчыннай… Маскоўскі журналіст Мікалай Галоўкін (па нараджэнні ашхабадзец), даведаўшыся пра маю цікавасць да Пацалуеўскага, падказаў: “Мая маці ўдзель­нічала ў той экспедыцыі ў Нахур…” Тэлефаную ў Ашгабат. Доктар філалагічных навук Яўгенія Мікалаеўна Яршова даўно ўжо на пенсіі, але ў трубцы голас — ба­дзёры, малады:

— Тады я была студэнткай пед­інстытута, дзе Аляксандр Пятровіч загадваў кафедрай туркменскай мовы і агульнага мовазнаўства. Што здзіўляла ў ім, дык гэта выключная працаздольнасць. Праўда, у маладыя гады мы да гэтага ставіліся неяк без належнага піетэту. Падавалася, што ўсё яшчэ наперадзе і часу, каб у навуцы горы перавярнуць, будзе ў нас аж занадта. А калі запісвалі дыялекты, фальклор у Нахуры, прафесар здзіўляў тым, што з дэхканамі размаўляў на роўных. Як быццам шмат гадоў пражыў у ауле менавіта сярод дэхкан племя нахурлі…

Але вернемся ў 1920-я… Пацалуеўскі ўнікае ва ўсе пытанні развіцця або, хутчэй, станаўлення туркменскай мовы. У жніўні 1926 года выступае ў газеце “Туркменская іскра” з артыкулам “Рэформа туркменскага алфавіта”. Адзін за другім выходзяць навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы, кнігі навукоўца. Ужо ў 1929 годзе выдаецца яго падручнік “Кіраўніцтва для вывучэння туркменскай мовы” (у якасці дадатку — “Кароткі туркменскі слоўнік”) . Яшчэ праз некалькі гадоў беларус самастойна рыхтуе “Праект рэформы арфаграфіі туркменскай літаратурнай мовы”.


…Збіраючы па крупінках інфармацыю пра навукоўца, я размаўляў, перапісваўся з самымі рознымі людзьмі. У Маскве імя Пацалуеўскага добра вядомае ў Інстытуце мовазнаўства Расійскай Акадэміі навук, у Інстытуце краін Азіі ды Афрыкі пры МДУ імя М.В.Ламаносава, у Інстытуце ўсходазнаўства… Пісаў я і ў Ашгабат, дзе і сам жыў, працаваў у другой палове 1980-х… Пісаў знаёмым літаратарам, навукоўцам, а ў душы дакараў сябе за тое, што тады “прапусціў” Пацалуеўскага. Шукаў ашхабадскія сляды іншых землякоў. Але з усіх беларусаў фігура Пацалуеўскага для Туркменістана маштабу самага вялікага. І гібель яго ў землятрусе 1948 года — страта незаменная.

Тады, кастрычніцкай ноччу 1948-га, загінуў і асабісты архіў навукоўца. За 25 гадоў напружанай працы па “туркменскім моўным будаўніцтве” Аляксандр Пятровіч паспеў выдаць амаль 20 кніг. Тым самым стварыў навуковы падмурак для пошукаў некалькіх пакаленняў цюрколагаў. На пачатку цяперашняга стагоддзя ў Ашгабаце падагульнілі падзеі папярэдняга стагоддзя, назвалі імёны туркменістанцаў, чые прозвішчы варта ўпісаць у гісторыю залатымі літарамі. І Пацалуеўскі — у іх ліку.

… — А што датычыцца архіва бацькі, — расказваў сын навукоўца, — то застаецца толькі меркаваць, над якімі праблемамі ён працаваў у апошнія гады. Пэўныя арыенціры дае спіс навуковых прац, складзены бацькам у 1948-м, дзе нараўне з іншымі значацца работы, падрыхтаваныя да друку, але пакінутыя неапублікаванымі. А гэта — 10 нарысаў, прысвечаных дыялектам плямёнаў, агульным аб’ёмам большым за 300 машынапісных старонак, прыблізна такая ж па аб’ёме праца “Марфалогія туркменскай мовы ў навуковым асвятленні (сінтаксічныя формы)”. У спісе — “Зборнік жаночых песень” на 10 аўтарскіх лістоў, “Кіраўніцтва да вывучэння персідскай мовы”, “Матэрыялы для складання руска-персідскага слоўніка”. Каласальная праца!..

Пасля землятрусу 1948 года Ашгабат аднавілі параўнальна хутка. Дапамога прыйшла і з Беларусі, хоць і ў нашым краі на ўсім ляжала яшчэ пячаць ваеннага ліхалецця… А вось зніклыя ў страшную кастрычніцкую ноч дыялектныя зборы Пацалуеўскага аднаўляць прыйшлося дзесяцігоддзямі. Але час не стаіць на месцы — і навуковыя знаходкі нашага земляка, яго гіпотэзы і перакананні развіваюцца ў работах вучняў Аляксандра Пятровіча. Многія з іх на ніве туркменскага мовазнаўства сталі кандыдатамі, дактарамі навук. Такую вось школу на вякі выбудаваў на радзіме Махтумкулі беларус Аляксандр Пацалуеўскі.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter