Як адшукалі “Вясковага чараўніка”

Свае нататкі з апошняга фестывалю камернай музыкі ў Заслаўі назвала “Як многа нам адкрыццяў дзіўных рыхтуе фестывальны рух”. І сапраўды, штогадовыя фестывалі ў Нясвіжы, Мсціслаўі, Заслаўі, якія дорыць нам канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга, выклікаюць не адно эстэтычную асалоду, але, і, можа, гэта галоўнае, пашыраюць нашы веды аб гісторыі мастацтва Беларусі, аб тым пачэсным месцы, якое яна мела і мае ў кантэксце агульнаеўрапейскай культуры. Гісторыкі, мастацтвазнаўцы, пісьменнікі не хацелі і не хочуць змірыцца з тым, што дзякуючы “падачы” некаторых рупліўцаў наша старажытная краіна, наша культура доўгі час падаваліся як культура выключна сялянская, “лапатная”. Мы павінны быць удзячнымі, што ў часы, не вельмі спрыяльныя для такіх даследаванняў, яны ўпарта і доказна сцвярджалі: Беларусь заўсёды займала пачэснае месца ў агульнаеўрапейскім культурным працэсе: больш таго, была донарам для шматлікіх культур суседзяў блізкіх і вельмі далёкіх. “Беларускі след” знойдзен на ўсіх кантынентах свету. І тут трэба аддаць даніну ўдзячнасці нашым даследчыкам, такім, як Гурый Барышаў, Адам Мальдзіс, Віктар Скарабагатаў, Аляксандр Капілаў, Алена Ахвердава і, вядома ж, сённяшняя мая субяседніца Вольга Дадзіёмава, дзякуючы працы якіх адкрываем мы ўсё новыя і новыя музычныя кантыненты. Вось і на апошнім фестывалі ў Заслаўі адбылося ажно некалькі сенсацый. -- Вольга Уладзіміраўна, упэўнена, што большасць з нас сёння не ведаюць, што Жан Жак Русо, вялікі энцыклапедыст, быў выдатным музыкантам, пісаў оперы і што яго творы ставіліся ў Беларусі. -- Мне думаецца, што вы, Тамара Аляксееўна, перабольшваеце “масавую недасведчанасць”, але, безумоўна, гэты бок дзейнасці Жан Жака Русо шырокай публіцы менш вядомы, чым яго філасофскія эстэтычныя, этычныя тэорыі. Жан Жак Русо вёў музычны раздзел у энцыклапедыі Дзідро, і тыя эстэтычныя ідэі, якія ён сцвярджаў, сталі блізкімі не толькі яго сучаснікам, але і нашым. Русо, у прыватнасц, дэклараваў прыярытэт натуральных пачуццяў над вытанчанай, але часам хлуслівай модай, тым канонам, які склаўся ў арыстакратычным асяродку. Жан Жак Русо не быў,як мы сёння кажам, музыкантам-прафесіяналам, але быў чалавекам надзвычай адораным у музыцы. І яму належыць адкрыццё новага жанру, які нават сёння мае плённы працяг, -- камічнай оперы. Цікава, што ідэі яго камічнай оперы “Вясковы чараўнік” былі шалёна папулярнымі не толькі ў тэатры, але і ў побыце. Успомнім хаця б радзівілаўскую “Альбу”, калі арыстакраты апраналіся ў сялянскае адзенне і гулялі ў сялян. Русо не саромеўся выводзіць на сцэну вясковых персанажаў, вясковыя мелодыі. Опера Русо, напісаная ў 1752 г., дала пачатак цэламу накірунку ў творчасці плеяды кампазітараў. Напрыклад, моцартаўскае “Вяселле Фігара”-- гэта таксама камічная опера. І што цікава, менавіта гэтая опера прымусіла Жан Жака Русо абвергнуть самога сябе. Справа ў тым, што ў той час ён рыхтаваў трактат аб непрыгоднасці французскай мовы для оперы. Але з’явіўся “Вясковы чараўнік” і абверг усе пастулаты Русо. З таго часу французская мова нароўні з італьянскай стала мовай оперы. -- А які ўплыў мелі ўсе гэтыя з’явы на музычную культуру Беларусі? -- Адказ трэба шукаць у працах беларускіх даследчыкаў. Перш за ўсё Гурыя Барышава і Адама Мальдзіса, дзе шмат фактаў, знойдзеных у архівах, праліваюць святло на повязь Жан Жака Русо з культурай Беларусі другой паловы ХVIII стагоддзя. Ідэі Жан Жака Русо луналі ў той час у паветры. Захапленне натуральнасцю, вясковасцю, ідэлічныя матывы прасякаюць культуру Еўропы ХVIII стагоддзя. Успомнім Пушкіна і яго Таццяну Ларыну. Ей рано нравились романы, Они ей заменяли все. Она влюблялася в обманы, И в Ричардсона, и в Руссо. Гэтыя ідэі знаходзілі шлях на сцэну. Хаця б у славутай першай беларускай оперы “Агатка”, аўтары якой Мацей Радзівіл (лібрэтыст) і кампазітар Ян Голанд выкарысталі ідэі Жан Жака Русо. Але найбольш шчыльна звязана з русаісцкімі ідэямі другая опера Яна Голанда “Чужое багацце нікому не на карысць”. Музычны матэрыял я прывезла з-за мяжы і спадзяюся, што ў хуткім часе з ім пазнаёмяцца аматары музыкі. Гэта опера заснавана на беларускіх рэаліях, там шырока гучаць славянскія, беларускія мелодыі. Ідэі, што распрацаваны ў творах Жан Жака Русо, атрымалі шырокае распаўсюджванне ў свеце, у тым ліку і на Беларусі. Узгадаем, што “Сялянка” Станіслава Манюшкі, якая была пастаўлена ў Мінску праз 100 год пасля “Вясковага чараўніка”, -- гэта таксама камічная опера. Хоць музыка Манюшкі не захавалася, п’еса Дуніна-Марцінкевіча, да якой кампазітар напісаў музыку, дагэтуль ідзе ў Купалаўскім тэатры. -- Але вернемся ў васемнаццатае стагоддзе. Якія стасункі складваліся паміж Жан Жакам Русо і беларускімі паклоннікамі ягонай творчасці, у тым ліку і кампазітарскай? -- З жэнеўскім філосафам падтрымлівалі сувязі многія беларускія мецэнаты з арыстакратычных колаў і перш за ўсё гродзенскі падскарбій Антоній Тызенгаўз. Ён перапісваўся з Жан Жакам Русо і запрасіў яго ў свае маёнткі. Гэта было ў час, калі ставілася опера ў Ружанскім палацы. Тызенгаўз пісаў пра цудоўную магчымасць адпачыць у Белавежскай пушчы, і ўзяў на сябе ўсе выдаткі па знаходжанню Жан Жака Русо ў Беларусі. На жаль, жэнеўскаму філосафу не ўдалося прыехаць. Але застаецца найбольш значным тое, што ідэі Жан Жака Русо не толькі знайшлі шчырых прыхільнікаў на беларускіх землях, але што гэтыя ідэі творча развіваліся. -- Але адна справа выканаць тое, што ляжыць на паверхні. Другая -- адшукаць нотны матэрыял, адаптаваць яго для іншага,чым у ХVIII стагоддзі складу аркестра і пазнаёміць слухача з жывой музыкай. Раскажыце, як гэта дабываецца. -- О-о, гэта цэлы дэтэктыў! Ну хаця б тое, што датычыццца “Вясковага чараўніка”, пра які мы сёння вядзём гаворку. У гісторыі музычнага тэатра Беларусі год дваццаць таму прачытала, што опера Жан Жака Русо ў 1778 годзе ставілася ў Ружанскім тэатры Сапегаў сіламі вясковых артыстаў, якія вучыліся ў тэатральна-музычнай школе, заснаванай магнатамі. Пра гэтую пастаноўку захаваліся ўспаміны Юліяна Нямцэвіча, мемуарыста ХVIII стагоддзя, які прысутнічаў на спектаклі. І галоўнае ў гэтым сведчанні -- захапленне таленавітымі артыстамі з народу. Тады ж паставіла на мэту, як раней “Агатку”, “Чужое багацце” Голанда, адшукаць “Вясковага чараўніка” Жан Жака Русо. Спачатку была ілюзія, што матэрыял ляжыць на паверхні. Энцыклапедыст Жан Жак Русо вядомы, славуты. Яго “Вясковы чараўнік” адкрывае гісторыю сусветнай камічнай оперы. Аднак ні ў адной энцыклапедыі не пазначана звестка аб захаванні партытуры ці клавіра. Пачаўся франтальны пошук. Заўсёды, калі я прыязджаю ў Маскву ці Пецярбург альбо Кракаў, Кіеў, Вільню, Франкфурт, Брусель, то абавязкова звяртаюся да каталогаў, і калі штосьці нагадвае аб беларускай гісторыі, знаёмлюся з гэтымі матэрыяламі. І вось у адну з такіх вандровак у бібліятэку Маскоўскай кансерваторыі, сярод іншых нотаў бачу “Вясковага чараўніка”! Але гэта рарытэт ХVIII стагоддзя, ноты забаронена капіраваць. Патрэбна было не аднойчы ездзіць выступаць на канферэнцыях, пераконваць, што опера ўпісваецца ў гісторыю Беларусі і гэтак далей, каб тыя ноты атрымаць. Вось з такімі прыгодамі яны трапляюць на стол да даследчыкаў, а потым і на пюпітры музыкантаў. Але раней з дзвух—трох нотных радкоў неабходна ўзнавіць цэласны твор. І тут у “бой” уступаюць нашы (дзякуй богу, што ў нас яны ёсць!) высокаадукаваныя аранжыроўшчыкі. Такія, як Андрэй Шпянёў, Генадзь Гедыльтэр, пад мастацкім пэндзлем якіх’ творы знайшлі фактычна другое нараджэнне. Сёння, калі на фестывалі гучыць музыка Жан Жака Русо, мы з удзячнасцю ўзгадваем тыя часы, слаўную старонку айчыннай гісторыі і вельмі ўсцешаны, што яна мае працяг у наш час. Сёння музычны матэрыял захоўваецца ў маім архіве і ім шырока карыстаюцца студэнты. Ёсць надзея, што гэта тэма будзе мець далейшае развіццё таму, што ёй зацікавіліся маладыя даследчыкі, яна ўваходзіць у кола хрэстаматыйных і ні ў кога не ўзнікне сумнення, што Беларусь знаходзілася ў цэнтры еўрапейскага мастацкага працэсу і мела, як кожная краіна, свае творчыя здабыткі, развівала дасягненні іншых народаў і ўносіла адметныя, непаўторныя фарбы ў еўрапейскую музычна-культурную палітру. -- Дзякуй, Вольга Уладзіміраўна за цікавую размову. Спадзяюся яшчэ не адзін раз сустрэцца з вамі на старонках “Р”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter