Як адмяніць новае завяшчанне?

На пытаннi адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна г. Мінска Таццяна ШАСТОЎСКАЯ
Таццяна ШАСТОЎСКАЯНа пытаннi адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна г. Мінска Таццяна ШАСТОЎСКАЯ

У нас паўстала спрэчная сітуацыя са спадчыннай кватэрай. З’явілася новае завя-шчанне, якое адмяніла папярэдняе. Але завяшчальнік да моманту складання новага завя-шчання быў псіхічна неадэкватным. Як нам адмяніць гэтае новае завяшчанне? 
Пётр ПІСАРЧЫК, г. Віцебск

АДКАЗ. Вам неабходна звярнуцца ў суд з пазовам аб прызнанні здзелкі (завяшчання) несапраўднай, дзе даказваць псіхічнае захворванне завя-шчальніка. Як правіла, для гэтага паказанняў сведак недастаткова, неабходныя медыцынскія дакументы. На падставе медыцынскіх дакументаў і тлумачэнняў сведак у дачыненні завяшчальніка будзе праведзена пасмяротная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза. Калі эксперт вызначыць, што завя-шчальнік на момант складання завяшчання не быў здольны разумець значэння сваіх дзеянняў або кіраваць імі, завяшчанне можа быць прызнана судом несапраўдным.

Складаюць пратакол за пратаколам


Інспектары інспекцыі па справах непаўналетніх практычна кожны месяц у нашым гандлёвым аб’екце складаюць пратакол на прадаўца па ч. 6 арт. 12.17 КаАП (продаж піва непаўналетнім асобам). Пасля гэтага аўтаматычна прыцягваюць да адказнасці і дырэктара па ч. 7 арт. 12.17 КаАП (незабеспячэнне кантролю над прадаўцом). Нягледзячы на тое, што з прадаўцоў пры прыёме на працу мы бяром распіску аб тым, што яны абавязваюцца не прадаваць піва непаўналетнім. Што нам рабіць: пакорліва плаціць штрафы?
Наталля Іванаўна, дырэктар крамы, г. Мінск

АДКАЗ. Каб скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, неабходна мець для гэтага доказы. Якія доказы віны прадаўца інспектары паказваюць у пратаколе? Паказанні непаўналетніх? Уласныя прызнанні прадаўцоў? Запісы відэакамер? Калі няма доказаў здзяйснення прадаўцом правапарушэння, смела абскарджвайце пратакол.

Пошліна за рэгістрацыю таварнага знака 


Я хачу падаць заяўку на рэгістрацыю таварнага знака. Аднак патэнтная пошліна для аднаго класа Міжнароднай класіфікацыі тавараў і паслуг для рэгістрацыі знакаў складае 100 долараў за падачу заяўкі і 350 — за правядзенне экспертызы. Ці ёсць нейкія льготы па аплаце пошліны, калі я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь? 
Ігар ВЕРАМЕЙЧЫК, г. Мінск 

АДКАЗ. Няма. На жаль, ільгот для фізічных асоб і грамадзян Рэспублікі Беларусь як такіх для аплаты патэнтных пошлін Падатковы кодэкс не ўтрымлівае. Аднак у выпадку падачы заяўкі на рэгістрацыю таварнага знака ў электронным выглядзе (нацыянальная рэгістрацыя) вы аплачваеце 85% ад названых патэнтных пошлін. У выпадку ж падачы заяўкі на міжнародную рэгістрацыю таварнага знака такой льготы ўжо няма.

Скасаванне дагавора падраду на стварэнне інтэрнэт-сайта


Быў складзены дагавор на стварэнне вэб-сайта, які ўяўляе сябой інтэрнэт-краму. З боку выканаўцы выступала таварыства з абмежаванай адказнасцю, я ў да-дзеным выпадку падпісаў дагавор як iндывiдуальны прад-прымальнiк. Тэрмін, устаноўлены дагаворам на стварэнне сайта, — 20 рабочых дзён з моманту пералічэння перадаплаты. Перадаплата мной пералічана 31 жніўня 2014 года. Прайшлi месяцы, выніку няма. У дамове паказана, што за пратэрміноўку выканання работы за кожны пратэрмінаваны дзень спаганяецца 1,5% ад усяго кошту працы. Ці маю я права на спагнанне дадзенай няўстойкі, а таксама патрабаваць ад выканаўцы скасавання дамовы са спагнаннем упушчанай выгады ў судовым парадку? 
Віктар Іванавіч, г. Мінск

Генадзь ФІЛАНОВІЧНа пытанне адказвае Генадзь ФІЛАНОВІЧ, кандыдат юрыдычных навук, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў  

Паміж вамі і выканаўцам заключаны дагавор падраду на выкананне работ па стварэнні інтэрнэт-сайта. Дадзеныя дамовы рэгулююцца нормамі раздзела 37 Грамадзянскага кодэкса (далей — ГК). 

У адпаведнасці з артыкулам 662 ГК канчатковы тэрмін выканання работы паказваецца ў дамове падраду. Выканаўца, у асобе таварыства з абмежаванай адказнасцю, нясе адказнасць за парушэнне канчатковага тэрміну выканання работ. Пры гэтым дадзены тэрмін можа быць зменены, калі гэта прадугледжана самой дамовай. Адказнасць за пратэрміноўку ў вашым выпадку надыходзіць у выглядзе няўстойкі, гэта значыць таварыства з абмежаванай адказнасцю  абавязана выплаціць вам у выпадку пратэрміноўкі перадачы інтэрнэт-сайта пеню, прадугле-джаную дамовай. 

Акрамя таго, у выпадку пратэрміноўкі канчатковага тэрміну перадачы вы маеце права адмовіцца ад прыняцця інтэрнэт-сайта і патрабаваць кампенсацыі страт у выпадку, калi выкананне страціла для вас цікавасць (напрыклад, ужо замовілі інтэрнэт-сайт у іншай арганізацыі). Да страт адносяць не толькі рэальную шкоду, але і неатрыманыя даходы, якія  атрымалi б пры звычайных умовах грама-дзянскага абароту, калі б  права не было парушана (упушчаная выгада). Дадзенае права прама замацавана ў пункце 3 артыкула 662 i пункце 2 артыкула 376 ГК. 

Разам з тым судовая практыка эканамічных судоў сведчыць аб тым, што не пры любых умовах вы маеце права на дадзеныя патрабаванні. Любы дагавор — гэта ўзаемныя абавязацельствы бакоў. Калі дамовай прадугледжана зацвярджэнне тэхнічнага задання з вашага боку, перадача ва ўстаноўленыя дагаворам тэрміны выканаўцу якіх-небудзь матэрыялаў, узгадненне прамежкавых макетаў дызайну і іншыя падобныя дзеянні, якія вы не выканалі ці пратэрмінавалі, то ў гэтай сітуацыі можа паўстаць сустрэчнае патрабаванне выканаўцы аб невыкананні дагавора менавіта з вашага боку. Усё гэта будзе прадметам даследавання ў судовым пасяджэнні, і эканамічны суд можа на падставе пункта 3 артыкула 376 ГК прызнаць, што выканаўца не пратэрмі-наваў выкананне дагавора, паколькі пратэрміноўка мела месца з вашага боку, і няма падстаў для скасавання дагавора. 

Існуе яшчэ шэраг юрыдычных нюансаў, якія немагчыма прадбачыць пры адказе на ваша пытанне без стараннага вывучэння абставінаў заключэння і выканання дамовы, а таксама перапіскі, якая мела месца паміж бакамі. Я вам рэкамендую з усімі гэтым дакументамі звярнуцца на вочную кансультацыю да адваката для праверкі абгрунтаванасці вашых патрабаванняў, паколькі верагоднасць адмовы вам у падобным пазове не выключана. 

Калі ў групе рызыкі блізкія людзі


Майго мужа збіраюцца ўжо ў другі раз накіраваць у лячэбна-працоўны прафілакторый. Хачу даведацца, ці па-ранейшаму там стаіць вострая праблема з недахопам месцаў і з’явіліся альбо не якія-небудзь змены ва ўмовах утрымання і лячэння? Яшчэ растлумачце, калі ласка, што такое ахоўнае прадпісанне і каму яно выносіцца? 
Ірына Пятроўна, г. Орша

Сяргей КРАСУЦКІНа пытанне адказвае намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі ГУАПП Мiнiстэрства ўнутраных спраў Сяргей КРАСУЦКІ

З адкрыццём двух новых лячэбна-працоўных прафілакторыяў — у Магілёве і Наваполацку — праблема пераліміту ў даных установах практычна вырашана.

У гэтым годзе ў ЛПП накіравана больш за 5,7 тысячы грамадзян, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, у тым ліку 1,2 тысячы жанчын. Гэта адна з мер прававога ўздзеяння ў дачыненні да асоб, якія дапускаюць насілле у сям’і. Акрамя таго, МУС распрацаваны алгарытм работы з асобамі, якія вярнуліся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў, а таксама інфармавання членаў сям’і аб магчымасцях засцярогі ад насілля.

Што тычыцца новых падыходаў, то ў заканадаўства ўнесены змены, якія прадугледжваюць працэдуру датэрміновага вызвалення з лячэбна-працоўных прафілакторыяў. У чалавека, які там апынуўся, зараз з’яўляецца важкі стымул добрасумленна працаваць, праходзіць курс лячэння і не парушаць правілы рэжыму.

Дарэчы, у стане алкагольнага ап’янення здзяйсняецца амаль 80% бытавых злачынстваў. У бягучым годзе зарэгістравана 103 забойствы і 205 наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Кожнае трэцяе з іх здзейснена ў дачыненні да блізкіх. Каб прадухіліць такія злачынствы, МУС сумесна з зацікаўленымі рэгулярна праводзяцца розныя прафілактычныя мерапрыемствы (акцыі «Дом без насілля!», спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Быт», «Увага — узрост!»).

Таксама дзякуючы ўнесеным па ініцыятыве МУС змяненням у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях значна павялічылася (амаль на 36%) колькасць прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за бытавыя правапарушэнні.

У Законе «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» змяшчаецца шэраг новых мер папярэджання насілля ў сям’і, у першую чаргу — ахоўнае прадпісанне. Яно ўстанаўлівае забарону на зносіны, наведванне, высвятленне месца знахо-джання ахвяры, а таксама абавязак грамадзяніна, які здзейсніў насілле ў сям’і, часова пакінуць агульнае з пацярпеўшым жылое памяшканне.

З пачатку дзеяння закона супрацоўнікамі органаў унутраных спраў вынесена 119 ахоўных прадпісанняў да грамадзян, якія ўчынілі насілле ў сям’і, у тым ліку ў 85 выпадках яны часова пакідалi жылое памяшканне. Найбольш актыўна даную норму выкарыстоўвалі ў Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях, дзе яна ўжывалася 19, 20 і 51 раз адпаведна.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter