Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ягор Цыбуля ў горадзе на Няве

Сярод нашчадкаў сялянскага сына з Чэрыкаўскага раёна ёсць інжынер-тэхнолаг, вучоны-генетык, таленавіты півавар, распрацоўшчык сістэм штучнага інтэлекту і чэмпіён Санкт-Пецярбурга па авіяракетамадэляванні
Мой любімы дзядуля — беларус, амаль 70 гадоў жыве ў Піцеры, які ў савецкі час называлі горадам трох рэвалюцый. А размовы пра радню, родавыя карані для мяне цікавыя, бо сама па адукацыі генетык. Сёлета ж успамінаў, аповедаў, праглядаў фотаздымкаў асабліва шмат: Ягору Пракопавічу Цыбулю 7 студзеня споўнілася 90, і ў Кастрычніцкай рэвалюцыі хутка 100-гадовы юбілей. Родам дзядуля Ягор з вёскі з прыгожаю назвай Зоры. З дзяцінства памятаю, як пісалі мы на канвертах адрас радні: Магілёўская вобласць, Чэрыкаўскі раён, вёска Зоры, пасёлак Ямкі. А юбілей стаў добраю нагодай, каб распытаць дзеда пра наш род і тое, як склалася ў яго жыццё.

Ягор Цыбуля, яго жонка Вера і дачка Людміла

Дзед Ягор з павагай успамінае бацькоў: Пракопія Палікарпавіча і Дар’ю Сцяпанаўну. Ён у іх быў шостым, старэйшыя дзеці — Уладзімір, Праскоўя, Алена, Фёдар і Міхаіл. Дзед родам з 1927-га, а ў 1930-м нарадзіліся яшчэ ў сям’і двайняты Коля і Алёша. Усе родавыя карані, распавядае, былі сялянскія, з саміх Зор-Ямак ды суседніх вёсак Замасточча, Камаровічы, Вымач, Латышчына… З інтэрнэту я даведалася, што ў 1929-м у тых месцах утварыўся калгас “Пераможац”: аб’ядналася 240 гаспадарак. У 1940-м у вёсцы Зоры — 86 дамоў, 265 жыхароў. Пад час вайны захопнікі спалілі 12 хат, і некаторых вяскоўцаў пазабівалі, але вёска пасля вайны адбудавалася, і ў 80-я ў Зорах жыло 429 чалавек. Многія працавалі ў моцным калгасе “Бальшавік”, сама ж вёска была адной з найпрыгажэйшых у раёне, з развітой інфраструктурай. Такою, дарэчы, і я памятаю яе — са свайго дзяцінства.

Але вернемся да ўспамінаў дзеда. У родзе сялянскім і да працы, і да тэхнікі заўсёды было паважлівае стаўленне. Палікарп, бацька Пракопа, з галавою быў мужык: працаваў, па словах дзеда, пасля рэвалюцыі “машыністам на чыгунцы ў Рызе”. Пісьменны быў, так што й сам, і сыны яго любілі кнігі, шмат чыталі. Цяга да ведаў рухала па жыцці старэйшага брата дзеда: Уладзімір Пракопавіч паступіў на філасофскі факультэт у Маскоўскі дзяржуніверсітэт! Правучыўся там  нядоўга: пад час калектывізацыі давялося яму вярнуўся ў вёску з-за голаду. Потым была страшная вайна, якая шмат гора прынесла і ў сям’ю Цыбуляў. Усе старэйшыя браты дзеда ваявалі на франтах, і ўсе загінулі. Фатаграфіі Уладзіміра (1912 — прапаў без вестак у 1942-м), Фёдара (1922 – 14.12.1941 загінуў пад Калінінам), Міхаіла (1925 – загінуў 15.2.1945) ёсць у кнізе “Памяць. Чэрыкаўскі раён” (Мінск, 1994). І Алена, старэйшая сястра дзеда Ягора, загінула пад час акупацыі. Праскоўя (звалі яе таксама Паша) і Мікалай усё жыццё пражылі ў роднай вёсцы.

Дзядуля кажа: памятае ўсё, што адбывалася з ім з трох гадоў. І першага свайго каня, і як бегалі дзеці басанож па інеі ў школу, якая была кіламетры за два ад хаты. Вельмі любіў вучыцца, ды вайна перашкодзіла. Добра памятае акупацыю. А калі Беларусь вызвалілі ад ворагаў, то ў снежні 1944-га хлопца прызвалі ў армію: дзявяты клас ён так і не закончыў. Вучыўся ўжо ў снайперскай школе, у горадзе Слуцку. А ў снежні 45-га накіравалі яго служыць на Чарнаморскі флот: радыёметрыстам на крэйсер “Молотов”. Пазней служыў і на Балтфлоце, на крэйсеры “Чапаев”. Ёсць у інтэрнэце, дарэчы, здымкі экіпажа крэйсера “Молотов” з Іосіфам Сталіным і апублікаваныя Рымай Акцябрскай “Радкі дзённікаў П. С. Акцябрскага аб пасляваенных сустрэчах на ЧФ”, яны яшчэ маюць назву “13 гадзін пад сцягам Сталіна”. Гэта быў паход баявога карабля ад Ялты (Лівадыя) да Сочы са Сталіным на борце. Удакладнім: Піліп Сяргеевіч быў у той час Камандуючым ЧФ. Дык вось, і мой дзед — сведка гістарычных падзей 19 жніўня 1947 года: ён таксама ёсць сярод маракоў на здымках.

Ягор Цыбуля з жонкаю. 1952 г.

Памятны для дзеда і год 1949-ы: тады яны з бабуляй маёй, Верай Васільеўнай, пазнаёміліся ў Ленінградзе і пажаніліся. У сакавіку 51-га старшына першай стацці Ягор Цыбуля дэмабілізаваўся. Хацеў стаць інжынерам-механікам, ды не склалася: трэба ж сям’ю ўтрымліваць. Пайшоў працаваць на абутковую фабрыку “Победа”, і ўжо 21 снежня 1951 года ў сям’і нарадзілася дачка Люда: мая мама. У 53-м Ягор Пракопавіч перайшоў працаваць у мантажнае ўпраўленне, у 54-м — у сантэхнічнае. Можа хто скажа, што сантэхнік — прафесія так сабе. Але ж мой дзядуля быў сапраўдным Майстрам водаправодных сетак. Вядома, не касманаўт, але — сумленны і ўмелы працаўнік, заўсёднік Дошкі гонару. І я ганаруся, калі ён распавядае, як удзельнічаў, напрыклад, у рэканструкцыі прыгожага фантана паблізу Эрмітажа ў 70-я гады, у складаных у працах па замене інжынерных сістэм Інжынернага замка, Рускага музея... Усе яго вельмі шанавалі, на пенсію доўга не адпускалі. А ў вольны час дзядуля, маючы залатыя рукі, яшчэ й мэблю рэстаўраваў.

Калі выйшаў на пенсію (у 74 гады!), таксама не сядзеў без справы: працаваў майстрам у НДІ акушэрства, гінекалогіі ды рэпрадукталогіі імя Д. Отта. Апошнія пару гадоў (да 80-і) быў кансультантам, каштоўным спецыялістам па камунікацыях у рэстаране-бровары “Карл и Фридрих”. І сам пабудаваў дом на садовым участку пад Піцерам. З Верай Васільеўнай жывуць яны душа ў душу, даўно адзначылі брыльянтавае вяселле. Дзядуля мой — адзін з найспакойных, разумных і мудрых людзей, якіх я ведаю. У апошнія гады, праўда, сэрца падводзіць: хадзіць доўга не можа. Добрай памочніцай бацькам стала іх адзіная дачка Людміла Ягораўна. Скончыла Тэхналагічны інстытут, замужам за навукоўцам Сяргеем Чарнышом. Працавала да пенсіі інжынерам-тэхнолагам. Нарадзіла дзядулі-бабулі дваіх унукаў: мяне і брата майго Аляксея.

Гэты фантан ля Эрмітажа рэстаўраваў Ягор Цыбуля

Тата наш — чалавек вядомы. Сяргей Іванавіч кіруе лабараторыяй біяфармакалогіі ды імуналогіі насякомых Санкт-Пецярбургскага дзяржуніверсітэта, ён доктар біялагічных навук. Менавіта ён адкрыў лекі супраць герпесу — гэта было яго першае знакавае дасягненне. А цяпер вельмі актыўна ідзе праца ў галіне анкалогіі, дакладней — імунатэрапіі рака. Так што тата ўвесь у навуцы, а мама стала для яго надзейным тылам: акрамя сваёй працы, на ёй дзеці, дом, бацькі... Дарэчы, маме вельмі падабалася бываць у Беларусі. У дзяцінстве яна ўсе летнія вакацыі праводзіла ў вёсцы Зоры, у цёткі Пашы. І я ж там не проста бывала: і карову даіць навучылася, і дранікі рабіць...

Малодшы мой брат, Аляксей Чарныш, яшчэ ў школе займаўся ў гуртку юных заолагаў пры Ленінградскім заапарку. Там, дарэчы, яго падапечнай была знакамітая арангутан-мастачка Моніка. Скончыў біяфак СПБДУ (кафедра біяхіміі) у 2002-м — і ў той жа год пачаў кар’еру памочнікам півавара: у Піцеры тады адкрыўся “стары бровар” рэстарана-бровара “Карл и Фридрих”. У адным з інтэрв’ю Аляксей кажа: “Піваварства – гэта ўвогуле-та й ёсць біяхімія ды мікрабіялогія, таму, калі ў мяне з’явілася магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці півавара, то гэта мне падалося цікавым, і я пагадзіўся”. Мой брат падвышаў кваліфікацыю на броварах Германіі, цяпер ён — прадстаўнік кампаніі Caspary GmbH (піваварнае абсталяванне) у Расіі. Аляксей узначальвае “новы бровар” “Карл и Фридрих”з моманту яго запуску ў 2012-м. Гэта адзін з лепшых піваварных рэстаранаў Пецярбурга. Мой брат не толькі варыць смачнае піва, але й піша артыкулы пра гэта ў спецыялізаваныя часопісы. Ён жанаты, у яго двое дзяцей.
 
Наталля Чарныш
Я таксама, як і Аляксей, закончыла біяфак СПБДУ: тое было ў 1995 годзе. Па спецыяльнасці — генетык. Працавала ў Інстытуце цыталогіі РАН, у БІНІМ СПБДУ. У 2005-м мы з бацькам арганізавалі біяфармакалагічную кампанію “Аллофарм”. Займаемся пошукам, распрацоўкай новых лекавых рэчываў, прататыпамі якіх служаць актыўныя кампаненты імуннай сістэмы насякомых: яны валодаюць процівірусным, проціпухлінным і антыбактэрыйным дзеяннем. Справа незвычайная, патэнцыял у яе — велізарны: каму цікава — зірніце ў інтэрнэт. Мы злучаем традыцыйныя веды з новымі тэхналогіямі. Дарэчы, пра кампанію нашу здымалі нават сюжэт для Discovery Сhannel. Я замужам, і ў мяне растуць двое хлопцаў. Старэйшы, Міхаіл — праграміст, распрацоўвае сістэмы штучнага інтэлекту. А Кірыл займаецца авіяракетамадэляваннем: ён член каманды “Байконур” і чэмпіён па Санкт-Пецярбурзе.

І крыху пра нашу беларускую радню. Дзядулевы браты-сёстры жылі ў Зорах, там і памерлі: у 1998-м не стала Праскоўі Зайцавай (у дзявоцтве Цыбуля), а ў 2003-м — Мікалая. А яго брат-блізнюк Аляксей жыў у горадзе Азбест, памёр у 1997-м. Дочкі цёткі Пашы, Таццяна і Надзея, ездзілі ў вёску да 2015 года: наведвалі, прыбіралі магілы бацькоў і продкаў. Спыняліся ў суседзяў Жмакіных, ды цяпер і Маруся Жмакіна памерла, і яе спадкаемцы дом прадалі. Усе дзеці, унукі дзедавых братоў і сясцёр жывуць у Расіі: у Маскве, Санкт- Пецярбурзе і Екацярынбурзе. У Беларусі ж нікога з блізкіх сваякоў не засталося. Бо з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска Зоры апынулася ў зоне радыеактыўнага забруджвання, была аднесена да катэгорыі “Населеныя пункты ў зоне з правам на адсяленне”. Большасць жыхароў тады й выехала ў чыстыя зоны, а некаторыя — засталіся. Цяпер, ведаю, вёска ўжо рэабілітаваная: там працягваецца жыццё, і хаты ў найпрыгажэйшых мясцінах людзі выкарыстоўваюць як летнія дачы.

Для дзядулі Беларусь — гэта ўспамін-свята. Гэта і Радзіма, і дзяцінства — вясёлае, лёгкае і адначасова цяжкае, таму што галоднае. З цеплынёй успамінае вялікую і дружную сям’ю, у якой усе дапамагалі адзін аднаму, працавалі талакою: разам. А працы ж хапала: толькі пры хаце было 50 сотак: вялікі агарод, садзілі бульбу, сеялі збожжавыя, трымалі жывёлу, птушку. Беларускую мову дзядуля памятае, але кажа, што ў Зорах больш гаварылі на рускай уперамешку з беларускімі словамі. Нават у школе тады, да вайны, родную мову вывучалі толькі ў 3 і 4 класах. Але вось я прашу — і ён ахвотна ўспамінае, што пахать — гэта па-беларуску араць, картошка — бульба, тыква — гарбуз, скворец — шпак… А нядаўна чытаў на памяць верш Мікала Някрасава “Сялянскія дзеці” — спачатку па-руску, потым па-беларуску. (Інтэрнэт падказвае: сапраўды, Алесь Якімовіч пераклаў знакаміты верш у 1938 годзе. — Рэд.). У дзеда й цяпер фенаменальная памяць: не толькі цэлыя паэмы памятае, але й большасць аднавяскоўцаў па прозвішчах-імёнах, роднасных сувязях. Яго мама саліла на зіму грыбы — і сына таксама навучыла: дзед умее рабіць і халодны, і гарачы засол. Асабліва добрыя, кажа, для гэтага рыжыкі ды грузды. Грыбы ў яго атрымліваюцца вельмі смачныя. Збіраць, праўда, сам ужо не ходзіць, але нашы засольвае.

Для маёй мамы Беларусь — таксама Радзіма, ды яшчэ і радня, і блізкія людзі. Праўда, складана ёй па гэты час аддзяліць Расію ад Беларусі: адна ж была краіна. Апошні раз была ў Зорах у 2004-м, а ўсе летнія месяцы мама-школьніца праводзіла ў цёткі Пашы: разам з стрыечнымі сёстрамі Надзяй, Таццянай. Выдатныя, згадвае з цеплынёй, жылі там людзі, не памятае ніводнага дрэннага чалавека. Не было п’яніц, вельмі працавіты народ. І мама прывыкла з раніцы да вечара працаваць. І ўся вёска, дадае, жыла так. Успамінае святы-маёўкі, а яшчэ калектыўную касьбу на лузе паблізу возера: мужчыны й жанчыны, дзеці апраналіся ва ўсё лепшае, і сам пакос быў — як свята. Мужчыны касілі, жанчыны разбівалі пракосы, варушылі сена, потым збіралі яго ў стагі. Было вельмі весела. Помніцца ёй Радаўніца — дзень памінання продкаў, чаго ў Расіі мама не бачыла. На магілах рассцілалі ручнікі, ставілася ежа. Пры кожнай магіле збіраліся сваякі, могілкі пераўтвараліся ў месца зносін людзей, якія даўно не бачыліся. Вельмі светлыя ўспаміны. Мама заўсёды была надзвычай энергічнай: працавала, захаплялася ўладкаваннем саду, займалася ўнукамі. Думаю, яшчэ й таму рана пазношваліся ў яе каленныя суставы — прыйшлося рабіць аперацыю.

Кірыл адпрацоўвае пасадку касмічнага карабля

Беларусь для мяне — гэта месца, адкуль ідуць мае родавыя карані, адкуль бралі й бяруць сваю мудрую, прыгожую сілу вельмі любімыя й паважаныя мной дзядуля, мама. Усе беларускія сваякі, якіх я ведала, адрозніваліся вялікай любоўю да жыцця, уменнем годна спраўляцца з рознымі цяжкасцямі. Таму Беларусь асацыюецца ў мяне з такімі людзьмі. Асабліва ўспамінаю дзядулевага брата Мікалая ды яго жонку Таццяну, вельмі добрых і спакойных людзей. З бабуляй Таняй-даяркай хадзіла я на ферму, яна ж мяне навучыла даіць кароў. Першы раз у жыцці там я паспрабавала сырадой, духмяны хатні хлеб… З дзядулем Колем пасвіла кароў — дагэтуль памятаю: яркія фарбы луга, краявіды... Мне гадоў 12, і я была ў вёсцы сваёй. Дзед Ягор яшчэ раней, у садаводстве пад Ленінградам, зрабіў мне хадулі. Я іх асвоіла вельмі добра, а калі прыехала ў вёску, то ўзяла хадулі ў суседскага хлопчыка, стала на іх ды абагнала ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак. А бабуля Паша навучыла мяне гатаваць дранікі. Яшчэ памятаю асаблівы смак хатняй каўбасы: яе нам кожны год дасылалі з вёскі.

Цяпер і я, і мой брат шмат ездзім за мяжу. Кампаніяй “Аллофарм”, якую мы з бацькам стварылі, я кірую з часу заснавання: 10 гадоў была гендырэктарам, цяпер вызначаю стратэгію развіцця, таму часта з’язджаю па справах, жыву на некалькі краін. Раней дзядуля Ягор часта ўспамінаў прымаўку: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Маўляў, не трэба ад радні надоўга адрывацца. Пасмейваліся мы, што й сам жа ён апынуўся далёка ад роднай вёскі. Хоць духоўная повязь у яго з Беларуссю, з роднымі людзьмі па гэты час вельмі моцная. Цяпер, аднак, дзеда Ягора падарожжы нашы не так напружваюць: зразумеў, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць нам нават святы адзначаць разам, знаходзячыся на розных кантынентах. Бо галоўнае — каб пачуцці роднасныя ў нас былі. Ну а словы радня, Радзіма, як вядома, з таго ж кораня.

Наталля Чарныш, г. Санкт-Пецярбург

Голас Радзімы № 42 (3546), чацвер, 2 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter